Аб тым, як сацыяльныя актывісткі сутыкаюцца з сілавымі структурамі і судовымі, якія, па сутнасці, з’яўляюцца карнымі ў нашай краіне і абсалютна залежаць ад першых, расказала 23-гадовая Марына Насенка.

Марына Насенка. Фота fb. com

Вясновыя пратэсты ў Беларусі — першая публічная спроба грамадства агучыць шэраг сацыяльных праблем, з якімі людзі пачынаюць сутыкацца ўсё часцей — бясконцыя падаткі (для прадпрымальнікаў i для «дармаедаў»), рост цэн, нявыплата заробкаў, недахоп працы і гэтак далей. Выразіць незадаволенасць сваім сацыяльным становішчам з-за дзеянняў улады — натуральнае жаданне грамадства. Але замест дыялогу дзяржава пагарджае правамі і свабодамі сваіх грамадзянаў і душыць любыя спробы выказвання.

Аб тым, як сацыяльныя актывісткі сутыкаюцца з сілавымі структурамі і судовымі, якія, па сутнасці, з’яўляюцца карнымі ў нашай краіне і абсалютна залежаць ад першых, расказала 23-гадовая Марына Насенка.

Я таксама патрапіла пад вясновыя жорны рэпрэсій. Напярэдадні чарговай акцыі супраць падаткаў на дармадства (15 сакавіка) была затрымана прэвентыўна (14 сакавіка), як патэнцыйная актыўная ўдзельніца.

Марыну абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы недармаедаў 17 лютага па артыкуле 24.34 (несанкцыянаванае мерапрыемства).

Так, раніцай 14 сакавіка я выйшла са свайго пад’езда, пад якім стаяў бус, прайшла да аўтобуснага прыпынку і была затрыманая групай АМАПа з 5 чалавек.

Пад час судовага працэсу сведкамі ў такіх справах з’яўляліся, як заўжды, міліцыянты. На пытанне, чаму не прыклалі да матэрыялаў справы фота- і відэазапісы, якія яны рабілі на акцыі, міліцыянт адказаў суду:

А што, маіх словаў недастаткова?

Такім чынам, Марына атрымала 12 содняў за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Я пужаю ўлады настолькі, што яны гатовы выдзяліць асобныя машыны і людзей, каб сачыць, траціць бензін і плаціць служкам (14 сакавіка як мінімум 5-ці людзям) дыктатуры.

Марына адбывала пакараньне ў ЦІП на Акрэсьціна, а потым на ІЧУ Жодзіна. Жанчына падавала апеляцыю на адміністрацыйнае правапарушэнне, пісала скаргі ў МУС, Міністэрства здаровааховы, гігіены і эпідеміялогіі на меры ўтрымання і якасць ежы. Таксама ў пракуратуру за неправамерныя дзеянні пад час утрымання (на Жодзіна ў актывістаў і актывістак бралі сліну на ДНК). Ва ўсіх скаргах было адмоўлена за «невыяўленыя правапарушэнні».

Такім чынам, ніводная арганізацыя ў краіне не можа дазволіць сабе пайсці насуперак волі сілавых структур, якія карыстаюцца першаснай падтрымкай (матэрыяльнай і маральнай) дыктатара і кіруючых колаў улады, бо з’яўляюцца галоўнымі іх абаронцамі.

Як вынік, я разам са сваімі паплечнікамі і паплечніцамі бачым шматлікія парушэнні правоў і свабодаў, замоўчванне фактаў, невыкананне мінімальных нормаў у дачыненні да тых, хто пайшоў насуперак праўладнай пазіцыі.

Вольга Раманава,
«Наш Дом»