Журналістам незалежных СМІ у нашай краіне ўсё цяжэй выконваць свае абавязкі. На адны мерапрыемствы могуць не пусціць, а на іншых – затрымаць, як тое было падчас сакавіцкіх акцый. І нікога не турбуе, што карэспандэнт займаецца сваёй работай, а яго арышт супярэчыць нормам міжнароднага права.

Сваю гісторыю нам расказала Ірына Міхайлоўская (імя і прозвішча зменена па просьбе рэспандэнта).

Ірыне 32 гады, яна мае вышэйшую адукацыю і працуе журналістам ў незалежным СМІ. У сакавіку жанчына таксама была на працы, а 18 сакавіка яна накіравалася ў Барысаў: паступіла інфармацыя, што анархісты будуць праводзіць акцыю пратэсту, заклікаць людзей выйсці на плошчу і тым самым дэманстраваць, што страху ў грамадстве больш няма.

Трапіўшы ў цэнтр горада, Ірына ўбачыла, што на акцыю ніхто не выйшаў. Жанчына рабіла рэпартаж з пустой плошчы, калі да яе падышлі міліцыянеры і запатрабавалі паказаць дазвол на здымкі ад якой-небудзь арганізацыі. А хто ў прынцыпе можа даць такі дазвол? Да таго ж кожны чалавек мае права на збор і распаўсюд інфармацыі, тым больш што плошча не рэжымны аб’ект. Але ж даказаць гэта людзям у форме немагчыма. І толькі потым Ірына даведалася, што міліцыянеры атрымалі канкрэтны загад яе затрымаць за тое, што працуе ў незалежным СМІ.

«Менавіта ў рэгіёнах да нас заўжды ставяцца з “асаблівай увагай”, – зазначыла Ірына. – Ці выслужыцца хочуць, ці перастрахоўваюцца, ды баяцца нешта прапусціць, ці папросту не ведаюць, што мы нічога не парушаем».

Міліцыянеры папярэдзілі журналістаў, што калі яны адмовяцца ехаць у аддзяленне, то гэта будзе разгледжана як непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. І калі за працу без акрэдытацыі карэспандэнтам пагражае штраф, то ў гэтым выпадку можа быць і арышт. А там ужо і да супраціўлення супрацоўнікам міліцыі недалёка.

«Хоць і падпарадкоўвацца мы мусім толькі законным патрабаванням, паспрабуй дакажы пасля, што яны былі незаконныя», –  зазначыла Ірына.

Журналісты селі ў міліцэйскі аўтамабіль. Там убачылі яшчэ аднаго мужчыну, які прадставіўся «супрацоўнікам зацікаўленых органаў» і здымаў усё на відэа.

А калі ўжо ў РАУС меўся адбыцца вобшук, на змену гэтаму «супрацоўніку» прыйша з камерай жанчына. Ірыне загадалі распрануцца, але яна сказала, што перад камерай гэта рабіць не будзе. Жанчыны-міліцыянеры ажно разгубіліся, відаць, не часта затрыманыя так сябе паводзяць. Па меркаванні супрацоўніц міліцыі, нічога абуральнага і надзвычайнага не адбывалася, хаця потым, паразважаўшы, яны дазволілі Ірыне застацца апранутай, але камеру не выключылі. Мацалі журналістку вельмі старанна. Шукалі тэлефон, які яна пакінула перад уваходам ў РАУС свайму калегу.

Суд над Ірынай праходзіў па месцы яе рэгістрацыі ў Мінску. Сведкамі на працэсе выступілі міліцыянеры, якія затрымлівалі карэспандэнта. Жанчыну абвінавачвалі па артыкуле 22.9 (незаконны выраб прадукцыі СМІ) КаАП РБ, фота і відэа здымаць не дазволілі, нават на калідорах па-за працэсам, чым, па меркаванні Ірыны, зноў парушылі яе правы. Прадказальна: журналістку прызналі вінаватай. Суддзя Сяргей Крупец прысудзіў выплаціць штраф – 40 базавых велічыняў (Br 920).

25 сакавіка Ірына ўжо была ў Віцебску: асвятляла падзеі, што адбываліся ў цэнтры горада. Журналістку зноў затрымалі і адвезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна. Там жанчына правяла чатыры з паловай гадзіны, хаця калегам, якія шукалі Ірыну, міліцыянеры схлусілі, што жанчыну адпусцілі. Пры гэтым журналістцы пагражалі, што накіруюць ліст у аддзел сацапекі па месцы жыхарства, каб там праверылі яе сям’ю (у карэспандэнта двое дзетак).

Суд над журналістам меўся адбыцца ў Віцебску, але Ірына на яго не паехала. Завочна жанчыну прызналі вінаватай ў парушэнні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ, і суддзя Кастрычніцкага суда Віцебска Уладзімір Царыкаў прызначыў выплаціць 25 базавых велічыняў.

На жаль, сітуацыя, у якую трапілі Ірына, даволі тыповая для нашай рэчаіснасці. Напрыклад, мы пісалі пра журналістку Ганну Дусь, якая таксама не змагла выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Вольга Раманава,
«Наш Дом»

Ваш электронный адрес не будет опубликован. Обязательные поля отмечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.