Нават калі вакол руіны, нават калі вайна, прафесія журналіста прымушае рабіць сваю працу насуперак любым абставінам. Тым, хто паказвае нам, што адбываецца менавіта зараз, без флёру і хлусні, не перашкаджаюць, бо гэта – прафесійны абавязак
Але падзеі, звязаныя з маршамі недармаедаў і Днём волі ў Беларусі пераканалі нас, што гэта не заўсёды так. І нават журналісты не пазбаўлены рызыкі быць затрыманымі, калі выконваюць свае прафесійныя абавязкі. І з перашкодамі можна сутыкнуцца не толькі пад час акцыі, але нават і ў судзе.
Ганна Дусь. Фото з асабістага архіва
Ганна Дусь, журналістка-фрылансер і супрацоўніца «Бабруйскага кур’ера», апынулася ў сітуацыі, калі патрапіць на суд і выканаць свой прафесійны абавязак аказалася немагчыма. 23 сакавіка па заданні рэдактара Ганна, разам з журналістам «Бабруйскага кур’ера», Віктарам Качанам, прыйшла на суд над старшынёй бабруйскай філіі прафсаюза РЭП Галінай Смірновай, каб асвятляць працэс. Калегі сутыкнуліся з нечаканымі перашкодамі з боку супрацоўнікаў пракуратуры.
«Каля будынка суда чакалі яшчэ некалькі актывістаў, у тым ліку муж затрыманай. Прыблізна а 15 гадзіне прыехаў падпалкоўнік Сяргей Рудзько і паведаміў, што суд над Галінай Смірновай адбудзецца ў іншы дзень, а потым скамандаваў усім грузіцца ў міліцэйскі бус», — распавядае Ганна.
Рудзько сказаў, што журналісты павінны праехаць нібыта для «прафілактычнай гутаркі» з пракурорам. Ганна і Віктар, канешне, спрабавалі давесці, што здзяйсняюць тут свае прафесійныя абавязкі, але падпалкоўнік праігнараваў іх словы.
«У выніку нас усіх пагрузілі, у тым ліку з намі паехаў сабака Віктара Качана… было і смешна, і сумна».
Журналістаў адпусцілі толькі пасля званкоў з боку галоўнага рэдакатара “Бабруйскага кур’ера”. Аднак Віктару Качану прыйшлося напісаць заяву, у якой ён паведаміў аб парушэнні сваіх журналісцкіх правоў, запатрабаваў праверку і прыняцце пэўных мер.
Віктар Качан. Фота з асабістага архіва
Прафілактычная гутарка з журналістамі так і не адбылася, але дастаўленых разам з імі актывістаў папярэдзілі аб тым, што ў выпадку арганізацыі «Марша недармаедаў», яны будуць прыцягнутыя да адказнасці. А потым усіх адпусцілі.
Адразу пасля затрымання галоўны рэдактар «Бабруйскага кур’ера» праінфармаваў аб непрыемным выпадку пракуратуру і УУС, запатрабаваўшы не перашкаджаць больш працы эжурналістаў. Таксама аб грубым парушэнні журналісцкіх працоўных правоў былі праінфармаваныя Беларуская асацыяцыя журналістаў і незалежныя СМІ.
Нягледзячы на тое, што ганна і Віктар адразу патлумачылі супрацоўніку міліцыі, што здзяйсняюць свае працоўныя абавязкі і паехалі з Рудзько па прымусу, з Бабруйскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Віктар Качан атрымаў на сваю скаргу праз некалькі дзён такі адказ:
«… довады заяўніка не ўтрымліваюць звестак аб відавочна супрацьпраўных дзеяннях з боку супрацоўніка УУС Бабруйскага гарвыканкама Рудзько С. В. Так, згодна з тлумачэннямі Качана В. М., ён сам добраахвотна прайшоў у пракуратуру г. Бабруйска па просьбе міліцыі».
Пазней з боку Следчага камітэта па скарзе ад 23 сакавіка Віктар Качан атрымаў адразу два абгрунтаванні нечаканаму затрыманню журналістаў. Як паведаміў сайт БАЖ, у адказе з Бабруйскага міжраённага аддзела Следчага камітэта паведамлялася:
«Устаноўлена, што вашы заявы не ўтрымліваюць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынстваў, прадугледжаных нормамі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а з’яўляюцца скаргай на дзеянні службовай асобы УУС Бабруйскага гарвыканкама, які ажыццяўляў прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым адсутнічаюць падставы для правядзення праверкі…»
У другім адказе, які прыйшоў з боку УУС Бабруйскага гарвыканкама было пазначана:
«Падчас праверкі было ўстаноўлена, што начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Рудзько С. В. вашай законнай прафесійнай дзейнасці не перашкодзіў і з яго боку адсутнічаюць супрацьпраўныя дзеянні».
Нагадаем, што артыкул 198 УК РБ устанаўлівае пакаранне за перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, за ўціск яго правоў і законных інтарэсаў.
Вольга Раманава,
«Наш Дом»