Тыя, каму не пашчасціла паспытаць гасціннасць нашых “праваахоўных” органаў…

Ёсць на Беларусі такая традыцыя: абавязкова, да любога свята, ладзіць парад. Хоць які, але ж парад. Самы памятны нам «парад» адбыўся ў гэтым годзе не на Дзень Перамогі і не на Дзень міліцыі, а на свята, якое ў нашай краіне лічаць «апальным». Безумоўна, страшэнны “парад” на юбілейны Дзень Волі нам цяпер не забудзецца ніколі: грукат зброі, жудасныя аўтазакі, крыкі і гвалт, і ў эпіцэнтры гэтай катастрофы людзі.

Мы працягваем расказваць пра жанчын, якім не пашчасціла 25 сакавіка адчуць на сабе гасціннасць мінскіх РУУС. Наша наступная гераіня, Марына Адамовіч, рассказала, як яе затрымалі падчас акцыі на рагу вуліц П. Броўкі і праспекта Незалежнасці падчас спробы прайсці да Акадэміі навук. Жанчыне пашанцавала больш за Ганну Іванаву з папярэдняй гісторыі, паколькі яе «прынялі» не так груба.

Мяне проста ўзялі за локці, прыўзнялі і дастаткова ашчадна занеслі ў аўтобус, які быў побач. Там нас пратрымалі каля дзвюх гадзін, дакладней не скажу, – распавяла нам Марына.

У Фрунзенскім РУУС, куды трапіла жанчына, людзей прымушалі стаяць тварам да сцяны, у расцяжцы. Але, як адзначыла Марына, большасць міліцыянтаў паводзіла сябе спакойна:

Шчыраваў толькі адзін прапаршык сярэдняга ўзросту: біў людзей па нагах, штурхаў.

Марыну Адамовіч завялі ў памяшканне спортзалы ў РУУС, пачалі апісваць і забіраць рэчы, здымаць адбіткі пальцаў, не зважаючы на тое, што ўжо бралі раней. У гэты ж час вырашаўся і далейшы лёс затрыманых: з некаторых бралі тлумачэнні і адпускалі, на іншых складалі пратаколы.

Нейкі афіцэр загадаў і на мяне складаць пратакол. На кожнае са стандартных, загадзя набраных на кампутары абвінавачванняў, я пакінула пісьмовыя абвяржэнні., патлумачыла Марына.

Калі жанчына запатрабавала копію пратакола, ёй адмовілі і папярэдзілі, што пазнаёмяць з паперай у судзе. Марына адмовілася выходзіць з памяшкання без пратакола:

Мяне спрабавалі выцягнуць, але па загаду афіцэра адпусцілі і раздрукавалі з кампутара «фількіну грамату» – на пустым лісце паперы тыя самыя стандартныя абвінавачванні, без прозвішчаў, сведкаў і гэтак далей. Я запатрабавала подпісаў і пячаткі, тады ўжо мяне проста выцягнулі з кабінета і павялі ізноў у спартзалу, а потым на асабісты дагляд, – патлумачыла Марына.

Дагляд праводзілі тры жанчыны, па словах Марыны, менавіта у гэты час з яе кішэні знікла нават паперка са стандартымі абвінавачваннямі:

Жанчын цікавіла выключна маё паліто. Прычым, яны станавіліся так, каб я не магла бачыць іх маніпуляцый.

Марыну пачалі рыхтаваць да адпраўкі ў Акрэсціна, але жанчыне пашанцавала: раптоўна нешта змянілася, ёй аддалі рэчы і адпусцілі. Было каля 19 гадзін увечары, яна правяла ў РУУС каля пяці гадзін.

Апошнім напамінам пра падзеі 25 сакавіка для Марыны стала павестка, якую яна атрымала праз месяц:

Дарэчы, копіі пратакола мне так ніхто і не даслаў. У суд я, безумоўна, не хадзіла, іншых паперак не атрымлівала. Ці асудзілі мяне завочна, не ведаю, але, мяркую, што не. Інакш бы ўжо судовыя выканаўцы аб’явіліся.

Добрая тая гісторыя, якая добра скончыцца, але, напэўна, затрыманні і РУУС – не той вопыт, які пажадаў бы набыць кожны з нас. І, безумоўна, страшэнна калі нават і несанкцыянаваную акцыю пераўтвараюць у жудасны парад гвалту і дэманстрацыю зброі.

У cваім Фэйсбуку ў чэрвені Марына Адамовіч апублікавала фотаздымак і напісала:

Сённяшні цудоўны вечар мог прымусіць на нейкі момант уявіць, што «жыццё наладжваецца», што «і ў нас, як у людзей». Цёпы вечар, цудоўная музыка, вулічныя кавярні, майстры хэндмэйду, разняволеныя людзі. Каб вось не гэта… Нібыта, дзеля нашай бяспекі.

Нібыта,«адсякаў ад ўезда ў натоўп». Нічога, што «натоўп» быў з супрацьлеглага боку будынка?

Дарэчы, гэты быў не адзіны, другі хаваўся за рогам. Не зразумела, што ён там «адсякаў», прыціснуўшыся да сценачкі. А яшчэ там былі знакамітыя сінія мікрааўтобусы. Ад чаго яны нас баранілі?

Вольга Раманава, «Наш дом»