Журналістка Хрысціна Чарняўская змагаецца супраць здзеку, учыненага з ёй у сакавіку.
Напярэдадні Дня Волі, 24 сакавіка, 29-гадовая Хрысціна Чарняўская, журналіст экалагічнага рэсурса «Зялёны партал», прысутнічала на адкрытым мерапрыемстве па зборы прадуктаў харчавання і неабходных рэчаў для сядзельцаў з акцый пратэсту дармаедаў. У той дзень былі людзі, якія прынеслі прадукты і рэчы, а таксама сваякі і сябры арыштаваных, што прыйшлі нешта ўзяць для перадачы ў турму.
У нейкі момант у будынак зайшлі міліцыянеры і людзі ў штатскім, прычым прадставіўся толькі адзін супрацоўнік. Ва ўсіх затрыманых людзей міліцыянеры праверылі пашпарты і спісалі дадзеныя. Пры гэтым людзі ў форме патлумачылі, што быццам ёсць заява, што тут адбылося злачынства, і што зараз прыйдзе чалавек, які пра яго заявіў. Але замест гэтага з’явіліся людзі ў штацкім і прыехалі тры аўтамабілі: міліцэйская з апазнавальнымі знакамі, мікрааўтобус WV і легкавушка без апазнавальных знакаў.
Затрыманым міліцыянеры сказалі, што трэба праехаць у Маскоўскі РАУС, каб удакладніць дадзеныя. Нягледзячы на тое, што інфармацыю з пашпартоў супрацоўнікі органаў перапісалі на месцы, зразумела, што адмовіцца было немагчыма.
Затрыманых, прыкладна 15 чалавек, прывезлі ў РАУС. Там спачатку хвілін сорак трымалі каля будынка, потым групамі па 3-5 чалавек сталі заводзіць у памяшканне.
Апытанне, вобшук, вопіс рэчаў і складанне пратаколаў адбываліся ўжо ў актавай зале РАУС. Людзі ў форме нікому нічога не тлумачылі. Пасля таго, як былі аформлены ўсе дакументы, былі ўзяты водціскі пальцаў і зроблены фотаздымкі, затрыманых размясцілі ў камерах дзяжурнай часткі, затым, ужо ўначы, перавезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе зняволеныя павінны былі чакаць суда.
Да таго ж аўтамабіль Хрысціны з дапамогай эвакуатара перавезлі ва ўнутраны двор РАУС. У прысутнасці журналіста машыну агледзелі, саставілі пратакол, але копію на рукі Хрысціне не далі.
Суды праходзілі ў наступны дзень з раніцы. Толькі на працэсе Хрысціна даведалася, у чым яе абвінавачваюць: артыкул 17,1 (дробнае хуліганства). Цікава, што сведак на судзе не было: не змаглі прысутнічаць, бо былі занятыя на службе ў Дзень Волі. Але і гэта не перашкодзіла ўсіх падсудных арыштаваць на 12-15 сутак. Хрысціна Чарняўская таксама атрымала 15 сутак.
Журналіст расказала, што ў прынцыпе была да гэтага гатова. Загаддзя дала сваім бацькам кантакты сяброў і праваабаронцаў, а сябрам паведаміла, што ёй патрэбна будзе прынесці, калі прыйдзецца адбываць суткі, і як звязацца з адвакатам.
«Як мне падаецца, калі пачалася хваля пратэстаў, то органы ўлады баяліся любой актыўнасці, любога праяўлення салідарнасці і падтрымкі. Было вырашана хапаць усіх і кожнага і прыціскаць любую спробу выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю», – выказала сваё меркаванне Хрысціна.
Пасля суда арыштаваных ізноў перавезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе правялі асабісты дагляд і ўсе працэдуры.
Пакармілі людзей толькі адзін раз – далі сняданак, а ў камерах ім давялося спаць удваіх на адным матрасе. Спачатку Хрысціна яшчэ з шасцю асуджанымі апынулася ў двухмясцовай камеры, а ноччу пяць чалавек перавялі ў шасцімясцовую камеру, але «падсялілі» яшчэ траіх.
На наступную раніцу арыштаваным зноў далі сняданак, перадалі перадачкі ад родных і перавезлі ў раённы Ізалятар часовага ўтрымання на праспекце Скарыны. А ўжо адтуль Хрысціна патрапіла ў турму ў Жодзіна, дзе адбывала свае суткі да канца, толькі апошні дзень жанчына зноў правяла ў ІЧУ пры аддзяленні
Хрысціна зазначыла, што ўсе падзеі праходзілі ў нейкай атмасферы сакрэтнасці. Ніхто з супрацоўнікаў ні адной з устаноў нічога не тлумачыў, а бацькам, сябрам і адвакату не давалі дакладную інфармацыю, дзе яна знаходзіцца.
«Мяне шукалі праз спецыяльнае Бюро пошуку прапаўшых людзей. Калі мы былі ў раённым ІЧУ у Мінску (на Скарыны), супрацоўнікі пры нас абмяркоўвалі, што калі нехта будзе тэлефанаваць, то трэба адказваць, што ў нікога няма. Вось гэта самае страшнае».
Пасля гэтых падзей журналіст напісала некалькі скаргаў у розныя інстанцыі. У тым ліку яна хоча даведацца, чаму быў эвакуіраваны яе аўтамабіль і чаму ні ёй, ні яе бацькам на працягу некалькі сутак не аддавалі машыну і казалі, што не ведаюць, пра такое аўто.
Хрысціна ўжо атрымала некалькі фармальных адказаў накшталт: «Праведзена праверка ». Але дзяўчына не збіраецца адступаць і плануе з дапамогай юрыстаў «Вясны» пісаць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі.
Вольга Раманава