Словы «воля» і «незалежнасць» у нашай краіне, на жаль, пачуць можна не вельмі часта. Але такая акалічнасць бянтэжыць толькі тых, хто жадае дыхаць на своей роднай зямлі свабодным паветрам, а зрабіць гэта становіцца ўсё цяжэй.

У лютым па ўсёй краіне прайшлі Маршы супраць Дэкрэта №3. Гародня не стала выключэннем. Тут на вуліцы выйшлі сотні беспрацоўных, а таксама простых людзей, неабыякавых да лёсу краіны.

Сярод удзельнікаў акцыі была і Вольга Верамеенка разам са сваім мужам:

«Цяжка сядзець, склаўшы рукі, калі бачыш, што адбываецца побач. Сям’ёй выйшлі на мітынг, каб падтрымаць людзей у барацьбе за справядлівасць».

Вольга Верамеенка разам з мужам. Фота з асабістага архіва

Вольга — рамеснік. Раней працавала выкладчыкам агра-эканамічных дысцыплін у каледжы, зараз увесь вольны час займае творчая праца па валянні з воўны.

«Разам з удзельнікамі акцыі мы прайшлі па Савецкай вуліцы ў Гародні. Кіравалі ў бок выканкама, каб перадаць у адміністрацыю подпісы супраць дэкрэта. Аднак дзверы нам так ніхто і не адчыніў».

Па словах Вольгі, пад час акцыі іх здымалі на камеры нейкія людзі. Потым, як стала зразумела, гэтыя кадры паслужылі доказам на суде.

«Адразу нас ніхто не затрымліваў. Толькі пазней прыйші лісты, дзе было ўказана аб неабходнасці з’явіцца ў аддзел для складання пратаколу».

За ўдзел у акцыі супраць дэкрэту «аб дармаедах» 19 лютага у Гародні, Вольга атрымала штраф 15 базавых аздінак, а яе мужу далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Справу Верамеенкавых разглядаў Ленінскі суд.

«Нас падзялілі на чатыры групы і судзілі асобна. Мы не спадзяваліся на добры зыход справы. Муж загадзя падрыхтаваўся да «сутак» — узяў з сабой рэчы».

Пазней Вольга звярталася ў абласны суд с просьбай адхіліць няправільна складзены адміністрацыйны пратакол, вынесці прыватнае азначэнне суда ў дачыненні несанкцыянаванага назірання за грамадзянамі, а таксама прызначыць праверку па ўказаных фактах. Аднак Вольга ўпэўнена, што ў горадзе адсутнічае дыялог паміж уладай і грамадскімі актывістамі,

«Людзі баяцца сказаць слова. Але не трэба забываць, што тая хата, якая з краю, гарыць заўсёды першая».      

Вольга Раманава