У сакавіку 2017-га беларускі антыфашыст Ілля Валавік быў асуджаны на 10 гадоў узмоцненага рэжыму за сутычку з фанатамі клуба “Тарпеда”. Сёння, 28 траўня, у Мінску адбудзецца прэзентацыя дакументальнага diy-фільма пра моц матчынай любові, гатоўнасці блізкіх заўжды быць побач, пра волю ды цвёрдасць у сваіх перакананнях.
У аснову крымінальнай справы Іллі Валавіка – так званая “справа антыфашыстаў” – пакладзена бойка, што адбылася ўлетку 2014 года. Паводле версіі следства, фанаты неіснуючага клуба “Партызан” на аўтамабілях блакавалі рух тралейбуса, у якім знаходзіліся заўзятары “Тарпеда”. Пасля гэтага яны забеглі ў салон, павыбівалі шыбы, распылілі слязісты газ і накінуліся на “тарпедаўцаў”.
Памер нанесенай шкоды склаў 29 рублёў – гэта кошт выбітай шыбы ў тралейбусе і падранай курткі аднаго з пацярпелых. Пры гэтым, шмат хто з пацярпелых заявілі ў судзе, што гэтакімі сябе не лічаць, а прадпрыемства «Мінсктранс» адклікала іск пра пакрыццё шкоды.
Затрыманага ў красавіку 2016-га Іллю Валавіка абвінавацілі ў зламысным хуліганстве, а таксама ў кіраўніцтве незарэгістраванымі арганізацыямі.
Паводле дадзеных СМІ вядома, што падчас разбору на Іллю чынілі ціск. Яму пагражалі, што завядуць крымінальную справу на ягоную жонку, якая на той момант знаходзілася на апошніх тэрмінах цяжарнасці.
Пасля аб’яўлення прысуду Валавік адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15, дзе працуе на “абіранні дроту ад ізаляцыі”. Паводле інфармацыі ад ягонай маці, у 2018-м за месяц сваёй працы ён атрымліваў 7 капеек.
«Хто такі Ілля і чаму менавіта такія людзі, як ён, знаходзяцца за кратамі? Чаму пасіянарныя асобы не патрэбны ў гэтай краіне?”. У фільме, які зняты сябрамі Іллі, вы знойдзеце адказы на гэтыя пытанні.
МЦГІ “Наш Дом” падтрымлівае гэты праект. Мы паказваем вам трэйлер да фільму:
Праз некаторы час на Youtube-канале НД з’явіцца поўная версія стужкі.
Нагадаем, што прэзентацыя фільма “Партрэт беларускага антыфашыста: Ілля Валавік”адбудзецца 28 траўня ў “Фаланстэр Мінск” па адрасе: вуліца Змітрака Бядулі, 3, 2н. Пачатак а 19-й гадзіне.
Вы таксама можаце падтрымаць Іллю лістом:
Валавік Ілля Ігар’евіч
Слаўгарадская шаша, 183
ПК–15, атрад 11
Магілёў, 212013
«Наш Дом»