«Наш Дом» працягвае серыю публікацый пра «альтэрнатыўных» кандыдатаў (ад апазіцыі) на «выбарах» у мясцовыя Саветы ў нашых гарадах. У Бабруйску сітуацыя з «альтэрнатываю» выглядае гнятліва. Этап рэгістрацыі не прайшлі ўсе кандыдаты ад АГП. Выйшлі «ў фінал» толькі некалькі кандыдатаў ад грамадскіх арганізацый. У аднаго з іх мы ўзялі інтэрв’ю.
Андрэй Архіпенка. Фота http://babruysk.by
Андрэй Архіпенка з’яўляецца актывістам «Гавары Праўду». Ён удзельнічае ў выбарах не ў першы раз. Так, у 2016 годзе Андрусь вылучаўся кандыдатам на парламентскія выбары. На «Выбарах — 2018» ён з’яўляецца кандыдатам па Паркавай выбарчай акрузе № 16.
— Андрусь, распавядзі, калі ласка, крыху пра сябе. Хто ты, адкуль, ці жывеш у той акрузе, па якой вылучаешся?
Усё жыццё я пражыў у горадзе Бабруйску. І ўжо больш за восем гадоў жыву ў акрузе, па якой зараз балатуюся.
— Хто ты па прафесіі?
Па адукацыі я гісторык. У 2014-м скончыў гістарычны факультэт БДУ. Некаторы час я працаваў у сельскай школе ў Міхалёва. Потым — адміністратарам у бабруйскай школе танцаў. А зараз я вывучаю праграмаванне валанцёраў у лічбавай майстэрні «Фаланстэры». Гэта датычыць стварэння сайтаў і іх наладкі.
— Чаму ты балатуешся і якія праблемы хочаш вырашаць?
У маёй акрузе вельмі шмат праблем. Напрыклад, там, дзе я жыву, ёсць праблема з тратуарам. Людзі вымушаны хадзіць па праезнай частцы, бо больш няма па чым. Часта там стаяць супрацоўнікі ДАІ. Яны штрафуюць людзей за тое, што тыя вымушаныя ісці па праезнай частцы. І больш за тое, супрацоўнікі даказваюць людзям, што тратуар існуе.
— То бок, ты балатуешся, каб вырашаць мясцовыя праблемы?
Не толькі мясцовыя. Зараз я пачаў збор подпісаў за ўсталявання помніка Алесю Адамовічу, хадзіў у райвыканкам. Там мяне цалкам падтрымалі. А подпісы збіраю ў аблвыканкам — для атрымання дазвола, і ў Міністэрства культуры.
— Распавядзі, калі ласка, пра сваю акругу. Якія праблемы там ёсць, акрамя той, што ты назваў? Як ты іх, можа, вырашаў раней, да выбараў?
Напрыклад, у некаторых дамах не праводзіліся капітальныя рамонты з моманту іх пабудавання. Нават звароты ў адпаведныя структуры не дапамаглі. Адзін з дамоў усяго толькі пафарбавалі. І, як кажуць жыхары, ўзялі з іх шмат грошаў.
— Андрусь, а ці ёсць у цябе праграма? Якая яна?
Так, праграма ў мяне ёсць. Я імкнуся зрабіць, каб чыноўнікі былі адкрытыя для народу. Таксама варта, каб людзі ведалі свайго дэпутата. Каб маглі звяртацца да яго. Ёсць пункт «сацыяльныя праблемы». Гэта датычыць вырашэння існуючых лакальных праблем. Таксама закранаю развіццё культуры. Сюды ж — і турыстычная прывабнасць Бабруйска. Яшчэ, калі мяне абяруць, то ўзнімем пытанне крэпасці.
— А што ты прапануеш зрабіць для сваёй акругі?
Зрабіць нармалёвыя дарогі. Дзіцячыя пляцоўкі таксама патрэбныя. Гэтыя пытанні стаяць востра.
— Уяві сабе: цябе абралі. Якой будзе твая праца?
Я ўжо зараз збіраю праблемы па сваёй акрузе. У мяне ёсць анкеты. З ёй хаджу па акрузе, распытваю людзей пра праблемы. І калі мяне абяруць, я буду сістэматычна вырашаць іх. Прычым рабіць гэта трэба так, каб яны зноў не ўзнікалі. З гэтым буду працаваць у першую чаргу.
— Як ты будзеш інфармаваць людзей? Каб яны ведалі пра твае дзеянні і магчымасць звароту да цябе.
Ёсць афіцыйныя часы прыёма. Але, улічваючы, што на іх ніхто не ходзіць, буду інфармаваць праз сацсеткі. На сайтах бабруйскіх газет таксама. То бок, буду рабіць справаздачу.
— Ты збіраешся даваць справаздачу грамадзянам. А на колькі часта?
Адзін ці два разы на месяц. Залежыць ад аб’ёму зробленага. Таксама збіраюся зрабіць сайт. Там можна будзе даслаць свае праблемы. Так будзе лягчэй знайсці мяне выбаршчыкам і жыхарам горада.
— Ці будзеш праводзіць перад выбарнікамі справаздачу два разы на год? Прычым сабраўшы іх у адным месцы.
Я магу гэта рабіць. Няхай людзі пытаюцца, што я зрабіў. Няхай выказваюць свае праблемы.
— Андрусь, як ты бачыш свае шанцы прайсці ў Савет?
На маёй акрузе, акрамя мяне, яшчэ два кандыдаты. Адзін — дзеючы дэпутат, дырэктар авіяклубу «Авіятар». Падчас ягонага дэпутатства нічога не змянілася. Другі — дырэктар дзіцячага сада № 26. Пра яе ўвогуле нічога не ведаю, бо няма інфармацыі. Я лічу, што шанцы даволі вялікія пры сумленных выбарах.
— Ці праводзяць агітацыйную кампанію твае супернікі? І як праводзіш яе ты?
Я выступіў на радыё. Праводжаю пікеты. Зраблю зварот у гарвыканкам, каб зрабілі тратуар па вуліцы Дзімітрава. Праводжаю пакватэрнае апытанне пра праблемы. Правяду сустрэчы, дапамагу іншым кандыдатам, напрыклад, Дзянісу Худаўцу. Гэта прыблізны план мерапрыемстваў, якія я буду праводзіць.
Таксама Андрэй Архіпенка збірае подпісы за ўсталяванне помніка Алесю Адамовічу. Як ён кажа, райвыканкам выказваецца за ўсталяванне. Цяпер засталося падаць калектыўны зварот у абласны выканаўчы камітэт.
«Наш Дом