— Вось, паглядзіце, — кажа жанчына актывісту «Нашага Дому», — тут па ўсёй столі былі плямы. Заўжды падцякала. Пяты паверх усё-такі. Таксама рагавое распалажэнне кватэры дае пэўныя мінусы. І таму варта было б уцяпліць рагавыя кватэры ўвогуле. А яшчэ каналізацыя дрэнная, у любы час можа прарваць.
«Нашдомавец» прыйшоў да жыхаркі свайго шматкватэрнага дому. Прычынай стала збіранне іншымі ўласнікамі подпісаў за капітальны рамонт. Дом быў здадзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 1967 годзе. За гэты час ніякага капітальнага дагляду будынка не было. Хаця згодна з ТКП 45–1.04-14-2005 (Дадатак К) капітальны рамонт павінны былі ажыццявіць ужо два разы.
Жанчына мела намер адправіць зварот на гэтую тэму ў адпаведныя структуры. Да справы падключыліся іншыя жыхары. Прыйшлі ў кватэру актывіста, каб узяць ягоны подпіс. «Нашдомавец» вырашыў ім дапамагчы. І вырашыў не ад безлічы вольнага часу. Зварот быў складзены зусім няправільна. Дый аркушы для збірання подпісаў неакуратныя. Таму актывіст узяў гэты зварот, каб папрацаваць над ім.
Палова працы ўжо была зроблена. Актывісту засталося вывучыць названыя ў тэксце ліста заканадаўчыя акты. Іх было тры. Спатрэбілася толькі ўнікнуць у сутнасць тэксту. Дый скласці шаблон звароту. Дакладней, гэта быў амаль гатовы тэкст. Уставіць імя-прозвішча адпраўшчыка, адрас — і можна адпраўляць.
Вядома, «нашдомаўцу» прыйшлося кансультавацца са спрактыкаванымі людзьмі. Бо адна справа напісаць, зусім іншая — атрымаць станоўчы вынік. Актывісту параілі ўвогуле змяніць сам працэс. Бо для атрымання станоўчага выніку трэба зусім па-іншаму арганізоўваць працу. Аднак тое было не мажліва. Жыхары спяшаліся як мага хутчэй данесці сваю праблему да ўладаў.
Прычым хацелі яны апавясціць чыноўнікаў на вышэйшым узроўні. А менавіта — Адміністрацыю прэзідэнта. Бо лічаць, што на месцы нічога не даб’ешся. Як высветлілася ў выніку, актывіст не змог пераканаць жыхароў у іншым.
Але працягнем па парадку.
Зварот быў падрыхтаваны. І «нашдомавец» адправіў яго жыхарцы-ініцыятару на электронную скрыню. (Дарэчы, жанчына, не гледзячы на пенсійны ўзрост, добра карыстаецца камп’ютэрнай тэхнікай.) У сваім лісце актывіст папрасіў спадарыню прагледзець тэкст і дадаць у яго ўласныя дадзеныя. А калі яна ўбачыць нейкія недакладнасці ці захоча штосьці памяняць — напісаць пра тое ў лісце. (Трэба яшчэ агаварыць, што падчас уласнай сустрэчы былі абумоўленыя тры асноўныя праблемы. Пра іх вырашылі й напісаць у звароце.)
Мінула больш за два тыдні. Адказу ад жанчыны актывіст не атрымаў. Таму вырашыў зайсці да яе сам.
— Ці атрымалі Вы зварот на электронную скрыню? — кажа «нашдомавец».
— Так. Але я не чытала яго, — прагучала ў адказ. — У мяне няма часу гэтым займацца. Таму адправіла ўсё ў Мінск. І мне ўжо патэлефанавалі адтуль. Кажуць, што збіраюць камісію па гэтым пытанні. А яшчэ напішуць пра тое ў рэспубліканскіх СМІ.
— Усё зразумела. Бывайце здаровы! — адзінае, што знайшоў сказаць актывіст.
Беларуская рэальнасць аказалася своеасаблівай. Ва ўсім, што адбылося, можна заўважыць заканамернасць. Вельмі часта даводзіцца чуць пра бессэнсоўнасць звароту да мясцовых уладаў. Маўляў, іх пакуль зверху не варухнуць, нічога рабіць не хочуць.
Але ж дзейнасць актывістаў «Нашага Дому» даказвае супрацьлеглае. Можна прагледзець сайт https://nash-dom.info і ўпэўніцца, што мясцовыя ўлады працуюць. Толькі правільна «прасіць» трэба.
Абмалюем сітуацыю фарбамі. Паглыбімся ў сутнасць праблемы. Шмат хто з навукоўцаў адзначае сям’ю, як адну з галоўных каштоўнасцяў беларусаў. Для прыкладу — кніга «Лёс беларускай правінцыі. Сацыялагічны аналіз», пад агульнай рэдакцыяй Смірновай. Сыходзім з названай каштоўнасці і выкарыстоўваем розныя крыніцы, якія не супярэчаць названай кнізе.
Паняцце прасторы для беларусаў мае канкрэтныя межы. І вызначаны яны кватэрай, пакоем, сям’ёй, працоўным калектывам… Усё, што за імі — успрымаецца, як чужое. Таму яно не надта хвалюе. Нават калі мае пэўнае дачыненне да жыцця чалавека. Адпаведна й патрэбы беларус забяспечвае тыя, што ўваходзяць у межы ягонай прасторы.
Заўважым, што беларусы — інтраверты. Пра гэта кажа і спн. Чарняўская ў сваёй рабоце «Беларусы: ад тутэйшых — да нацыі». Дый замежнікі заўважаюць тое ж. Напрыклад, былы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнел.
Вось і атрымліваецца, што беларусы (у большасці сваёй) — замкнёныя людзі. І такая акалічнасць, як двухвекавы прыгнёт, абсекла ўвогуле разуменне наваколля. Таго наваколля, што знаходзіцца па-за межамі прасторы канкрэтнага беларуса. (Трэба адзначыць непарушнасць маленькай прасторы нашага народа. Менавіта гэта дазваляе трымаць яго ў стане прыгнечанасці.)
Абмалюем яшчэ адну рысу інтравертаў (а значыць — беларусаў). Недаверлівасць. Запомнім тое, бо ў сітуацыі з нашымі актывістамі гэта — важная асаблівасць.
Адзначым яшчэ адзін момант. Якасці кожнага народа вызначае геаландшафт. (Для азнаямлення з гэтай тэмай можна прачытаць артыкул сп-ва Герасіменка і Гладкага. Яго назва — «Ландшафтны фактар фарміравання этнакультурнага асяроддзя».) Асноўная рыса Беларусі — балоты. Яны сфармавалі пэўныя нацыянальныя рысы характару. Але ў дадзеным артыкуле выкарыстаем адну. Гэта пабудова замкнутага грамадства.
Цяпер падвядзем вынік. Беларусам спрадвеку характэрна інтраверсійная ўласцівасць асобы. Вядома, па ўсёй краіне можна сустрэць розныя тыпы інтравертаў. Гэта шмат у чым залежыць ад геаграфічнага ландшафту мясціны. Болей за ўсё народ прызвычаіўся да ўспрымання сябе ў межах невялікага калектыву. Напрыклад, сям’і ці нейкай грамады.
Таму калі грамадзянскі актывіст спрабуе дапамагчы, яму не давяраюць. Гэта, вядома, рэдка выказваюць. Бо для беларусаў уласціва кантраляваць свае эмоцыі. Аднак такое стаўленне выклікае пэўныя праблемы. Часам, вельмі цяжка зварухнуць людзей да канкрэтных дзеянняў. У тым ліку, і да такіх, якія прыносяць станоўчыя вынікі. Проста актывіст не ўваходзіць у кола камунікавання грамадзяніна. А таму прыслухоўвацца да яго будуць толькі калі:
1) не маюць аргументаў «супраць»;
2) вераць у тое, што кажа актывіст, бо ўжо раней самі прыйшлі да такой высновы.
Прычым, павінны супасці абодва гэтыя пункты.
На выхадзе мы маем толькі адну выснову. Неабходна, каб грамадзянскага актывіста ведалі тыя людзі, якім ён дапамагае. А для гэтага трэба рабіць канкрэтныя практычныя дзеянні. Такія, што даюць станоўчы вынік менавіта грамадзянам. Чаго ў цяперашняй Беларусі вельмі мала.
Яўген Глаголеў-Васьковіч, «Наш Дом»
[email protected]