Старшыня Беларускай партыі “Зялёныя” Алег Новікаў адзначае, што “ніводная АЭС у свеце не гарантуе бяспекі”.

 

ostroveckaya AES
 

„Найлепшая ў свеце станцыя будуецца”, – заявіў Лукашэнка 27 ліпеня падчас даклада па пытаннях падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі і выдзялення дзяржаўнага жылля ўдзельнікам будаўніцтва і эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі.

 

Паводле яго слоў, АЭС, якая будуецца, – добры ўзор атамнай электрастанцыі. „Расія хоча на прыкладзе гэтай станцыі паказаць разам з намі, якія атамныя станцыі павінны быць у будучыні”, – цытуе Аляксандра Лукашэнку яго прэс-служба.

 

Лукашэнка нагадаў, што першы энергаблок станцыі павінен быць здадзены ў 2018 годзе, другі — у 2020-м.

 

Алег Новікаў: Эколагі заўсёды звярталі ўвагу, што многія моманты, якія звязаны з тэхналогіямі Беларускай АЭС, сертыфікацыяй, недаступныя для грамадскасці. Маскоўскія калегі падкрэслівалі, што гэтая мадэль рэактара па сутнасці з’яўляецца эксперыментальнай, а таму, як наогул можна меркаваць, што яна лепшая ў свеце? Таму сітуацыя выглядае даволі супярэчлівай. Але галоўнае, што працэс будаўніцтва атамнай станцыі не кантралюцца грамадскасцю і эколагамі. Таму казаць можна ўсё што заўгодна, але гэтыя словы ўсё роўна будуць выклікаць сумніў у пэўнай частцы грамадства.

 

РР: „Найлепшая ў свеце станцыя” можа гарантаваць бяспеку на сто адсоткаў?

 

Алег Новікаў: Я – не атамшчык, але ж гісторыя існавання атамнай энергетыкі паказвае, што ніводная АЭС не гарантуе бяспекі. І гэтаму ёсць прыклады, калі здараліся катастрофы на станцыях з самымі перадавымі тэхналогіямі – у той жа Японіі. Трэба зразумець, што ў свеце яшчэ не распрацавана ідэальная формула эксплуатацыі АЭС. І гэта толькі адзін момант, на які эколагі звяртаюць увагу.

 

РР: Наколькі сёння перспектыўнае развіццё атамнай энергетыкі?

 

Алег Новікаў: Чалавецтва выкарыстоўвае, як кажуць, усе “падарункі прыроды”, але ж пытанне палягае ў тым, якія кошты пры гэтым даводзіцца таму ж чалавецтву плаціць, і якія рызыкі пры гэтым існуюць. Напэўна, гэта звязана з нейкім узроўнем развіцця тэхналогій, увогуле з глабальнай бяспекай у свеце. Мы ж бачым, што зараз развіццё атамнай энергетыкі дадаткова ўносіць напружанасць у міжнародную абстаноўку. Пытанне вельмі глабальнае. Што ж датычцца будаўніцтва Беларускай АЭС, то момант упушчаны яшчэ на этапе з’яўлення праекта. Тады грамадскасць фактычна не дапусцілі да дыскусіі наконт таго, ці патрэбна краіне атамная станцыя, хоць нейкія фармальныя дыскусіі былі. Зараз усім даводзіцца заставацца толькі статыстамі працэсу.

 

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя