Скандальную гісторыю з Докшыцкага раёна апісала газета “Савецкая Беларусь”, орган адміністрацыі прэзідэнта. Прыстойная шматдзетная сям’я з Мінска перабралася ў Докшыцкі раён, ды ім прыйшлося ўцякаць, бо начальнікі задзяўблі бясконцымі праверкамі, а потым і ўвогуле прыгразілі адабраць дзяцей.
Аляксандр Пасталоў з Мінска з жонкай і чатырма дзецьмі вырашыў перабрацца ў вёску. Бо ў двухпакаёвай кватэры цесна. Аляксандр купіў дом у вёсцы Дубавое. Ён прадпрымальнік, рэстаўруе мэблю. А на вёсцы думаў яшчэ і курэй, трусоў гадаваць, каб мяса і лішні грош мець. Аддаў старэйшую дачку ў школу, стаў абсталёўваць хату – думаў ваду правесці, каналізацыю зрабіць.
Докшыцкія чыноўнікі прынялі гэты пераезд насцярожана. Чыноўнікі ж часта насцярожваюцца, калі чалавек хоча сам думаць і сам грошы зарабляць. У хату ўвалілася праверка з інспекцыі па справах няпоўнагадовых. І першай справай запыталіся: а чаму вы прыехалі з Мінска ды ў наш раён? Зрабілі заўвагу, што вопратка ляжыць у пакетах на падлозе, што шпалеры на сценах падраныя, што драўляны плот небяспечны для малых – можна занозу ў палец загнаць.
Да Пасталовых сталі прыходзіць камісіі то са школы, то з міліцыі. Стваралася ўражанне, што яны проста шукалі, да чаго дачапіцца. Гаспадар дома не ведае, што камісія са школы напісала пра яго хату і сям’ю ў сваіх дакументах. Папрасіў паказаць – адказалі, што “паказваць не абавязаны”.
22 кастрычніка, у суботу, а 9-й раніцы, камісія са школы нечакана прыехала ў хату да Пасталовых. Зноў пачаліся заўвагі, дачэпкі. Чаму ложак не засцелены? Чаму на кухні ёсць непамыты посуд?
Праз два дні, у панядзелак, прыехала камісія з пажарнай аховы. Камісія знайшла парушэнні ў канструкцыі печкі, і дала рэкамендацыі, што трэба выправіць. Пажарныя, кажа Аляксандр Пасталоў, паабяцалі напісаць хадайніцтва аб дапамозе на рамонт. Аднак рамантаваць печку ўжо не давялося. Бо назаўтрае бацькоў выклікалі ў школу і паставілі ўльтыматум: калі мы праз тыдзень прыедзем і знойдзем у вас які-небудзь недахоп, то забярэм дзяцей і пазбавім бацькоўскіх правоў.
Пасталовы ў той самы вечар сабралі манаткі, селі на машыну і паехалі ў Мінск.
Карэспандэнт “Савецкай Беларусі” прыехаў у Докшыцы і Дубавое, каб паглядзець на ўсё сваімі вачыма. Бо здараецца такое, што людзі гавораць адно, а насамрэч робіцца другое. Карэспандэнт запытаўся ў суседзяў, што яны думаюць пра Пасталовых. Адзін адзначыў, што Пасталовы не ўжываюць гарэлкі. Другі – што дзеці акуратныя і дагледжаныя, што старэйшая дачка добра вучыцца, а малодшая любіць маляваць.
Ніводнага кепскага слова суседзі пра іх не сказалі. Карэспандэнт зайшоў у хату, і таксама нічога страшнага не ўбачыў. На фотаздымках бачна, што хата небагатая, але ўнутры ўсё акуратна. Падлога засцеленая дыванамі, смецця нідзе не бачна.
Намеснік старшыні камісіі па справах няпоўнагадовых Докшыцкага райвыканкама Інэса Марчанкава сказала ды дырэктар сярэдняй школы №2 г. Докшыцы Іван Шкелка сталі расказваць пра непарадак у Пасталовых: што бачылі ў іх нямыты посуд, што кот на падлозе напаскудзіў… Сама болей налягалі на непарадак з печкай. Але за печку Пасталова вінаваціць наўрад ці можна: прадпісанне па рамонце ён атрымаў у панядзелак, а ў аўторак мусіў уцякаць з Докшыцкага раёна.
Магчыма, Аляксандр Пасталоў, прыехаўшы з Мінска ў Докшыцкі раён, кепска разумеў мясцовыя парадкі. Магчыма, спадзяваўся, што чыноўнікі будуць карэктна да яго ставіцца, а не тыкаць пальцам у брудны посуд і кацінае *****, пагражаць адабраннем дзяцей ды адмаўляцца паказваць акт, які склалі пра яго хату. Магчыма, занадта перапалохаўся і блізка ўзяў усё да сэрца. Не ведаем.
Ведаем мы адно: непітушчы чалавек і бацька чатырох дзяцей, які спадзяваўся жыць, працаваць, плаціць падаткі, набываць тавары і паслугі ў Докшыцкім раёне – перапалоханы, мусіў уцякаць з гэтага раёна, баючыся за сваіх дзяцей. І гэта — трывожная рэч.
Кастусь Шыталь,
Крыніца: Westki.info