«Наш Дом» прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі «Мінскі дыялог». Пакуль мы паназіралі за хадою ў якасці прадстаўнікоў СМІ. Мы не чакаем пэўных вынікаў ад дыялогу ці іхняе адсутнасці. Мабыць, таму погляд наш нейтральны. Мы не скептыкі і не прыхільнікі. «Наш Дом» — рэалісты, мы даем падзеям разгортвацца.
Гэтым разам канферэнцыя «Мінскі дыялог» праходзіла пад вызначанай тэмай. Абмяркоўвалі «Агульнаеўрапейскія інтэграцыйныя працэсы: да агульнага бачання праз трансмежную сінэргію». Дзея адбылася 27 кастрычніка ў пяцізоркавым гатэлі «Рэнесанс».
Мы прыехалі загадзя, каб агледзіцца. Абсталяванне вельмі прыгожае для Беларусі. Паўсюль стаялі невялічкія скульптуры японскіх самураяў і хлопчыкаў-ваяроў. «Мінскі дыялог» праходзіў на другім паверсе. Побач былі яшчэ дзве канферэнцыі. Уражвала багацце гмаху.
Прысутных падзялілі на тры катэгорыі, згодна з якімі былі размешчаны ў залі. Нагадвае колеравую дыферэнцыяцыю портак. Яшчэ перад пачаткам мы даведаліся аб атсутнасці Уладзіміра Макея. Сказалі, маўляў, беларускі Міністр замежных спраў удзельнічаў у другім мерапрыемстве. (Мо’ пасля нашага дакладу ў ААН спужаўся?)
Так ці інакш, але мерапрыемства пачалося з вітальных словаў. Намеснік Макея Яўген Шастакоў расплыўся ў чытанні паперкі. Доўга й марудна блытаў думкі слухачоў. Не менш шматслоўнаю была й спн. Андрэа Віктарын.
Андрэа Віктарын
Яўген Шастакоў
— Узаемадзеянне на ўзроўні грамады, падтрымка моладзі — тут мы актыўныя, — паведаміла Кіраўнік Дэлегацыі ЕС у Беларусі.
А сп. Вольфганг Зендэр (фонд імя Конрада Адэнаўэра) зазначыў:
— Мы павінны зразумець, што нас аб’ядноўвае.
Вольфганг Зендэр у цэнтры
Каб стварыць поўную карціну, «Наш Дом» паразмаўляў з кіраўніком «Цэнтру палітычнае адукацыі» Андрэем Ляховічам.
— Гэтая сустрэча ў геапалітычным пляне не мае практычнага значэння, — зазначыў ён. — Яна дазваляе толькі не пераходзіць ад стану халоднага канфлікту. Да таго, Еўрасаюз прадстаўляюць, з большага, аўстрыйцы. А гэтая краіна з’яўляецца лаяльнаю да Расіі.
Што датычна Кітая, дык на маю думку, моц ягоная перабольшана. А карысці супрацы з КНР няма ніякай. А вось мінусы ў выглядзе, напрыклад, экалагічных праблем могуць узнікнуць лёгка.
Карацей, тут зараз сабраліся, з большага, прарасійскія прыхільнікі, — скончыў сп. Ляховіч.
Андрэй Ляховіч у цэнтры
Аўстрыец Петэр Гаўлік зазначыў у сваю чаргу розніцу паміж ЕС і ЕАЭС. Ён сцвярджае, што ў Еўрасаюзе няма вызначанага лідэра. Маўляў, Германія, Францыя — гэта толькі рухавікі. Але палітычныя рашэнні прымаюцца ўсімі краінамі. А вось у ЕўрАзЭС безумоўны гегемон — Расія. Таксама сп. Петэр адзначыў момант са спробамі мадэрнізаваць сістэму Еўразійскага Эканамічнага Саюзу. Паводле яго словаў, яны залежаць ад прамых інвестыцый з развітых краінаў.
А вось Навуковы дырэктар беларускага Даследчага цэнтру Ірына Тачыцкая бачыць так:
— Беларусь часта дрэнна выбірае пераможцу. Так было, да прыкладу, з дрэваапрацоўчым прадпрыемствам.
Ірына Тачыцкая другая злева
Але на нашую думку галоўнаю тэзаю было выказванне спн. Віктарын. Яно датычылася перавагі каштоўнаснага падыходу да пртнёраў з боку Еўрасаюзу. Гэта абмяркоўвалі на кожнай з чатырох сесіяў «Мінскага дыялогу». Усе разумелі пазіцыю ЕС праз гэтыя словы спн. Віктарын. Сама яна сыйшла адразу пасля адкрыцця канферэнцыі. Але рэй вёў менавіта каштоўнасны падыход ЕС да сваіх партнёраў.
Скончыўся дыялог праз дзесяць з паловай гадзін пасля пачатку. Такі маленечкі марафон.
Яўген Глаголеў-Васьковіч, «Наш Дом»
regions@nash-dom.info