«Наш Дом» — арганізацыя гарманічная. Мы ўзважваем кожны свой крок і не спыняемся на адным дзеяньні. Мы маем прыярытэты зґодна са сваімі мэтамі. Кожнае нашае дзеяньне — вучыць. А кожны свой навучальны працэс мы выкарыстоўваем на практыцы.

Вось і цяпер мы вырашылі агучыць свае пляны. Але робім гэта зґодна з тым, як нядаўна навучыліся. Таму дадзены артыкул выконвае першы неабходны крок: убачыць сваё жаданьне.

Абранае намі жаданьне вырашае некалькі пытаньняў. Па-першае, мы знайшлі занятак сваім актывістам на два гады наперад. Па-другое, не чакаючы спрэчак паміж новымі апазыцыйнымі кааліцыямі, абвяшчаем свой намер адкрыта. І па-трэцяе, «Наш Дом» плянамерна ідзець да сваёй мэты: стварэньне ў Беларусі грамады.

in-hoc-signo-vincesА абмалёўваецца ў гэтым артыкуле менавіта ўдзел «Нашага Дому» ў тутэйшых выбарах 2018 году. Пакуль мы яшчэ не пачалі плянаваць і ўзважваць страшныя рызыкі. І гэта дазваляе менавіта марыць аб настройцы на пэўны лад.

У «Нашага Дому» лад ужо даўно вызначаны самім нашым існаваньнем. Ніколі мы не атрымлівалі штось’ задарма. За кожнае сваё жаданьне нам даводзілася змагацца самастойна. А ў такіх умовах трэба ставіць перад сабою задачы, выкананьне якіх стаіць на мяжы чалавечых здольнасьцяў.

Таму галоўная мэта для нашдомаўцаў — перамога на тутэйшых выбарах у 100%. І часу засталося ў нас няшмат. Амаль год і тры месяцы пройдзе, яґ беларусы абяруць сабе новых мясцовых дэпутатаў. А каб падрыхтавацца да гэтае падзеі варта ўжо зараз праводзіць працу ў акругах.

Могуць узьнікнуць пытаньні наконт удзелу «Нашага Дому» ў выбарах. Бо, прыгадае хтосьці, на прэзыдэнцкія ісьці зьбіраліся, а не пайшлі. Але адказ тут відавочны. Асноўны накірунак дзейнасьці НД — прадстаўнікі тутэйшае ўлады. Таму й верагоднасьць адмовы мінімальная. Павіннен адбыцца землятрус ці якія іншыя прыродныя катаклізмы.

А для «Нашага Дому» тутэйшыя выбары — гэта выкананьне сваіх мэтаў. Менавіта пабудова грамады ў Беларусі й праца з насельніцтвам. Вось што мае асноўны прыярытэт для нашае каманды.

Першае нашае дзеяньне — кампаніі па дапамозе дэпутатам. Для гэтага мы маем свае «10 патрабаваньняў». Тое дазволіць «Нашаму Дому» ўбачыць хібы ў дзеючых прадстаўнікоў народа. Убачыць і не дапусьціць такога з нашымі актывістамі.

Таксама мы працягнем пошук праблемаў па-за межамі акругаў і ў іх саміх. Але пошук ня скончваецца асьвячэньнем гэтага ў СМІ. «Наш Дом» заўжды спрыяе вырашэньню рознага кшталту пытаньняў. Таму гэтая практыка жыве незалежна ад нашых кампаніяў.

А трэцяе — узаемадзеяньне нашых актывістаў са звычайнымі людзьмі. Такім чынам «Наш Дом» плянуе перамагчы на мясцовых выбарах 2018 году. Пажывем — пабачым, як кажуць у народзе.

Яўген Глаголеў-Васьковіч, «Наш Дом»
regions@nash-dom.info

Exit mobile version