Працэс правядзення прэзідэнцкіх выбараў ў Грузіі атрымаў станоўчую адзнаку, але некаторыя парушэнні мелі месца.
Сёлета дакумэнты ў ЦВК Грузіі для рэгістрацыі падалі 54 чалавекі, зь якіх былі зарэгістраваныя 23 кандыдаты. Дагэтуль самая вялікая колькасьць — 7 кандыдатаў — было зарэгістравана на прэзыдэнцкіх выбарах 2008 года. Гэта былі першыя выбары ў пастсавецкай Грузіі, калі прэзыдэнцкая ўлада была перададзена мірным шляхам. Першы прэзыдэнт — Звіяд Гамсахурдзія — быў зрынуты ў 1992 годзе па выніках вайсковага перавароту, у выніку якога да ўлады прыйшоў Эдуард Шэварнадзэ. Сам жа Шэварнадзэ мусіў сысьці ў адстаўку пасьля рэвалюцыі ружаў 2003-2004 гадоў, пасьля чаго прэзыдэнтам быў абраны Міхэіл Саакашвілі.
За выбарамі назіралі шэраг місіяў з розных краінаў сьвету. Сярод іх былі і незалежныя назіральнікі з Беларусі, акрэдытаваныя ад імя беларускай арганізацыі Belarus Watch.
Беларускія назіральнікі, сярод якіх прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, журналісты і студэнты ЭГУ, наведалі выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіёнах краіны, сочаць за іх адкрыцьцём, працэсам галасаваньня ды падлікам галасоў. Місія арганізавана ў межах міжнароднага адукацыйнага праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» (EOTP), які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЭГУ і Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскага. Праект дае маладым беларусам магчымасьць азнаёміцца з выбарчымі сыстэмамі іншых краінаў, атрымаць досьвед незалежных назіральнікаў, каб потым выкарыстаць яго ў Беларусі.
На пераважнай колькасці участкаў, наведаных беларусамі, былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для назірання: члены камісій дазвалялі займаць любую зручную пазіцыю для назірання, рабіць фота і відэа, прадстаўлялі ўсю неабходную інфармацыю. Стаўленне ж з боку камісій да назіральнікаў і выбарцаў ацэньвалася як дабразычлівае ды адкрытае. Таксама высока быў ацэнены прафесіяналізм членаў камісій, якія здолелі арганізаваць выбарчы працэс, прытрымліваючыся ўсіх пазначаных у грузінскім заканадаўстве працэсуальных норм.
У дачыненні да гэтага, у беларускіх назіральнікаў выклікала вялікую зацікаўленасць працэдура галасавання, кожны этап якой прапісаны ў грузінскім заканадаўстве такім чынам, што амаль не дапускае розначытанні. Усе этапы, пачынаючы ад жэрабя паміж членамі камісіі для размеркавання функцый і заканчваючы расстаноўкай мэблі на выбарчым участку, дакладна апісаны.
Пры ўваходзе на выбарчы ўчастак у выбарцаў правяраецца пасведчанне асобы ды наяўнасць ультра-фіялетавых чарніл на руках, якія сведчаць аб факце галасавання. Пазначэнні ставяцца на руку падчас рэгістрацыі і атрымання бюлетэня адмысловым спрэям. Пасля пазначэння кандыдата выбаршчык складае бюлетэнь у капэрт і апускае ў празрыстую ўрну, якая пламбіруецца налепкамі, кожная з якіх мае ўнікальны нумар.
Падлік галасоў быў праведзены прафесійна, зразумела і адкрыта, кожны прысутны меў магчымасць спраўдзіць вынікі. Кожны назіральнік, незалежна ад арганізацыі, мог без перашкодаў сачыць за ходам падліку галасоў. Для працэсу падліку па сродках жэрабя адбіралася тры чалавека з ліку членаў камісіі, таксама сярод назіральнікаў выбіраліся два чалавекі, каб назіраць за падлікам непасрэдна за сталом.
Парушэнні, якія былі заўважаны беларускімі назіральнікамі на некаторых выбарчых участках насілі пераважна дробны характар. Так, пры ўваходзе на некаторыя выбарчыя участкі не дастаткова пільна праводзілася працэдура праверкі наяўнасці чарнільных пазнак, якія прызначаны для прадухілення паўторнага галасавання. Колькасць выбарцаў каля стала для выдачы бюлетэняў часам перавышала дазволеную грузінскім заканадаўствам. На некаторых участках таксама з’яўляліся неаўтарызаваныя асобы.
Па інфармацыі ЦВК яўка на прэзідэнцкіх выбарах склала 46,6%. Пасля агалошання папярэдніх вынікаў лідыруе кандыдат ад кааліцыі Грузінская мара Маргвелашвілі. На другім мэсцы кандыдат ад Нацыянальнага руху Давід Бакарадзэ, за ім лідэр “Дэмакратычнага руху” Ніно Бурджанадзэ.
Генадзь Фарына