Суддзя Першамайскага раёну Віцебска Алена Жук так і не падступілася 21 лютага ўласна да разгляду крымінальнай справы Сяргея Каваленкі. Працяг – 22-га лютага а 14-й гадзіне.

Першамайскі суд у гэты дзень сустракаў грамадзян брамай металашукальніка і шэрагам супрацоўнікаў міліцыі – ад прапаршчыкаў да палкоўнікаў. Усіх наведнікаў перапісвалі. Праз затрымку на ўваходзе многія не паспелі трапіць на пачатак пасяджэння. Потым высветлілася, што і месцаў у зале для ўсіх не стае. Дадатковую лаўку, якую прасілі прынесці праваабаронцы, так да канца пасяджэння і не паставілі.

У судзе прысутнічалі прадстаўнік консульства Латвіі ў Віцебску Яніс Рупэйкс, маладафронтаўка Наста Палажанка, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Павел Левінаў, Леанід Свецік, Валерый Міснікаў.

Паказальна для Беларусі нашых дзён: ад самага пачатку працэсу выявіліся праблемы з перакладчыкам. Настаўніца адной з віцебскіх школ яўна не спраўлялася з перакладам з рускай на беларускую. Каваленка заявіў хадайніцтва аб адводзе перакладчыка, але суддзя хадайніцтва адхіліла. Аднак перакладчыца не вытрымала ціску (падчас пасяджэння Каваленка сам некалькі разоў выпраўляў яе памылкі ў перакладзе), спаслалася на няведанне юрыдычнай лексікі і ўзяла самаадвод. Сімвалічна, што адбывалася гэта якраз у Міжнародны дзень роднай мовы. Пасля перапынку перакладаў ужо больш кваліфікаваны спецыяліст з ВДУ.

У сувязіі з самаадводам перакладчыцы быў звязаны адзіны ў гэты дзень момант, калі зала рагатала. Прычым — з пракурора. Спадар Лутаў (сваё імя і імя па бацьку ён так і не назваў) выглядаў вельмі падобным на савецкага трагікамічнага актора Міхаіла Конанава. Збянтэжаны і няўклюдны (але ружавашчокі) ён мямліў нешта пра забарону на фатаграфаванне, замест таго каб даць ці не даць згоду на адвод перакладчыка. Абвінавайцу шчыра абсмяялі.

Сам Каваленка выглядаў зусім знясіленым. “Яго нават пазнаць цяжка. Хіба што па вачах і валявому падбародку… Аж страшна”, – казалі тыя, хто ведаў абвінавачанага да зняволення. Сяргей заявіў, што ўжо трэці дзень трымае сухую галадоўку. На заклікі з залы спыніць самазабойчую акцыю ён адказаў, что спыніць толькі тады, калі выйдзе з-за кратаў на волю.

Перад тым як хадайнічаць аб тым, каб яго агледзелі медыкі, Каваленка распрануўся да пояса. Відовішча не для слабых на вочы… Зашчоўкалі фотаапараты. Суддзя запатрабавала спыніць фотаздымку і выдаліла “здымачоў” з судовай залы.

Хуткую дапамогу за дзень выклікалі тры разы. Калі ў другі раз прыехала тая ж самая брыгада, якая знайшла Каваленку “ў добрым стане” (урач Дубакін), бацькі абвінавачанага выклікалі яшчэ адну хуткую. “Тут не трэба быць урачом, каб убачыць, што чалавек знаходзіцца ўжо на мяжы…” – казалі прысутныя. Сваякі адначасова званілі ў абласное ўпраўленне аховы здароўя са скаргамі на медыкаў “хуткай дапамогі”.

Як трапна заўважыў праваабаронца Павел Левінаў, “складвалася ўражанне, што дактары давалі клятву Гіпакрата нікому іншаму, як міністру ўнутраных спраў…”

Як бы там ні было, але з трэцяга раза медыкі (урач Фадзееў) вымушаны былі канстатаваць змяненне ў складзе крыві вязня і знясіленне і рэкамендаваць медыцынскае абследаванне “па месцы знаходжання”. Суддзя Жук прыняла ў выніку рашэнне звярнуцца ў медсанчастку СІЗО Віцебска аб вырашэнні пытання магчымасці ўдзелу абвінавачанага ў судзебных пасяджэннях.

Працяг суду назначыла на 22 лютага ў 14.00.

“Суддзя не была незалежнай у сваім рашэнні, – лічыць Павел Левінаў. – У яе было некалькі магчымасцяў вырашыць пытанне ў прававым полі. Бачачы стан здароўя Каваленкі, яна магла змяніць яму меру стрымання. Напрыклад – на хатні арышт ці падпіску аб нявыездзе. Тым больш, што ў яе маецца хадайніцтва аб гэтым членаў сям’і, а таксама два маіх пісьмовых патрабаванні, дзе я кажу, што Каваленку ў месцах пазбаўлення волі існуе пагроза жыццю. Але суддзя гэтага не зрабіла. Як не зрабіла і тое, каб правесці медыцынскае даследаванне Каваленкі ў нармальных умовах – ў якой-небудзь віцебскай бальніцы. Цяпер атрымліваецца, што яго будуць абследаваць тыя ж, хто і давёў яго да такога стану… Мяркую, што 22 лютага мы атрымаем з СІЗО адказ, што Каваленка можа ўдзельніцчаць на паседжаннях, і ўвесь спектакль, разыграны ўладамі, працягнецца далей…”

«Витебский курьер»

ДАІ у гэты дзень аб’явіла у горадзе сапраўдны план «Перехват», затрымліваючы да 80% машын, якія рухаліся ў кірунку суда (фота):


фота — Юлія Сяргеева