Як паведаміў сайтуgomelspring.org старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка, старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў «вынайшаў» новы спосаб абмежавання канстытуцыйных правоў грамадзян — галоўны суддзя вобласці лічыць, што канстытуцыйныя правы можна абмяжоўваць пры наяўнасці аб’ектыўных абставін.
Палітык прыйшоў да такой высновы азнаёміўшыся з адказам абласнога суда на скаргу арганізацыі, якую ён узначальвае ў сувязі з адмовай Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі заключыць дамову на медыцынскае абслугоўванне планаванага масавага мерапрыемства.
«Адмова ў заключэнні дагавора звязана з тым, што ў гэты дзень запланавана правядзенне традыцыйнай сустрэчы прыгранічных абласцей Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Украіны каля манумента Дружбы. У сувязі з правядзеннем дадзенага мерапрыемства запланавана праца брыгад хуткай дапамогі на выпадак надзвычайных сітуацый. Таксама ў гэты дзень брыгада хуткай дапамогі была задзейнічана ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды выпуску афіцэраў Гомельского інстытута МНС. Акрамя таго, масавае мерапрыемства арганізацыя запланавала ў выходны дзень, калі не працуюць паліклінікі і асноўную нагрузку па аказанні медыцынскай дапамогі нясе хуткая медыцынская дапамога», — напісаў у адрас «Справядлівага свету» старшыня абласнога суду.
«Пры такіх абставінах суды правільна падтрымалі адмову гарадской паліклінікі заключыць дамову на медыцынскае абслугоўванне масавага мерапрыемства, якая была выклікана аб’ектыўнымі абставінамі», — паставіў кропку у гэтай справе Сяргей Шаўцоў.
Лідэр гомельскіх левых з пазіцыяй галоўнага суддзі вобласці не згодны і лічыць, што калі раней суддзі спрабавалі хоць неяк зачапіцца за законныя падставы, то цяпер яны не саромеючыся пачынаюць апраўдваць беззаконьне незаконнымі аб’ектыўнымі абставінамі.
«Любому студэнту юрфака вядома, што абмежаванні правоў грамадзян дакладна прапісаны ў Канстытуцыі і пашыранаму тлумачэнню не падлягаюць. Старшыня абласнога суда робіць выгляд, што гэтага не разумее, таму наша задача паставіць яго і ўсіх суддзяў, якія прымаюць удзел у дадзенай справе ў тое становішча, якое яны заслугоўваюць. Мы абавязкова вычарпаем усе ўнутраныя сродкі прававой абароны і звернемся з скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека, рашэнне якога не будзе мець тэрміну даўніны. Няхай потым суддзі сваім унукам распавядаюць, як яны жылі ў такі цяжкі час, калі судзілі не па законе, а зыходзячы з аб’ектыўных абставінаў», — падвёў рысу лідэр гомельскіх камуністаў.