Чаму сімвалы так важны? Чаму ўлада так актыўна змагаецца на сімвалічным полі і для яе гэта так істотна? Здаецца сцягі, гербы ці нават спалучэнні колераў не маюць вялікага ўплыву на захаванне ўлады, эканамічнае ці палітычнае дамінаванне. Але адначасова сімвалы маюць нябачную повязь з палітыкай. У чым жа заключаецца гэта повязь? Давайце паспрабуем разабрацца.
Першае і самае відавочнае – гэта тое, што сімвалы дэманструюць палітычную прыналежнасць, сувязь людзей з нейкім наборам ідэй і поглядаў. Але гэта толькі самы верх сэнсавага ледавіка ў гэтым пытанні. Сімвалы таксама маюць важнае значэнне ў будаванні нацыі — гэта значыць у асэнсаванні грамадзянамі прыналежнасці да нейкай арганізаванай супольнасці.
Адзін з першых крокаў новага кіраўніка дзяржавы пасля яго абрання ў 1994 годзе стала правядзенне рэферэндуму па змене дзяржаўных сімвалаў і карэктаванні моўнага пытання. Так, БЧБ і Пагоня асацыяваліся з палітычнымі апанентамі першага прэзідэнта, таму ён і хацеў хутчэй ад іх пазбавіцца. Такім чынам, першы прэзідэнт хацеў адабраць палітычны ўплыў у сваіх апанентаў.
Акрамя таго, гэтыя дзеянні адбыліся ў выніку жадання атрымаць падтрымку з боку Расіі, якая разглядала Беларусь як сферу сваіх інтарэсаў. А некаторыя нават бачылі яе як частку адзінай імперыі – агульнай палітычнай прасторы, якая аб’ядноўвала ўсходнеславянскія народы. У выніку другая прычына адмовы ад згаданых сімвалаў была звязана са знешнепалітычным фактарам.
І нарэшце мы падыйшлі да самага складанага пытання — трэцяй прычыны, якая зусім не відавочная. Так, першы рэферэндум у гісторыі незалежнай Беларусі адбыўся яшчэ да канчатковага перафарматавання палітычнай сістэмы Беларусі на новых прынцыпах. І тут можа быць схаваны яшчэ адзін важны адказ на нашае пытанне…
У чым жа сакрэт? Чаму падзеі разгортваліся менавіта у такой паслядоўнасці, а не наадварот? Відавочна ніякага загадзя спланванага намеру не было. Тым не менш прыхаваная логіка ў падобных дзеяннях была. Бо менавіта гістарычныя беларускія сімвалы – Бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня паказвалі карані беларускай дзяржаўнасць і з’яўляліся нацыянальнымі.
Што значыць нацыянальнымі, спытаецеся вы? А менавіта літаральна то і значыць. Яны паказваюць прыналежнасць да беларускай нацыі і дэманструюць усе этапы яе станаўлення ад протабеларускіх дзяржаў сярэднявечча да першай спробы аб’яўлення незалежнасці ў 1918 годзе і затым да ўжо фактычнага набыцця гэтага статуса ў 1991. Тут адразу ўзнікае іншае пытанне: а што ж такое нацыя? Давайце паспрабуем адказаць і на яго.
У дадзеным выпадку нацыя гэта не толькі нейкая этнічная супольнасць аб’яднаная мовай, культурай і традыцыямі. Нацыю ў першую чаргу трэба разглядаць, як нейкую арганізаваную супольнасць людзей, якія звязаныя палітычнай суб’ектнасцю, гэта значыць нацыя – гэта суб’ект палітыкі. У дадзеным выпадку сінонімамі паняццю нацыі ў гэтым разуменні часамі могуць выступаць паняцці народ ці супольнасць грамадзян.
Так, першыя нацыі пачалі з’яўляцца на мапе свету ў мадэрную эпоху. Раней народы ці нацыі не з’яўляліся палітычнымі суб’ектамі. Улада манархам даравалася звыш, а іх падданыя маглі належаць да розных культур. Больш важнае значэнне мелі саслоўная прыналежнасць ці нават рэлігія. Дзяржавы лёгка зліваліся ў адзіныя вялікія імперыі і распадаліся на мноства мелкіх удзелаў. Але з развіццём масавай адукацыі, наступленнем прамысловай рэвалюцыі і пашырэннем урбанізацыі ўсё змянілася.
На гістарычную арэну выйшлі новыя палітычныя суб’екты — нацыі. Яны зрыналі манархаў у ходзе рэвалюцый, дамагаліся ва ўпартай барацьбе незалежнасці ад вялікіх імперый і самі стваралі ўласныя палітычныя інстытуты. Большасць нацый узнікала на агульнай этнічнай глебе, бо нішто так не дапамагала палітычнаму яднанню як агульнасць мовы, культуры, традыцыі і гістарычнага лёсу. Але былі і выключэнні. Напрыклад, амерыканская нацыя ўзнікла на разнастайнай этнічнай глебе і апынулася не менш кансалідаванай ці ўстойлівай чым астатнія.
Тым не менш прыкметы протанацый мы можам заўважыць і ў дамадэрную эпоху. Найбольш наблізіліся да сучаснага разумення нацыі, напрыклад, афінскі дэмас, рымскі цывітас ці народ шляхецкі ў Рэчы Паспалітай. Але гэта былі дастаткова вузкія супольнасці, якія выключалі з палітычнага жыцця значную частку жыхароў краін у якіх яны існавалі. Але з цягам часу фармаванне нацый стала агульнасусветным трэндам.
Так і беларусы паступова прыходзілі да асэнсавання сябе як нацыі, асэнсавання сябе як народа.
Як і ў выпадку з іншымі народамі ў Беларусі ўсё пачыналася з будзіцеляў з шэрагу нацыянальнай інтэлігенцыі, потым і ўвесь народ пачаў прыходзіць да асэнсавання сябе як палітычнага суб’екта. Кульмінацыйнай кропкай у гэтым працэсе мы можам назваць працэсы апошніх гадоў, калі народ захацеў стаць паўнавартасным суб’ектам палітыкі як гэта напісана ў Канстытуцыі.
Для любой тыраніі існаванне нацыі ці народа як суб’екта палітыкі гэта смяротная пагроза.
Нават фашысцкія і блізкія да іх рэжымы, якія шмат гавораць пра ідэі нацыі, з’яўляюцца натуральнымі яе ворагамі, бо невялікія групы ці нават асобныя людзі узурпуюць яе палітычную суб’ектнасць. Тым не менш любая дыктатура заўсёды вымушана апеляваць да народа і адначасова спрабаваць падмануць яго, забраўшы магчымасць да самавызначэння і самакіравання. Усе ў сучасным свеце праводзяць выбары ці нават хаця б іх выгляд.
Але тыранам не патрэбны народ, ім толькі патрэбна пакорлівае насельніцтва.
Да пары да часу многім тыранам удаецца падманваць народ, ствараючы ілюзію дачынення да палітыкі. Але рана ці позна заслона спадае і народ бярэ сваё, тое, што належыць яму па праву. Не апошнюю ролю ў гэтым працэсе грае асэнсаванне агульнасці гістарычнага лёсу, сваіх эканамічных і палітычных інтарэсаў і канешне сімвалы, якія ў самай простай візуальнай форме з’яўляюцца квінтэсэнцыяй усяго таго, што яднае нацыю.
Цяпер зразумела, чаму хтосьці так старанна спрабуе адабраць у нашага народа нашыя нацыянальныя сімвалы, выкрэсліць іх з гісторыі і сучаснасці, накласці на іх табу? Але, на маю думку, рабіць гэта ўжо позна, народ нарэшце прачнуўся і патрабуе свайго. Нішто ня спыніць Беларусі.
Аўтар — Петр Жылінскі.