Турыстычны эксперт Лілія Кобзік адзначае, што за год, калі Крым стаў расейскім, у плане турызма там нічога не змянілася і наўрад ці што ў бліжэйшы час зменіцца.

Лілія Кобзік: Крымскі турыстычны накірунак у гэтым годзе знаходзіцца прыкладна ў тым жа стане, што і ў мінулым. Арганізаваныя паездкі ў Крым для беларусаў зачыніліся, а, калі нехта там і адпачываў, то ў індывідуальным парадку. У самім Крыме сітуацыя не змянілася. Акрамя таго, што прынята некалькі законаў украінскім урадам, якія робяць наведванне паўвострава непажаданым грамадзянамі, паколькі міжнародная супольнасць, як я разумею, ужо канчаткова прызнала Крым акупаванай тэрыторыяй.

РР: Адбылася сітуацыя аналагічная з Паўночным Кіпрам?

Лілія Кобзік: Так. Дабрацца на гэтыя тэрыторыі дастаткова праблематычна і псіхалагічна знаходжанне там не для ўсіх прымальнае. І тут трэба казаць нават не пра нейкія палітычныя перавагі. Турызм – гэта ў першую чаргу псіхалагічны клімат.А, калі вакол накірунка рэальна існуе нездаровая атмасфера, то, натуральна, туды арганізаваных патокаў быць не можа. Авіярэйсаў у Сімферопаль няма, чыгункай зараз не даедзеш, а ехаць аўтобусам ці на машыне праз Украіну таксама не пажадана, таму што ў краіне няма стабільнасці. Дабірацца ў Крым паромамі, як гэта робяць расейцы, таксама не будзеш, бо гэта атрымоўваецца не сямейны адпачынак, а пакуты. А, калі ляцець у Сімферопаль самалётам з Масквы, то наогул губляе сэнс танны адпачынак у Крыме, да чаго прызвычаіліся беларусы. Трэба быць вельмі вялікім фанатам, каб туды ехаць.

РР: Адным словам, сезон адпачынку ў Крыме ізноў будзе правалены?

Лілія Кобзік: Ва ўсялякім выпадку, паляпшэння не бачна. Не будзе такога, як раней, і турфірмы нават не даюць аб’явы на крымскі накірунак. Раней жа туды аўтобусныя туры былі надзвычай таннымі – па 130-150 даляраў. У Беларусі няма такіх коштаў на адпачынак. Шмат ехалі на мора з дзецьмі, але зараз хтосьці адправіць у Крым сваіх дзяцей? Ніхто рызыкаваць не будзе. Атрымалася так, што ніякіх зрухаў няма, і гэта было прадказальна. Арганізаваць у такіх умовах масавы турызм проста немагчыма.

Беларускае Радыё Рацыя