Падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі адміністрацыі прадпрыемстваў стараліся не звальняць людзей і не скарачаць працоўны тыдзень. Тым часам беспрацоўе ня зменшылася, прадпрыемствы ня сталі працаваць лепей.

 

magilou

Якая сітуацыя цяпер на рынку працы, ці лёгка знайсці сабе занятак і ці знайшлі яго «палітычныя» беспрацоўныя — актывісты незалежных прафсаюзаў, зь якімі не працягнулі працоўныя кантракты).

Два беспрацоўных на адну вакансію

У службе занятасці Магілёва кажуць: сітуацыя з наплывам ахвотных зарэгістравацца беспрацоунымі і тымі, хто ў пошуку працы, стабілізавалася, але узровень беспрацоуя ў параўнанні зь мінулым годам вырас. На адну вакансію прэтэндуюць 2 беспрацоўных.

«Калі летась да нас звярнуліся 6,5 тысячы чалавек, то сёлета ужо болей за 8,5 тысячы, — зазначае супрацоўніца службы занятасці. — Таксама павялічыўся перыяд пошуку працы. Калі раней для працаўладкавання трэба было месяц ці паўтара, то цяпер перыяд падоўжыўся да 3-4 месяцаў».

«Партрэт беспрацоўнага таксама змяніўся. Калі раней гэта былі жанчыны з сярэднім узростам 45-50 год, — працягвае суразмоўніца, — то цяпер гэта мужчына 35-42 гадоў з сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй».

Паводле супрацоўніцы службы занятасці, працягваецца вяртанне беларусаў, якія былі на заробках у Расеі. «Прыток людзей у Беларусь ёсць, то бок людзі вяртаюцца», — зазначае яна.

«Закон аб дармаедах, вядома ж, адыграў сваю ролю. Але пад яго ўплывам найбольш людзей прыйшло да нас да 1 ліпеня. Потым крыху наплыў гэты спаў, але людзі ўсё роўна рэгіструюцца. Ня кожны чытаў гэты закон, а пагатоў ня кожны яго слушна трактуе, але лічыць: калі такі закон ёсць, то лепей я прыйду ў службу занятасці і зарэгіструюся беспрацоўным», — кажа супрацоўніца службы занятасці.

«Дворнікам не хачу, дый для дворнікаў нічога няма»

Шукаць беспрацоўных на вуліцах Магілёва доўга не давялося. Першыя ж мінакі прызналіся журналісту, што занятыя пошукам працы. Ува ўсіх ёсць досвед працы ў Расеі. На пытанне, ці лёгка працу знайсці ў Магілёве, усе заявілі: цяжка.

«Я іду з біржы, — кажа мужчына, да пенсіі якому засталося крыху больш за пяць гадоў. — Па маёй прафесіі там для мяне вакансіяў няма. Раней жа маляр, тынкоўшчык — былі запатрабаваныя прафесіі, цяпер — не. Дворнікам ісці не хачу, дый для дворнікаў нічога няма».

Наступны суразмоўца, малады мужчына, таксама кажа: на біржы няма чаго рабіць. Вакансій няма:

«У мяне будаўнічая прафесія. Я ў Расеі працаваў, але хацеў бы тут цяпер. А тут працы ня знойдзеш. Давядзецца зноў туды ехаць, хоць заробкі там сталі меншымі».

«Нялёгка тут знайсці сабе працу, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін мінак. — Заробак тут не адпавядае таму, што чалавек хацеў бы зарабіць. За 2,5 мільёна ніхто ж ня пойдзе працаваць. Гэта ж капейкі. Я сам беспрацоўны. Даводзіцца хадзіць шукаць. Я электрык паводле адукацыі і адпрацаваў ім 15 гадоў».

Сярод апытаных трапіўся і мужчына, які знайшоў сабе працу. «Кладаўшчыком уладкаваўся, — кажа ён. — Тры месяцы працу шукаў. У Магілёве цяжка знайсці. Шмат знаёмцаў беспрацоўных. У Расею езьдзіць. Але ўсе хочуць працаваць і зарабляць на радзіме. А калі тут няма, дык паедуць зноў туды».

На прадпрыемствах скарачаюць адміністрацыйны апарат

Ня многія са звольненых з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў актывістаў Свабоднага прафсаюзу Беларускага знайшлі сабе працу. Толькі за апошні год дзясятак прафсаюзнікаў апынуліся за прахадной. Адміністрацыя не пажадала працягваць зь імі працоўныя адносіны.

«Я звязаная была з машынабудаўніцтвам, а прамысловасць у нас у стане, блізкім да нуля, таму па маёй спецыяльнасці мне знайсці ў Бабруйску працу адназначна няма як. А што тычыцца другіх спецыяльнасцяў, то паўсюль патрэбны досвед. А мой досвед — гэта 19 гадоў на прадпрыемстве. Нават цяпер прыбіральшчыца — і тое дэфіцытная пасада», — кажа пра перспектывы працаўладкавання актывістка Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Суразмоўніца зазначае, што цяпер скарачаюць супрацоўнікаў адміністрацыі прадпрыемстваў, у тым ліку і заводу, на якім яна працавала:

«Цяпер не працягваюць кантракты з тымі, хто ў аддзелах сядзіць. Аптымізацыя пайшла, такім чынам, поўным ходам. Скарачэнне адбываецца ня толькі, так бы мовіць, рэпрэсіўнага характару, а там, дзе трэба шэрагі падчысціць. Гэта ўсё звязана з заняпадам у прамысловасці», — выказвае меркаванне Аксана Кернажыцкая.

«Няпоўная занятасць» вяртаецца

У перадвыбарчую прэзідэнцкую кампанію сітуацыя ў эканоміцы рэгіёну зрэдку згадвалася ў афіцыйных крыніцах. Па заканчэнні выбараў пра праблемы ў прамысловасці пачалі казаць часцей. На адной зь першых нарадаў у гарвыканкаме згадалі прызабытую за тры месяцы «няпоўную занятасць» на шэрагу мясцовых прадпрыемстваў:

Уладзімер Цумараў«На сённяшні дзень шэсць прадпрыемстваў прамысловасці, якія ўва ўсіх на слыху, працуюць ва ўмовах няпоўнай занятасці. Сярод іх „Вяснянка“, „Трансмаш“, Таварыства глухіх і сляпых і завод „Строммашына“», — казаў на нарадзе старшыня гарадской вертыкалі Уладзімер Цумараў.

Гаварылі на нарадзе пра няпоўную загрузку, зніжэнне экспарту, дэбіторскую і крэдыторскую запазычанасць магілёўскіх прадпрыемстваў. Гарадскі бюджэт недаатрымаў за 9 месяцаў году 149 мільярдаў рублёў. Такой сітуацыі не назіралася ад 2009 году.

Чыноўнікі бачаць прычыну праблемаў у сітуацыі на расейскім рынку, куды магілёўскія прадпрыемствы пастаўляюць асноўную масу сваёй прадукцыі. Спробы дыверсіфікацыі рынкаў збыту не далі эфекту. Экспартныя пастаўкі з магілёўскіх прадпрыемстваў у іншыя краіны мізэрныя.

Крыніца: naviny.by