Спн. Марына Сянцова. Гэта хто? Прафесар? Доктар юрыдычных навук? Загадчык кафедры фінансавага права Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта? Прадстаўнік Расейскай Федэрацыі ў Акадэмічным Камітэце Еўрапейскай Асацыяцыі прафесароў налогавага права? Так. Гэта спн. Марына. Яна мае шмат пасад, выкладае не ў адным універсітэце. . . Але галоўнае — Марына Валянцінаўна наша зямлячка, з Бабруйску.
Мне, як рэдактару «Нашага Дому» пашанціла. З Марынай Валянцінаўнай паразмаўляць у Беларусі можна ня часта. Нашая размова адбылася за кубачкам гарбаты. Прыемна слухаць погляды чалавека адукаванага й незалежнага ў сваіх поглядах.
— Марына ласкавы чалавек, — кажа Эльвіра Станіславаўна, маці спн. Марыны. — Я ўсіх шкадую, аднак яна — больш за ўсіх. Вось кацянятка да нас хтось падкінуў. Дык яна забрала яго да дому. Дрыжыць усё, слабенькае, забітае… А Марына клапоціцца пра яго, выходжвае. Кажа, што калі не прыстроіць яго тут, то забярэ з сабою.
Такое ўводнае слова давялося пачуць пра сваю зямлячку. Вось і спн. Марына прынесла нам гарбату. Пачалі плыткую размову аб жыцці.
— У Беларусі няма прафесароў, — канстатавала факт Марына Валянцінаўна. — Таму й навукі, як такой, няма. Бо сьмешныя ўмовы атрымання прафесарскае ступені. Трэба, каб чалавек вынайшаў штосьці, што зьмяніла б у лепшы бок стан у практычным выкарыстанні ягонае галіны.
Светапогляд спн. Марыны не дапушчае выпадковасці. Яна верыць, што «там, на версе» ўсё перадвызначана. Мы толькі павінны годна вытрымаць наканаванае.
Вось і цяпер, як кажа сама спн. Марына, у ейным жыцці надыйшоў час іспытаў. Зноўку трэба трываць і пераадольваць.
— Я павінна дапамагаць цёмным тварэнням Пана. Такім, напрыклад, як гэтае кацяня. Такі перыяд зараз. Я нават адчуваю, што прыйшоў час змяніць нават дзейнасць жыцця. Раней мяне захапляла юрыспрудэнцыя. Але зараз ужо ня так…
Марына Валянцінаўна нават паказала слабенькае кацяня, якое яна знайшла побач з домам мацi. Усё дрыжыць, баіцца, але спакойнае.
— Калі не аддам яго тут, то забяру з сабою. Я заплаціла б, каб кацянятка толькі забралі. Але ня ўпэўнена, ці пакінуць яго.
Марына Валянцінаўна Сянцова выкладае ня толькі ў Расеі. Але і ў Польшчы, Беларусі. Піша кнігі. І ня толькі навуковыя, але й мастацкія. У гэтым спн. Марына бачыць магчымую будучыню свайго жыцьця.
— Часам ня ведаеш, хто і які сэнс пабачыць у прачытаным, — кажа Марына Валянцінаўна. — Гэта я ўбачыла, калі адзін мой вучань, прачытаў «У палоне сваіх маніяў». Ён убачыў у гэтым творы сэнс, які я не ўкладала.
Творчасць — тая прыгажосць, якая рухае свет. А спн. Марына імкнецца рухацца ў адное плыні са струменем натхнення.
Мажліва, за хуткім часам Нобелеўскую прэмію атрымае яшчэ адна беларуска. Але гэта думкі. Таму ўлягуся ў волю лёсу й часу, як спн. Марына. Трэба жыць сучаснасьцю.
Александрына Глаголева, «Наш Дом»
[email protected]