«У мяне нарадзіўся сын Святаслаў. Жыве Беларусь!» — такі запіс сёння пакінула ў Фэйсбуку кіраўніца кампаніі «Наш дом» Вольга Карач. «Наша Ніва» патутарыла з шчаслівай маці.

Як высветлілася, Святаслаў нарадзіўся яшчэ тры тыдні назад, 3 снежня. Проста мама з татам вырашылі тады не афішаваць падзею. Хацелася больш часу аддаваць сям’і, «наладзіць паміж сабой камунікацыю», — тлумачыць Вольга.

Сын нарадзіўся ва Украіне падчас Еўрамайдану. На Майдан палітык ехала адмыслова. А з родамі «так здарылася», кажа жанчына.

Сына назвалі ў гонар старажытных князя Святаслава Алегавіча. Яму далі двайное прозвішча, пры гэтым спачатку ідзе жончына — Карач-Баршчэўскі. «Гэта было наша агульнае рашэнне», — запэўніла Вольга.

Зараз яна з мужам і сваімі бацькамі знаходзяцца ва Украіне. На радзіму ў Віцебск збіраюцца адразу пасля Ногава года. Трэба, каб сынуля крыху акрэп. Ён важыць 3 150.

Дома ўнука з нецярпеннем чакаюць яшчэ адны дзядуля з бабуляй, бацькі Алега. Для Вользіных гэта другі ўнук, а для мужавых — першы, доўгачаканы.

 

Мы запыталі, ці не паўплывае з’яўленне новага члена сям’і на палітычныя планы. Нагадаем, палітык заяўляла пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у 2015-ым годзе.

«Зразумела, што не! Я вельмі спадзяюся, што якраз буду больш разумець маладых бацькоў і людзей, у якіх ёсць дзеці. Бо раней для мяне гэта было больш тэарэтычна».

Наадварот, Вольга лічыць, што з дзіцём займее больш паспеху, таму што жыццё стане паўнейшым: «Я зараз зразумела, што жыццё было не поўнае. Яно было нармальнае. У пэўным сэнсе, шчаслівае. Але не поўнае».

Вользе 34 гады. У ранейшых інтэрв’ю яна казала, што была цяжарная, але дзіця памерла.

«Ведаеце, атрымалася, што мы некалькі гадоў маральна рыхтаваліся гэта ўсё паўтараць. Не дай бог гэта ўсё адчуваць, калі ў цябе ўнутры мёртвае дзіця… Гэта проста пекла».

Гэтым разам, як кажа Вольга, усё зрабіў бог: «Так што дзякуй богу, усё ўдалося».

Аксана Рудовіч, «Наша Ніва»

Ваша электронная почта не будет опубликована.
Поля, обязательные для заполнения *

*