Ці варта Эўразьвязу і ЗША ўвесьці санкцыі адносна Беларусі за парушэньні правоў чалавека? Якія санкцыі маюць сэнс, а якія — не? Ці эфэктыўныя санкцыі? Ці ня кінуць санкцыі Менск у абдымкі Масквы? Па гэтых тэмах у «Праскім акцэнце» спрачаюцца кіраўніца МЦГІ «Наш дом» Вольга Карач і аналітык цэнтру Эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Карач

  • Я найперш за дэталёвы аўдыт адносінаў Беларусі і ЭЗ.
  • Я за санкцыі двух тыпаў: забарона на ўезд у ЭЗ для чальцоў выбарчых камісіяў і тых, хто адказны за рэпрэсіі, і забарона на імпарт у ЭЗ прадукцыі, якая вырабленая з парушэньнямі правоў чалавека, у прыватнасьці, за кошт прымусовай працы зьняволеных.
  • Лукашэнка заўсёды пачынае вельмі брутальныя рэпрэсіі пасьля кожнага пацяпленьня адносінаў з Захадам, так было і ў 2008–2010, і ў 2015–2020 гадах.
  • Палітыка дыялёгу з Захадам неэфэктыўная і вядзе да ўзмацненьня рэпрэсіяў.
  • У 2010 годзе эўрадэпутаты казалі, што Эўропа павінна адкрыцца беларусам і закрыцца для Лукашэнкі. А атрымалася наадварот.
  • Размовы пра тое, што санкцыі кінуць Менск у абдымкі Масквы — гэта як казаць: дайце грошы хатняму гвалтаўніку, інакш ён яшчэ больш будзе біць жонку і дзяцей і прадасьць дачку сутэнэрам.
  • Пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, патрэба Беларусі ў зьнешняй запазычанасьці будзе заўсёды.
  • Чаму Лукашэнка будзе абавязаны бегчы ў Расею? У яго будзе відавочны шлях, у тым ліку і скасаваньня санкцыяў — проста пачаць дэмакратычныя рэформы.
  • Я адмаўляюся браць на сябе адказнасьць за дзеяньні Лукашэнкі. У яго ёсьць выбар, ён можа выбраць дэмакратычны шлях.
  • Калі Захад дае грошы Лукашэнку, ён робіць наш крызіс больш глыбокім.
  • Сытуацыя ў краінах Азіі ці Афрыкі часам і горшая, чым у Беларусі. Але нас цікавіць сытуацыя ў нас. Мы параўноўваем сябе з суседзямі, зь якімі ў нас агульная гісторыя, а не з Эгіптам.
  • Лукашэнку доўгі час і Захад, і Расея падтрымлівалі таму, што здавалася, што насельніцтва яго ў прынцыпе падтрымлівае.
  • Цяпер сытуацыя зьмянілася, і насельніцтва хоча бачыць на чале дзяржавы іншую асобу.
  • Упершыню за 26 гадоў беларуская нацыя дэманструе сваю волю і патрабуе «пачэснага пасаду між народамі».
  • Заходнія грошы, якія выдзяляюцца на дапамогу малому бізнэсу ў Беларусі, трапляюць у кішэні людзей, якія да незалежнага прыватнага бізнэсу ня маюць ніякага дачыненьня.

Ягораў

  • Я заклікаю думаць пра эфэкт і наступствы санкцыяў.
  • Санкцыйная палітыка не дае для Беларусі вынікаў, прынамсі кароткатэрміновых.
  • Заганныя цыклі двухбаковых адносінаў — ад чарговых пацяпленьняў да новай замарозкі адносінаў і новых санкцыяў.
  • Варта не вяртацца да санкцыяў, а падумаць, як разарваць заганны цыкль гэтай палітыкі.
  • Пасьля аднаўленьня санкцыяў аднаўленьне адносінаў запатрабуе гадоў.
  • Я нязгодны з тэзай, што пацяпленьне адносінаў з Захадам вядзе да ўзмацненьня рэпрэсіяў.
  • Рэпрэсіі здараюцца паводле ўнутранай лёгікі рэжыму, а не таму, што ён знаходзіцца ў адносінах каапэрацыі ці канфрантацыі з ЭЗ.
  • За 5 гадоў супрацы ЭЗ з афіцыйным Менскам незалежныя структуры страцілі ў каапэрацыі з Эўропай.
  • У цяперашняй сытуацыі эканамічнага крызісу Беларусі патрэбныя зьнешнія пазыкі. Любыя заходнія санкцыі абмяжоўваюць магчымасьць выхаду Беларусі на міжнародныя фінансавыя рынкі. Адзінай крыніцай застанецца Расея. І Расея будзе гэтым карыстацца, прымушаючы Беларусь да паглыбленьня інтэграцыі.
  • Я заклікаю глядзець на рэальнасьць, а не на ілюзіі.
  • Падчас санкцый у 2011–2015 гадах гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і ЭЗ павялічыўся.
  • У свой час колішняга кіраўніка МЗС Польшчы Радэка Сікорскага спыталі, чаму санкцыі адносна Беларусі ёсьць, а адносна Азэрбайджану — не. Ён адказаў: таму што Беларусь — гэта Эўропа.
  • Мы чулі і ў 2001, і ў 2006, і ў 2010 гадах, што беларускі народ хоча іншага.
  • Мы бачым большую палітызацыю беларускага грамадзтва, але ў мяне няма падставаў казаць пра кардынальную зьмену настрояў.
  • Калі сыстэма мікрагрантаў ад ЭЗ рэалізуецца празь незалежныя структуры, праз прыватныя банкі, там усё празрыста. Нават інфраструктурныя праграмы ЭЗ ідуць на карысьць ня толькі чыноўнікам. Калі за эўрапейскія грошы рамантуюць беларускія дарогі, хіба гэта толькі для дзяржавы карысна?

Юры Дракахруст,
Радыё Свабода