Вясна падчас абуджае не толькі прыроду. У Дзень Волі, 25 сакавіка, уся краіна ўскалыхнулася, калі па вуліцах дзясяткаў гарадоў прайшлі простыя беларусы, каб выказаць сваё слова супраць прынятага Дэкрэту №3. Дакумент, закрануў не ўсіх, але на «Маршы нетуняядцаў» апынуліся ў першую чаргу тыя, хто неабыякава ставіцца да лёсу Беларусі.
Таццяна Палхоўская па прафесіі псіхолаг, на акцыі яна павінна была выступаць як назіральнік, але за некалькі гадзін да Марша, дзяўчыну і іншых яе калег затрымалі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».
«Мы павінны былі ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі, на што мелі адпаведную акрэдытацыю БХК. А 12-й гадзіне ў офісе распачаўся інструктаж, дзесьці каля 13 гадзін ўварваліся АМАПаўцы», — распавяла нам дзяўчына.
Таццяна ўспамінае, як у калідоры рэзка пачуўся грукат і валтузня, а потом праз некалькі секунд — над галовамі крыкі: «Всем лежать! Лицом в пол! Руки над головой!». Амапавец прабег па людзях, а потым, ускочыўшы на падваконне, загадаў не рухацца.
«Нас прымушалі падымаць галаву, называючы сябе на камеру. Вельмі прыніжальна. Гэта ж ідэальная карцінка для БТ! Вялікая група людзей у адным памяшканні, затрыманая «доблестными» супрацоўнікамі, а прычыну можна падагнаць любую».
Па словах дзяўчыны, у офісе іх па некалькі разоў перапісвалі па імёнах, потым выводзілі на дагляд. Таццяна Палхоўская ўспамінае, што на працягу ўсяго часу супрацоўнікаў АМАПа заўсёды мянялі месцамі, каб не ўзнікаў кантакт з затрыманымі.
«Цяжка сказаць, якія думкі былі ў гэтых мужчын і жанчын у форме, але іх падкрэслена ветлівыя паводзіны пры даглядзе, калі асабістыя рэчы былі поўнасцю перавернуты, вызывалі агіду».
Усіх затрыманых з офіса выводзілі да аўтобуса, моцна трымаючы за рукі, як небяспечных злачынцаў. Месца катастрафічна не хапала: садзіліся адзін аднаму на калені. Калі людзей не было куды ўпіхваць, затрыманых адправілі ў Кастрычніцкі РУУС.
«Прывезлі на месца і завялі ў спартыўную залу, доўга нечага ці некага чакалі. Ніхто з намі не размаўляў, не ні называў сябе, ні прычыну затрымання, ні куды вязуць і на што маем права».
У РУУСе затрыманых зноў даглядалі. Хлопцам і дзяўчатам загадвалі здымаць абутак, рамні, часткова вопратку. А потым некаторых пачалі выводзіць у калідор.
«Калі я выйшла са спартыўнай залы, адразу не зразумела куды. Толькі за варотамі стала ясна, што нас ужо адпусцілі».
З Кастрычніцкага РУУС Таццяна Палхоўская выйшла праз некалькі гадзін затрымання. На яе не афармлялі дакументаў, толькі перепісалі некалькі разоў прозвішча ды пашпартовыя дадзеныя.
«Для мяне затрыманне скончылася, можна сказаць, паспяхова: не білі, не судзілі, не трымалі ў халодных ды душных засценках. Але вяртацца ў жыццё «пасля» аказалася не проста».
Таццяна адзначае, што пасля такіх падзей яна доўга прыходіла ў сябе і знаходзілася ў шокавым стане.
«Псіхалагічны было вельмі цяжка. Ведала, што крытычны момант пройдзе і зноў буду займацца паўсядзённымі справамі. Але хацелася крычаць: «Я ж нічога не зрабіла! За што?».
Як практыкуючы псіхолаг, Таццяна Палхоўская ведае, што прайсці праз сістэму пад назвай – беспадстаўнае затрыманне, вельмі цяжка, асабліва калі няма побач блізкіх і тых, хто гатовы падтрымаць. Таму, як спецыяліст, Таццяна гатова аказаць дапамогу пасля жорсткіх рэпрэсій супраць удзельнікаў Марша тым, каму яна неабходная.
Вольга Раманава,
“Наш Дом”