Як пошук новых ідэй звязаны з грамадскімі прыбіральнямі, а Кніга скаргаў — з лёсам дэпутатаў, разважае лідар “Нашага дома” Вольга Карач.

 

Еўрарадыё: Вы анансавалі пачатак кампаніі “Еўрарамонт Беларусі”. Але з роліка не зразумела: вы прапаноўваеце ідэю, але на якіх канкрэтна праблемах засяродзіцца, пытаецеся ў людзей? Ці ў вас ёсць план кампаніі?

 

Вольга Карач: Кампанія агульнарэспубліканская, яна прапрацаваная і будзе адбывацца ў тры крокі. Мэта “Еўрарамонту” простая і зразумелая — наблізіць Беларусь і беларускія стандарты якасці жыцця да еўрапейскіх. Што гэта азначае? Возьмем для прыкладу сферу, якая не вельмі даспадобы чыноўнікам: паводле стандартаў якасці жыцця ў нас павінна быць адна бясплатная прыбіральня на 10 тысяч чалавек. І дзяржава павінна яе нейкім чынам пабудаваць. Але хто прыдумаў гэтую лічбу?! Ці адпавядае яна рэчаіснасці і патрэбам людзей? Калі мы пройдземся па цэнтры любога горада, то кожны мінак скажа, што прыбіральняў не хапае.

 

У Віцебску на 350 тысяч жыхароў пабудавана 419 прыбіральняў. На першы погляд — нармальна. Але калі пачынаеш прыглядацца, то заўважаеш, што гэтыя прыбіральні знаходзяцца не ў цэнтры, а дзесьці на ўскрайку. І атрымліваецца, што калі чалавек у цэнтры горада адчувае пэўную патрэбу, то яму яе вельмі цяжка ажыццявіць. І цяжка выкарыстаць той стандарт якасці жыцця, які тычыцца прыбіральняў.

 

І так шмат у чым. Прычым у нас няма нейкага дапаможніка, дзе ўсе нашы стандарты былі б сабраныя разам і іх можна было б паглядзець — яны раскіданыя па розных законах. Мы хочам усе гэтыя стандарты якасці пазнаходзіць у тых законах і зрабіць запыты да ўладаў мясцовых і рэспубліканскіх. Другі крок кампаніі — праверыць, як гэтыя стандарты прымяняюцца на практыцы. Па тым жа Віцебску мы бачым, што прыбіральні ёсць на могілках, але іх амаль няма ў цэнтры. Атрымліваецца, што на паперцы ўсё ёсць, а ў жыцці адчуваецца, што і няма. Задача нашай кампаніі, каб беларускія стандарты якасці адпавядалі рэчаіснасці, а не былі “паказухай”. Каб гэтыя стандарты сапраўды працавалі.

 

Еўрарадыё: Здаецца, тут не ўсе “крокі” вашай праграмы?..

 

Вольга Карач: Яшчэ нам вельмі важна зразумець, ці сапраўды раённыя, абласныя і рэспубліканскі бюджэт ідуць на паляпшэнне якасці жыцця. У выпадку з тымі ж прыбіральнямі ці з медыцынай. Стандарты гэтыя мусяць не толькі выконвацца, але і павышацца — мы ж жывём у еўрапейскай краіне, і гэтыя стандарты павінны павышацца з кожным месяцам. Хто, да прыкладу, вырашыў, што сярэдні заробак у Беларусі мусіць быць 500 долараў? Чаму не 500 еўра, ці не 800 еўра?! Чаму мы арыентуемся на нейкія бедныя, а не на заможныя краіны ў пытанні стандартаў той жа медыцыны? Нават у Літве якасць медыцынскага абслугоўвання лепшая, чым у Беларусі. А гэта азначае, што стандарты якасці медыцынскага абслугоўвання трэба падвышаць хаця б да літоўскіх. Гэта — мэта нашай кампаніі. Што да роліка, то ён першы, але не апошні. Нам сапраўды патрэбная дапамога насельніцтва — нашы актывісты не змогуць пракантраляваць кожны стандарт у кожным горадзе. Разам мы здолеем прасачыць не толькі за тым, каб стандарты жыцця выконваліся, але і каб яны падвышаліся. Не важна, хто будзе ва ўладзе, важна, каб жыццё людзей паляпшалася.

 

Еўрарадыё: Значыцца, найперш вы хочаце падбухторыць людзей да таго, каб яны гэтыя стандарты перад уладамі пачалі адстойваць?

 

Вольга Карач: Безумоўна, самі мы з гэтым не справімся. І найперш нам трэба давесці людзям, што гэтыя стандарты якасці ёсць — шмат хто ўвогуле не ведае, што гэтыя стандарты якасці існуюць.

 

Еўрарадыё: Думаеце, што заклікі прывесці стан грамадскіх прыбіральняў у адпаведнасць са стандартамі якасці жыцця здольныя абудзіць грамадзянскую актыўнасць у людзях?

 

Вольга Карач: Гэта кампанія апрабаваная намі на мясцовым узроўні ў розных гарадах. Нават у тым, што тычыцца прыбіральняў. І ў Гомелі, і ў Віцебску, і ў Бешанковічах мы рабілі тэставыя міні-кампаніі па прыбіральнях. Але ж прыбіральні — гэта маленькі прыклад. Ёсць жа камунальная сфера, медыцынская сфера, сфера адукацыі, дзе шмат гэтых стандартаў. Чалавек, які сутыкнуўся з нейкай праблемай, насамрэч, мае шмат інструментаў, каб і гэтую праблему вырашыць, і нам дапамагчы, нашай кампаніі. Ёсць у Беларусі такі класны інструмент, як Кніга скаргаў. На жаль, яго не так шырока выкарыстоўваюць, як могуць. Ёсць такі інструмент, як запыт да таго ж мясцовага дэпутата. Каб яны праверылі якасць грамадскіх прыбіральняў. Дэпутаты павінны рэагаваць на звароты выбаршчыкаў! Тым больш што набліжаюцца мясцовыя выбары. Хочуць захаваць мандат — павінны варушыцца. Не хочуць варушыцца — мы ім дапаможам.

 

Еўрарадыё: Адказ чыноўнікаў: “У бюджэце грошай на важныя праекты не хапае, экспарт зніжаецца, ЕС са сваімі санкцыямі і спісамі неўязных жыцця не дае — якія тут прыбіральні, якія стандарты якасці жыцця?!”

 

Вольга Карач: Нам на тэлебачанні дзяржава кажа, што грошай у бюджэце хапае, ВУП расце з кожным днём. А гэта азначае, што грошай павінна хапаць і на прыбіральні, і на дахі, і на рамонт дамоў, і на дзіцячыя пляцоўкі, і шмат яшчэ на што. Трактары не прадаюцца, чорныя спісы чыноўнікаў — гэта высокая палітыка. А мы кажам пра вельмі простыя рэчы — наша жыццё павінна станавіцца лепшым. Людзі павінны зразумець: калі яны не будуць варушыцца, патрабаваць гэтых стандартаў — нічога і не будзе. Добрыя дзіцячыя пляцоўкі будуць толькі ў дварах тых, хто іх патрабуе, ці ў дварах чыноўнікаў. А ў дварах іншых нічога не будзе. І гэта таксама пытанне несправядлівасці. Чаму ў доме, дзе ёсць актывісты “Нашага дома”, зроблены якасны рамонт і ёсць добрыя дзіцячыя пляцоўкі, а дзе нашых актывістаў няма — там нічога гэтага няма? Гэта няправільна. Кожны чалавек Беларусі мае права на доступ і да якаснай медыцыны, і да якасных камунальных паслуг, і да прыбіральняў у тым ліку!

 

Еўрарадыё: Вельмі своечасова з’явіўся анонс вашай кампаніі — напярэдадні мясцовых выбараў. З такім пасылам пойдуць вашы кандыдаты ў дэпутаты да выбаршчыкаў?

 

Вольга Карач: Гэтыя дзве падзеі і звязаныя, і не. Мы палічылі, што падчас мясцовых выбараў павялічваецца інтарэс да мясцовых праблемаў. Добры момант для старту нашай кампаніі! Але яна будзе працягвацца і пасля мясцовых выбараў. Што тычыцца нашых актывістаў, якія пойдуць на выбары ў якасці кандыдатаў, то, зразумела, што яны пойдуць з гэтым мэсаджам — “Еўрарамонту” і павышэння стандартаў якасці жыцця.

 

Еўрарадыё: Актывісты “Гавары праўду!”, Партыі БНФ і Руху “За свабоду” ўжо некалькі месяцаў ходзяць да людзей са сваім “Народным рэферэндумам”, а зараз і “Наш дом” выходзіць у народ са сваім “Еўрарамонтам” — палітыкі нарэшце вырашылі павярнуцца тварам да простых беларусаў і тых праблем, якія іх сапраўды хвалююць? 

 

Вольга Карач: “Наш дом” ніколі ад народа і не адыходзіў — мы пачыналіся менавіта як гарызантальная ініцыятыва, сетка неабыякавых людзей, якія шчыльна працуюць з насельніцтвам і чыноўнікамі. У нас шмат мясцовых кампаній і шмат поспеху на лакальным узроўні. І мы вырашылі, што трэба зрабіць пэўнае перафарматаванне і назапашаны вопыт зрабіць больш заўважным на рэспубліканскім узроўні. Таму, з аднаго боку, “Еўрарамонт” — гэта шмат лакальных кампаній, а з другога — адзіная ідэя “Як зрабіць жыццё вакол сябе лепшым”. А што да “Народнага рэферэндуму”… Гэта пачатак новага палітычнага цыкла: прыйшоў час папрацаваць над памылкамі, паспрабаваць выправіць усе тыя памылкі, якія былі зроблены за апошнія 16 гадоў. Палітыкі шукаюць нейкую новую нішу і нейкія новыя ідэі. “Народны рэферэндум” — гэта спроба паслухаць, што кажуць людзі, даведацца, чым яны жывуць. А “Наш дом” і так жыве сярод людзей. Мы і так ведаем гэта.

 

Еўрарадыё: Любая кампанія патрабуе грошай — яны ў вас ёсць?

 

Вольга Карач: У нас ёсць падтрымка народа — гэта самае галоўнае фінансаванне, якое можа быць!

 

Еўрарадыё: На мясцовыя выбары вы падрыхтавалі “Еўрарамонт”, а з якой праграмай вы ў якасці кандыдата пойдзеце на прэзідэнцкія выбары 2015 года?

 

Вольга Карач: Час яшчэ ёсць — паглядзім. Павінна быць нейкая інтрыга, праўда ж?! Магу абяцаць, што ў наступныя гады мы будзем вельмі крэатыўныя і будзем радаваць журналістаў нечаканымі хадамі і ідэямі.

 

Еўрарадыё: Як змянілася да вас стаўленне калег па дэмакратычным лагеры пасля вашай заявы пра магчымы ўдзел у выбарчай кампаніі 2015 года?

 

Вольга Карач: Камунікацыя стала больш складанай. Гэта адчуваецца. Але я веру ў тое, што людзі разумныя павінны аб’ядноўвацца вакол ідэі, вакол лідараў. Усё не проста стала адразу… Але гэта цікавы вопыт. “Наш дом” успрымалі як народную ініцыятыву, але адразу да нас змянілася стаўленне з боку тых арганізацый, якія падумалі, што мы можам быць канкурэнтамі.

Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Exit mobile version