Журналістам незалежных СМІ у нашай краіне ўсё цяжэй выконваць свае абавязкі. На адны мерапрыемствы могуць не пусціць, а на іншых – затрымаць, як тое было падчас сакавіцкіх акцый. І нікога не турбуе, што карэспандэнт займаецца сваёй работай, а яго арышт супярэчыць нормам міжнароднага права.
Сваю гісторыю нам расказала Ірына Міхайлоўская (імя і прозвішча зменена па просьбе рэспандэнта).
Ірыне 32 гады, яна мае вышэйшую адукацыю і працуе журналістам ў незалежным СМІ. У сакавіку жанчына таксама была на працы, а 18 сакавіка яна накіравалася ў Барысаў: паступіла інфармацыя, што анархісты будуць праводзіць акцыю пратэсту, заклікаць людзей выйсці на плошчу і тым самым дэманстраваць, што страху ў грамадстве больш няма.
Трапіўшы ў цэнтр горада, Ірына ўбачыла, што на акцыю ніхто не выйшаў. Жанчына рабіла рэпартаж з пустой плошчы, калі да яе падышлі міліцыянеры і запатрабавалі паказаць дазвол на здымкі ад якой-небудзь арганізацыі. А хто ў прынцыпе можа даць такі дазвол? Да таго ж кожны чалавек мае права на збор і распаўсюд інфармацыі, тым больш што плошча не рэжымны аб’ект. Але ж даказаць гэта людзям у форме немагчыма. І толькі потым Ірына даведалася, што міліцыянеры атрымалі канкрэтны загад яе затрымаць за тое, што працуе ў незалежным СМІ.
«Менавіта ў рэгіёнах да нас заўжды ставяцца з “асаблівай увагай”, – зазначыла Ірына. – Ці выслужыцца хочуць, ці перастрахоўваюцца, ды баяцца нешта прапусціць, ці папросту не ведаюць, што мы нічога не парушаем».
Міліцыянеры папярэдзілі журналістаў, што калі яны адмовяцца ехаць у аддзяленне, то гэта будзе разгледжана як непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. І калі за працу без акрэдытацыі карэспандэнтам пагражае штраф, то ў гэтым выпадку можа быць і арышт. А там ужо і да супраціўлення супрацоўнікам міліцыі недалёка.
«Хоць і падпарадкоўвацца мы мусім толькі законным патрабаванням, паспрабуй дакажы пасля, што яны былі незаконныя», – зазначыла Ірына.
Журналісты селі ў міліцэйскі аўтамабіль. Там убачылі яшчэ аднаго мужчыну, які прадставіўся «супрацоўнікам зацікаўленых органаў» і здымаў усё на відэа.
А калі ўжо ў РАУС меўся адбыцца вобшук, на змену гэтаму «супрацоўніку» прыйша з камерай жанчына. Ірыне загадалі распрануцца, але яна сказала, што перад камерай гэта рабіць не будзе. Жанчыны-міліцыянеры ажно разгубіліся, відаць, не часта затрыманыя так сябе паводзяць. Па меркаванні супрацоўніц міліцыі, нічога абуральнага і надзвычайнага не адбывалася, хаця потым, паразважаўшы, яны дазволілі Ірыне застацца апранутай, але камеру не выключылі. Мацалі журналістку вельмі старанна. Шукалі тэлефон, які яна пакінула перад уваходам ў РАУС свайму калегу.
Суд над Ірынай праходзіў па месцы яе рэгістрацыі ў Мінску. Сведкамі на працэсе выступілі міліцыянеры, якія затрымлівалі карэспандэнта. Жанчыну абвінавачвалі па артыкуле 22.9 (незаконны выраб прадукцыі СМІ) КаАП РБ, фота і відэа здымаць не дазволілі, нават на калідорах па-за працэсам, чым, па меркаванні Ірыны, зноў парушылі яе правы. Прадказальна: журналістку прызналі вінаватай. Суддзя Сяргей Крупец прысудзіў выплаціць штраф – 40 базавых велічыняў (Br 920).
25 сакавіка Ірына ўжо была ў Віцебску: асвятляла падзеі, што адбываліся ў цэнтры горада. Журналістку зноў затрымалі і адвезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна. Там жанчына правяла чатыры з паловай гадзіны, хаця калегам, якія шукалі Ірыну, міліцыянеры схлусілі, што жанчыну адпусцілі. Пры гэтым журналістцы пагражалі, што накіруюць ліст у аддзел сацапекі па месцы жыхарства, каб там праверылі яе сям’ю (у карэспандэнта двое дзетак).
Суд над журналістам меўся адбыцца ў Віцебску, але Ірына на яго не паехала. Завочна жанчыну прызналі вінаватай ў парушэнні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ, і суддзя Кастрычніцкага суда Віцебска Уладзімір Царыкаў прызначыў выплаціць 25 базавых велічыняў.
На жаль, сітуацыя, у якую трапілі Ірына, даволі тыповая для нашай рэчаіснасці. Напрыклад, мы пісалі пра журналістку Ганну Дусь, якая таксама не змагла выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Вольга Раманава,
«Наш Дом»