Кожны беларус мае свае абавязкі і правы. На жаль, апошняе ўлады ўсё часцей забываюць. Заканадаўчыя акты на паперы нярэдка разыходзяцца з тым, што адбываецца ў жыцці. Менавіта таму да незалежных праваабаронцаў у нашай краіне звяртаюцца з большым даверам.
Смеян-Семянюк Ірына з 2011 года з’яўляецца грамадскім назіральнікам на судовых паседжаннях, массавых мерапрыемствах, а таксама праводзіць кансультацыі для затрыманх і пакараных штрафамі актывістаў.
«Мне 30 год. У мяне ёсць сям’я – у шлюбе ўжо 9 год. Ва ўніверсітэце вучылася на інжынера хіміка-тэхнолага, зараз вяду праваабарончую дзейнасць. У сувязі з гэтым шмат назіраю за масавымі акцыямі ў Беларусі і па-за яе межам».
Разам з калегамі Ірына адследжвае адпаведнасць правядення мерапрыемставаў з нормамі дзеючага заканадаўства, а таксама маніторынг дзеянняў праваахоўных органаў, арганізатараў і ўдзельнікаў. Больш за тое, праваабаронцы кіруюцца міжнароднымі нормамі правядзеня мірных сходаў. Пазней, па выніках робіцца справаздача. А 25 сакавіка дзяўчына таксама рыхтавалася працаваць на Маршы ў якасці назіральніка.
«Напярэдадні выхаду, як мы кажам, «у полі», праводзіцца інструктаж. Вось і 25 сакавіка ў офісе праваабарончага цэнтра «Вясна» адбываўся інструктаж, у якім прынялі ўдзел 57 чалавек, прыехалі калегі з Расіі, Украіны, Францыі».
А 12 гадзіне быў прызначаны збор наглядальнікаў. Як успамінае Ірына, прыблізна ў 12.40 у офіс забегла каля 20 чалавек у форме і яшчэ столькі ж супрацоўнікаў было ў штацкім адзенні. З крыкамі: «Міліцыя!» загадалі ўсім пакласціся на падлогу. Так людей трымалі прыблізна гадзіну, а пасля пачалі па адным выводзіць ў аўтобус. Ніхто пры гэтым нічога не тлумачыў. Праваахоўцы не ведалі нават, куды іх вязуць.
«Міліцыя паводзіла сябе так, нібыта мы нейкая група тэрарыстаў. Кожныя 10 хвілін яны змянялі адзін аднога. Напэўна, гэта рабілі для таго, каб мы не запомнілі твары».
Ірына ўспамінае, што глядзець на АМАПаўцаў было нельга – толькі ў сцяну. А калі затрыманых пачалі выводзіць з пакою, супрацоўнікам загадалі апрануць маскі. Дзяўчына адзначае, што ёй адносна пашанцвавала: яе не білі, аднак тыя, хто сустракаў «гасцей» каля дзвярэй, мелі траўмы галавы і пераломы.
«У маленькі аўтобус запіхнулі 57 чалавек. Сказалі сесці па 3 і нават па 4 чалавекі на 2 крэслы, што было вельмі нязручна. Калі нехта замінаў на праходзе, сілай ўпіхвалі на крэсла».
Затрыманых павезлі ў Першамайскі РАУС. Там завялі ў актавую залу, дзе па адным вызывалі і перапісвалі пашпартовыя дадзеныя. Падставу затрымання, па словах Ірыны, ніхто тлумачыць не збіраўся. Агляд асабістых рэчаў праходзіўся моўчкі, а потым па 8-10 чалавек пачалі выводзіць на вуліцу.
«Выйшлі мы ўсе з РАУСа без афіцыйных дакументаў па факце затрымання. А калі выходзілі, то бачылі, як пад снегам і дажддом, узжоўж сцяны, стаяць людзі, сярод якіх былі і жанчыны, і людзі сталага ўзросту».
Пасля затрымання праваахоўцы пісалі зварот у Пракуратуру Першамайскага раёна Мінска. Дакумент быў перанакіраваны ў РАУС Першамайскага раёна, які правёў праверку. Па яе выніках парушэнняў дзеючага заканадаўства з боку міліцыянтаў не знайшлі.
У заключэнні па факце праверкі адзначалася, што АМАП выбыў на месца, бо ў Першамайскі РАУС паступіла паведамленне пра знаходжанне па адрасе праспект Незалежнасці, 78а – 48 вялікай колькасці падазроных грамадзян, якіх трэба было праверыць «на датычнасць да планавання масавых беспарадкаў».
Вольга Раманава,
«Наш Дом»