У «вольнай і незалежнай» Беларусі сёння не кожны можа заставацца аб’ектыўным і справядлівым. Хтосьці займае пазіцыю – «лепш не высоўвацца» або «мая хата з краю», а некаторыя ўвогуле свае думкі прызвычаіліся не агучвать. Аднак ёсць у краіне прафесія, якая маўчаць не мае права. Асабліва ў тыя хвіліны, калі краіну ліхаманіць, а людзі выходзяць на вуліцы ў пошуках справядлівасці і праўды.
25 сакавіка, у Дзень Волі, амаль у кожным горадзе Беларусі прайшлі антыдармаедскія Маршы. Пра падзеі, якія адбываліся на цэнтральных плошчах, расказвалі сотні журналістаў. Пра гомельскую акцыю на тэлеканале Белсат рабіла рэпартахы Ларыса Шчыракова. Адзначым, што жанчына ўдзельнічала ва ўсіх зімова-вясновых дармаедскіх акцыях.
«Тэлежурналістыкай я займаюся ўжо амаль 8 год. Маршы і наогул антыдармаедская актыўнасць мае каласальнае значэнне для свядомасці людзей. Трэба змагацца, калі парушаюцца правы», — расказала нам Ларыса.
Яна на асабістым прыкладзе добра ведае, што такое ісці супраць улады. Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова пагражалі забраць у журналісткі 10-гадовага сына. Галоўная мэта такіх пагроз, упэўнена жанчына, — жаданне перашкодзіць яе прафэсійнай дзейнасьці, а таксама ўдзелу ў акцыі пратэсту 25 сакавіка.
«Няхай не думаюць, што мяне можна шантажыраваць і запалохваць сынам. Я не дазволю здзекавацца са сваёй сямʼі».
Яшчэ да галоўнага мітынгу ў Дзень Волі, Ларысе прысудзілі штраф у 7 базавых велічынь за ўдзел у Маршы недармаедау ў Рагачове 12 сакавіка. Тады жанчына была ўпэўненая, што прызнаюць вінаватай, пакараюць ці штрафам, ці арыштам. Справу разбірала старшыня суда Гомельскага раёна Раіса Васільеўна Кавалевіч. Ад тлумачэнняў Ларыса адмовілася, бо разумела, што праўды ўсё роўна не знойдзеш. Жанчына адразу падкрэсліла, што не давярае суду беларускаму наогул, бо справа палітычна матываваная.
25 сакавіка Ларыса Шчыракова вяла онлайн-трансляцыю для Белсата, і яее затрымалі ўжо пасля заканчэння акцыі.
«Калі акцыя скончылася, да мяне пад’ехала міліцэйская машына, два супрацоўнікі без тлумачэнняў прычыны затрымання прапанавалі мне паехаць з імі ў РАУС. Я адмовілася і мяне павалаклі за рукі».
Супрацоўнікі паводзілі сябе вельмі груба. У Чыгуначным РАУСе на Ларысу быў складзены пратакол па артыкуле 22.9 Адміністратыўнага кодэкса – «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Жанчына з жахам успамінае гвалтоўнае затрыманне, але ўпэўнена, што змагацца неабходна.
«З уладай можна і трэба змагацца ў выпадку, калі парушаюцца правы. Улада адступае, што мы і ўбачылі. Людзі ў выніку сталі менш баяцца, сталі больш вольнымі, паверылі ў свае сілы, а да таго ж канчаткова перасталі давяраць словам галоўнага кіраўніцтва»
Ларыса адзначыла, што жорсткія рэпрэсіі не самым лепшым чынам паўплывалі і на яе псіхалагічны стан, але жанчына ўсё роўна не збіраецца прыпыняць сваёй дзейнасці.
Вольга Раманава,
«Наш дом»