Ірына Халіп вярнулася ў Беларусь пасьля сустрэчы са сваім мужам, экс-кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым, які ўвосень 2012 году зьехаў у Вялікабрытанію, дзе атрымаў палітычны прытулак.


Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Партызанскага РУУС Менску дазволіла Ірыне Халіп, асуджанай за ўдзел у Плошчы 2010 году, выехаць за мяжу ў пэрыяд да 3 красавіка. Ірына Халіп вылецела спачатку ў Варшаву 6 сакавіка, дзе яе чакаў Андрэй Саньнікаў.

«Я езьдзіла на спатканьне з мужам. І галоўнае было — правесьці хоць некалькі дзён разам зь ім. Вось мы і правялі. Яшчэ ў Варшаве змагла пабачыць сяброў. Тую ж Натальлю Радзіну, якой ня бачыла больш за два гады, з 22 сьнежня 2010 году, калі нас па розных камэрах разьвялі. Я ўбачыла таксама Дзіму Бандарэнку, Уладзімера Кобеца, Дзіму Бародку. Усіх пабачыла, і гэта было цудоўна. Але мала. Усё ж кароткае было спатканьне з мужам. На тэрыторыі Эўразьвязу гэта, вядома ж, лепш, чым спатканьне на тэрыторыі Наваполацкай калёніі. Але цяжка было ўсьведамляць, што ў нас толькі некалькі дзён і мы павінны будзем зноў на пэўны час разьвітацца. Разьвітаньне было нярадасным, але спадзяюся, што мы разьвіталіся не на такі доўгі час».

Карэспандэнт: «Якія пляны ў Андрэя Алегавіча, ці ён смуткуе па радзіме?»

Халіп: «Ну вядома ж, ён смуткуе па радзіме, па сям’і. Яму вельмі цяжка бяз нас. Але ён спадзяецца, і я спадзяюся, што ўсё гэта вельмі ненадоўга і хутка ён зможа вярнуцца ў Беларусь. Мы ўсе робім і будзем рабіць дзеля гэтага ўсё магчымае. Аднак ён у баявым настроі. І ён вярнуўся да сябе, да такога, якім ён быў яшчэ да арышту. Бо тыя два месяцы, калі ён выйшаў з калёніі, якія мы правялі разам, ён быў усё ж яшчэ зэкам. Я разумею, што патрэбная была больш доўгая псыхалягічная рэабілітацыя. А цяпер ён такі, якім я яго сустрэла некалі і пакахала».

Карэспандэнт: «Але ён пакуль не зьбіраецца вяртацца ў Беларусь?»

Халіп: «Пакуль гэта для яго немагчыма. З той самай прычыны, зь якой ён вымушаны быў зьехаць. Бо тут была пагроза для яго жыцьця. Яна захоўваецца, і таму трэба, каб муж захаваў сябе і сваё жыцьцё для будучыні, для сям’і, для Беларусі».

Ірына Халіп распавяла, што з сынам Данікам яны кантактавалі праз скайп. Сын сумаваў, што ня мог таксама паехаць да бацькі. Ірына спадзяецца, што наступным разам яны змогуць сустрэцца ўтраіх.

Як Ірына далей плянуе сваё падарожжа, дазволенае да 3 красавіка?

Халіп: «Я яшчэ пляную паездку ў Маскву, дзе мяне чакае рэдакцыя „Новой газеты“. 1 красавіка „Новая газета“ будзе сьвяткаваць сваё 20-годзьдзе. Так што якраз напрыканцы сакавіка я туды і паеду».

 

Алесь ДАШЧЫНСКІ

радыё  «Свабода»

Exit mobile version