Падчас сёлетняй акцыі Дня Волі затрымалі шмат жанчын. Сярод іх была актывістка й мастак Наталля Бордак. Нічога новага міліцыянты не прыдумалі. У пратаколах напісалі, што «лаялася ў грамадскім месцы, крычала, размахвала рукамі, на патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагавала».

Наталля Бордак. Фота fb.com

Але ёсць у гэтай справе пэўная асаблівасць. Пераслед Наталлі пачаўся ў 2006 годзе. Яе звольнілі з працы перад прэзідэнтскай кампаніяй. Гэта было яшчэ калі жанчына жыла ў Светлагорску. Адтуль Наталля з малодшым сынам пераехала ў Нясвіж.

Відавочна, не падабаецца дзеючай уладзе грамадская пазіцыя актывісткі-мастачкі. І паўплываць на жанчыну пенсійнага ўзросту вырашылі ўскосна, праз старэйшага сына.

Наталля Бордак мяркуе, што нясвіжскім міліцыянтам не спадабалася і яе акцыя ў 2014 годзе. Тады, 9 траўня, жанчына выйшла ў гарадскі парк з антываенным плакатам. За такую «нахабнасць» яе пакаралі двойчы: трое сутак арышту і штраф у 25 базавых велічынь.

Юрыю (так клічуць сына Наталлі) 32 гады. Ён ужо двойчы бываў у «Навінках». Маўляў, для лячэння ад алкагалізму. Але ж Наталля падазрае, што падобная ўвага ўзнікла да сына ў выніку яе дзейнасці. Дзейнасці ў палітычным рэчышчы.

— Адбываюцца дзіўныя рэчы, — кажа жанчына. — Мяркую, што за сынам сочаць. Бо часта трапляецца міліцыі ў нецвярозым стане. Рэгулярна прыходзяць «напаміны» аб сплаце штрафа. Нядаўняе з Першамайскага РАУС паводле аднаго з пратаколаў. У суме — 46 рублёў. А тэрмін сплаты мінуў.

Наталля згадвае, што сын быў разам з ёй на акцыі Дня Волі. Але тады яго не затрымалі. Яна кажа, што асаблівае цкаванне пачалося летась. Калі «Малады Фронт» зладзіў дабрачынны аўкцыён. Удзельнічала ў ім і Наталля. Уся інфармацыя пра тое была ў інтэрнэце. Жанчыну выклікалі на допыт. Задавалі шмат пытанняў. Але адказу на іх не пачулі. І праз пэўны час яе сына Юрыя паставілі на ўлік, ён аказаўся ў «Навінках».

У дачыненні ж да самой Наталлі здзяйсняюць, часам, смешныя рэчы. Так, скаргу наконт справы за ўдзел у мітынгу 25 сакавіка разглядалі без яе. Ліст з паведамленнем аб разглядзе прыслалі на наступны дзень пасля таго, як ён адбыўся.

Другая спроба ўплыву на грамадскую актывістку — яе перасталі запрашаць у нясвіжскую бібліятэку чытаць вершы. І спынілася тое рэзка, пасля 25 сакавіка. Раней жа актывітску-мастака запрашалі туды амаль кожныя два тыдні-тыдзень. То на літаратурна-музычныя мерапрыемствы, то на сустрэчы, выставы ці штосьці іншае.

— Відаць, прыйшоў нейкі загад, — кажа жанчына. — Раней я была патрэбная ім, а цяпер — не. Дарэчы, зараз у бібліятэцы ёсць сталы супрацоўнік з аддзела ідэалогіі. Людзі, вядома, не скажуць, што я ім не патрэбная. Але ж пасля 25 сакавіка мяне больш не запрашаюць.

Зараз у Наталлі складаны стан здароўя. Мусіць прайсці кампутарную тамаграфію пазваночніка ў 2-м клінічным шпіталі Мінска. Для гэтага збірае сродкі з дабрачынных ахвяраванняў неабыякавых людзей.

Таксама спн. Бордак мае намер абскарджваць пастанову суда аб разглядзе скаргі (удзел у мітынгу). Падчас размовы жанчына моцна хвалявалася. Аднак дзейнасць сваю прыпыняць з-за ўсіх выпрабаванняў не збіраецца.

Яўген Глаголеў-Васьковіч, «Наш Дом»
[email protected]

2 комментария, RSS

  • Nastassia Azarka

    Я, канешне, выбачаюся. Шчырага трывання спадарыне Наталле. Але што да бібліятэкі — мяне туды не запрашаюць зусім. Ад слова ніколі. Мерапрыемствы, на якіх атрымліваецца паўдзельнічаць, — запрашэнні шэпатам, з-пад стала і з папярэдняй цэнзурай. І гэта ня гледзячы на тое, што апошні мой удзел у будзь-якой апазіцыйнай акцыі — апошняе маё затрыманне было 6 гадоў таму. Хто кажа пра прэсінг?

  • Ядвига Астапова

    На детях начинают отыгрываться.Эта манера ментов всей страны..Я тоже это прошла. Без всяких подозрений можете заявлять,что идёт прессинг в открытую.