Дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў нікога не цікавіць. У вызначаны час праходзяць «рытуальныя» выбары адпаведна з заканадаўствам, а пасля пра дэпутатаў, якіх многія з выбаршчыкаў называюць «прызначанымі», усе забываюць да наступнага тэрміну мясцовых выбарчых кампаній.
Самі «прызначаныя» дэпутаты таксама не вельмі прагнуць асвятлення сваёй дзейнасці, асабліва ў той частцы, што тычыцца сустрэч з выбаршчыкамі і правядзення справаздач. Справаздачы перад выбаршчыкамі мясцовыя дэпутаты павінны рабіць не меньш, чым два разы за паўгоддзе. Ініцыятарамі такіх сустрэч могуць быць яны самі, альбо грамадзяне.
Звычайна выбаршчыкі пра такія справаздачы нават не ведаюць, паколькі яны аніяк не рэкламуюцца перад насельніцтвам. Яскравы прыклад — справаздача трох дэпутатаў Слуцкага раённага Савета ў пустой залі ў адзін і той жа час і пры адсутнасці аднаго з дэпутатаў 20 студзеня 2017 года.
Зусім іншая сітуацыя, але таксама цікавая, склалася ў Слуцку 25 студзеня ў сувязі з арганізаванай сустрэчай — справаздачай з выбаршчыкамі дэпутата Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Мікалая Прудніка, дырэктара ААТ «Сахарарафінадны камбінат», пра якую хацелася б распавесці больш падрабязна.
Справа ў тым, што актыўнасць у падрыхтоўцы справазадачы дзейснага дэпутата праявілі актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш дом», якія сабралі сярод выбаршчыкаў 120 подпісаў з заклікам да дэпутата абласнога ўзроўню праінфармаваць аб сваёй дзейнасці яшчэ ў лістападзе 2016 года.
Мікалай Пруднік таксама праявіў актыўнасць — даў абвестку аб месцы і часу сустрэчы ў мясцовай раённай газеце «Слуцкі край». Яна адбылася 25 студзеня 2017 года ў актавай залі дома культуры сахарнага завода.
Як паведаміла актывістка кампаніі «Наш дом» Тамара Блінова, яна асабіста паклеіла больш за 60 аб’яў у розных месцах выбарчай акругі.
У выніку рэкламы мерапрыемства ў азначаны час ў актавай залі сядзелі больш за 40 чалавек, і дэпутат у прысутнасці старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Ражанца паведаміў аб выніках дзейнасці Мінскага абласнога Савета. Гаварыў даволі доўга, прывёў шмат красамоўных лічбаў аб становішчы розных галін вытворчасці ў Мінскай вобласці, якія падцвярджалі, што дэпутаты праводзяць сесіі і разглядаюць розныя пытанні. Распавёў і аб сваіх прыёмах у кабінеце дырэктара прадпрыемства кожны другі аўторак.
«Кожны другі аўторак у кабінеце дырэктара прадпрыемства я вяду асабісты прыём грамадзян. Людзі могуць наведваць і як дэпутата, але чамусьці ідуць, як да дырэктара і, у асноўным, па праблеме працаўладкавання. Большасць атрымлівае адмову, паколькі патрэбнасць у кадрах на нашым прадпрыемстве абмежаваная. Патрэбны, у асноўным, трактарысты, — паведаміў дырэктар завода. — Дарэчы, калі з дзіцячага садка №21 звярнуліся па дапамогу па ўпарадкаванні тэрыторыі, таксама дапамаглі, чым маглі. Але больш ніхто не звяртаўся».
Пасля выступу ў залі падхапіўся пажылы чалавек, былы галоўны інжынер сахарнага завода, які ўхваліў дырэктара завода за памкненні ў вобласці новых тэхналогій, якія палепшылі экалогію для жылога мікрараёна.
Дэпутат падзякаваў за ўхвалу і папытаў, ці ёсць яшчэ якія пытанні. У аднаго з прысутных знайшлося «крамольнае» пытанне наконт сабекошту вытворчасці сахару ў параўнанні з аналагічнай вытворчасцю заходніх краін, якое не атрымала адказу. Высветлілася, што гэта — закрытая інфармацыя для служэбнага карыстання, не для насельніцтва.
У залі нейкі час царавала поўная цішыня. Дэпутат аб’явіў, што мерапрыемства скончана, і ўсе прысутныя адразу ж, як па камандзе, усталі, і за хвіліну пакінулі залу.
Тамара Блінова, ініцыятарка справаздачы дэпутата, у каментары карэспандэнту «НЧ» разгублена прызналася, што чакала іншага ад справаздачы дэпутата.
«Я думала, што дэпутат распавядзе пра тыя рашэнні, якія былі б цікавымі для людзей, пра сваю дзейнасць, якая набліжана для выбаршчыкаў акругі. Таксама не зразумела, што гэта былі за людзі ў залі, якія ціха пасядзелі, і гэтак жа ціха, як па камандзе. выйшлі. Тут не было ніводнага чалавека з тых, хто падпісваў калектыўны зварот і скардзіўся на праблемы ў мікрараёне. Асабліва шмат праблем было ў людзей, якія жывуць у шматпавярховых дамах на вуліцах Салігорскай, Тутарынава, Маладзёжнай, і якія б хацелі распавядаць пра іх дэпутату. Праўда, многія з іх баяліся паставіць нават подпіс на звароце, паколькі сахарарафінадны завод — гэта іх месца працы». Тамара Іванаўна паведаміла, што некаторыя з гэтых пытанняў яна пералічыла ў асабістым пісьмовым звароце і паспела ўручыць асабіста дэпутату перад пачаткам сустрэчы.
Пенсіянер Анатоль Богуш, які задаваў пытанне пра сабекошт сахару, прызнаўся, што ён не жыве на тэрыторыі выбарчай акругі, але дапамагаў актывістцы «Нашага дому» збіраць подпісы пад калектыўным зваротам з патрабаваннем справазадачы дэпутата.
«У мяне ў галаве зараз круціцца пытанне: «Што гэта было?», — дзівіцца Анатоль Богуш, — столькі людзей падчас збору подпісаў скардзілася на адсутнасць працы дэпутатаў і пералічвалі пытанні, якія б захацелі паставіць перад імі — і вось вынік: не прыйшлі ўвогуле».
Анатоль Іванавіч лічыць, што «ціхія» людзі ў залі маглі прыйсці па разнарадцы з прадпрыемства. Можа, яны і жывуць тут і маюць праблемы, але такія грамадзяне ніколі не зададуць непатрэбных пытанняў.
Вынікамі мерапрыемства, гледзячы па ўсім, застаўся задаволены старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Ражанец, які ціха паведаміў актывістцы кампаніі «Наш дом», што «яна заслугоўвае прэміі».
Крыніца: «Новы Час»