Вынік працы ў другім паўгоддзі мінулага года трох дэпутатаў Слуцкага райсавета не зацікавіў ніводнага выбаршчыка. Справаздачу дэпутаты рабілі ў пустой зале.
Юрый Бандарэнка, дырэктар ДУП «ЖРЭП №3», — дэпутат па Някрасаўскай акрузе №12, абраны паўторна на другі тэрмін. Здавалася б, з улікам гэтага ў жыхароў Слуцка павінна быць цікавасць да дзейнасці свайго дэпутата. Ды жадаючых паслухаць яго не знайшлося.
Старшыня мясцовай філіі «Саюза беларускіх афіцэраў» падпалкоўнік Сяргей Макараў, не маючы слухачоў з сваёй акругі (Сацыялістычнай №15), распавядаў аб працы з выбаршчыкамі карэспандэнту НЧ і жыхару вёскі Падзерскія Агароднікі.
Ён паведаміў, што аб запланаванай сустрэчы з выбаршчыкамі ведаюць сябры яго арганізацыі, таксама ён паклеіў адну аб’яву на аўтобусным прыпынку ў сваёй выбарчай акрузе.
Трэці дэпутат па Юбілейнай выбарчай акрузе №16 Наталля Селязнёва, рэдактар газеты «Слуцкі край» на запланаванае мерапрыемства ўвогуле не прыйшла.
Тамара Блінова, удзельніца грамадскай кампаніі «Наш дом» у гэты дзень у адзінай асобе прадстаўляла выбаршчыкаў акругі № 19 на сустрэчы з сваім дэпутатам, кіраўніком МНС Яўгенам Цыганковым. Дарэчы, яна адзіная прыходзіла і на папярэднія прыёмы дэпутата.
Грамадская актывістка лічыць, што дэпутаты не зацікаўлены ў інфармацыі аб сваёй дзейнасці і сустрэчах з выбаршчыкамі, таму няма і шырокага розгаласу аб іх прыёмах і справаздачах.
— У студзені ўважліва сачыла за зместам дзяржаўнай газеты «Слуцкі край» — абвесткі аб справаздачах дэпутатаў там не было. Кароткая інфармацыя ёсць толькі на сайце райвыканкама — размяшчэння такой інфармацыі на сайтах райвыканкамаў «Наш дом» дабіваўся ў мінулыя гады. Але пажылыя людзі на сайты не заходзяць, а абвестак на пад’ездах дамоў не было. Пры адсутнасці людзей на справаздачах узнікае адчуванне, што ў іх няма праблем.
Жыхар вёскі Падзерскія Агароднікі Шыловіч Аляксандр трапіў на сустрэчу па просьбе актывісткі кампаніі «Наш дом».
— Я сам раней высоўваў сваю кандыдатуру кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах, але аказаўся недастойным такога звання, — пасміхаецца Аляксандр. — Хацелася паслухаць аб працы з выбаршчыкамі дзейсных дэпутатаў. Здзівіла, што нават у школе ніхто, апрача завуча, не ведаў аб сходзе выбаршчыкаў. Прыйшоў у школу крыху раней, тэхнічныя работнікі насцярожана сачылі за мною. Ім нават ніхто не паведаміў пра сустрэчу з дэпутатамі.
Дарэчы, на сайце райвыканкаму пачатак мерапрыемства быў пазначаны на 17.00, а два дэпутаты з’явіліся ў школе толькі ў 17.30 пасля таго, як тэхнічныя работнікі некалькі разоў схадзілі да завуча з дакладам аб невядомым мужчыне, які ўжо 30 хвілін чакае нейкага сходу.
Аляксандр не верыць, што ў гараджан няма праблем і лічыць, што абставіны і ўзровень дэпутатацкіх справаздач яскрава сведчыць аб цяжкай хваробе, якая паразіла нашыя выбарныя органы.
Крыніца: «Новы Час»