Бабруйскі гарсавет 3 сакавіка правёў сваю першую сесію. Пасля яе на афіцыйным сайце гарвыканкама павінна з’явіцца інфармацыя аб новых дэпутатах. У тым ліку, і звесткі пра месца й час прыёмаў. Дарэчы, не ўсе бабруйскія дэпутаты 27 склікання праводзілі прыёмы ў сваіх акругах. А іншыя — проста ў цікавых месцах.
Так, да прыкладу, дэпутат Барысік па Савецкай акрузе № 11. Яна прымала сваіх выбарцаў у грамадскім пункце аховы правапарадку. Болей за тое, пункт гэты знаходзіцца хоць і побач, але не ў самой акрузе. Можа, каб больш надакучлівых адразу супакоіць? Тым больш, на тэрыторыі акругі ёсць школа. Яшчэ два дэпутаты — Максімава і Харанека (акругі № № 4 і 25 адпаведна) — прымалі ў яслі-садках. Зразумела, што да іх амаль ніхто не хадзіў. Аднак навошта ставіць пад небяспеку здароўе дзяцей. Не заўжды ж грамадзяне пільна сочаць за тым, у якім стане здароўя з’яўляцца ў такія ўстановы.
Сем дэпутатаў прымалі выбаршчыкаў далёка ад сваіх акруг. Сярод такіх дэпутатаў старшыня гарсавета Жэлудоў і ягоны намеснік Бачарышвілі. Дрэнны прыклад працы яны падавалі астатнім. А вось і астатнія «немясцовыя»: Грахоўскі (Георгіеўская акруга № 3), Новікава (Горкаўская акруга № 8), Лук’янаў (Камсамольская акруга № 13), Прэсняцоў (Пушкінская акруга № 15), Луцэнка (Камароўская акруга № 23).
У той жа час, шэсць дэпутатаў прымалі выбарцаў як па месцы працы, гэтак і на сваіх акругах. Прычым атрымлівалася, што яны вялі прыём два разы на месяц. Вось гэтыя таварыскія людзі: Суворава (Школьная акруга № 28), Кізімава (Гімназічная акруга № 29), Зубар (Машынабудаўнічая акруга № 31), Казакова (Гагарынская акруга № 32), Асадчая (Белшынаўская акруга № 34), Бакун (Камбінацкая акруга № 39).
І апошнія два цікавыя дэпутаты. Гэта Ціханоўская і Салановіч — Батаўская акруга № 36 і Сікорская акруга № 37 адпаведна. Гэтыя два «суседа» прымалі грамадзян у адной і той жа ўстанове — 31-й школе. Толькі спн. Ціханоўская вяла прыём у сваім дырэктарскім кабінеце. А вось Ігар Салановіч, як чалавек «чужы», прымаў у адным з кабінетаў.
Такі вось рэйтынг атрымаўся ў «Нашага Дома». Мяркуем, што новыя дэпутаты выправяць памылкі і недарэчнасці сваіх папярэднікаў.
Герасім Верабей,
«Наш Дом»