«Нашдомаўцы» пачалі знаёміцца з новымі дэпутатамі на практыцы. Так, у Бабруйску актывісты накіравалі 39 зваротаў-прапаноў. Такім чынам мы паглядзім на адказнасць новаабраных. Наколькі хутка яны заўважаць нашыя звароты? На колькі аператыўным будзе адказ? І ці не пачнуць прыходзіць нам адпіскі?
Адправілі лісты мы 23 сакавіка. У іх кожнаму дэпутату прапанавалі выканаць тры нашых патрабаванні. Гэта тыя, якія датычуць дэпутатаў мясцовых Саветаў. Так, мы прапанавалі праводзіць прыёмы ў вячэрні непрацоўны час (патрабаванне № 3). Нагадалі і пра тое, што варта, каб былі ў свабодным доступе і іхнія кантактыя дадзеныя (патрабаванне № 8). Закранулі і патрабаванне № 2:
«Дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў павінен заўсёды пражываць і (альбо) працаваць на тэрыторыі, якая ўваходзіць у яго мясцовую выбарчую акругу альбо ў непасрэднай блізкасці (крокавай дасягальнасці) ад выбарчай акругі».
Такія прапановы мы накіравалі 39 дэпутатам Бабруйскага гарсавета. Дэпутату ж адной з акругаў «нашдомаўцы» ствараюць калектыўны зварот. У ім будуць тыя ж самыя тры патрабаванні. Толькі колькасць прасіцеляў павялічыцца. Таксама мы перададзім яшчэ адзін зварот старшыні гарсавету. Сп. Жэлудоў атрымае прапанову па ўсім 10-ці нашым патрабаванням.
Справа зроблена! Цяпер чакаем адказаў.
Герасім Верабей, «Наш Дом»
regions@nash-dom.info