Жыхары дома №30 па вул. Ільіча ў Гомеле даўно пакутуюць ад суседства з начной крамай. У ёй уначы прадаюцца слаба алкагольныя напоі, і гэта прыцягвае да іх дома моладзь на аўтамабілях. Гэтыя аўтамабілі, змяняючы адзін аднаго, стаяць пад іхнімі вокнамі і не выключаюць рухавік, што стварае шум і дым. Апроч таго маладыя нецвярозыя людзі самі ствараюць шум, бо яны гагочуць, крычаць, лаюцца і ўключаюць музыку на машынах. Карацей, Садом і Гамора.
Жыхары дома ўжо стаміліся, звяртаючыся ў ЖЭУ №9, Адміністрацыю Навабеліцкага раёну і ў міліцыю. Маё з’яўленне на парозе іх дамоў ў пачатку чэрвеня ўзбудзіла грамадскую думку і яны прынялі ініцыятыву “Нашага Дому” звярнуцца ў гэты раз да мясцовага дэпутата Галіны Віларэсаўны Кардасёвай. Але, як вядома з сайта газеты “Нашага Дому”, дэпутат Кардасёва не пад якім соусам не хацела бачыць сваіх выбаршчыкаў(ні на справаздачы пра сваю дэпутатскую дзейнасць, ні на сустрэчы з выбаршчыкамі), акрамя асабістага прыёму.
31 жніўня настаў выратавальны дзень – апошняе серада месяца, калі прымае дэпутат Галіна Віларэсаўна Кардасёва. Тры жыхаркі дома №30 па вул. Ільіча чакалі мяне перад дзвярыма дэпутацкай прыёмнай. Я, Андрэй Аксёнаў і тры жанчыны зайшлі разам і расселіся па крэслам. Адна з іх села прама насупраць дэпутата і стала казаць як па пісанаму. Для яе гэта была не ўпершыню.
Наталля пачала адразу з патрабавання зачыніць начнік, так як ён парушае права чалавека на сон з 23 да 7. Апроч таго яна паведаміла пра несанкцыянаваную стаянку таксі перад начніком і несанкцыянаваную стаянку машын пакупнікоў спіртнога паміж 26 і 30 дамамі, а таксама гаротны стан свайго дома і двара. Справа ў тым, што, апроч начніка ў доме №30 па вул. Ільіча знаходзіцца буйная крама больш за 100 м2, грузавыя машыны якой разбілі асфальт ў двары дома і знішчылі газоны. Над апошнім пад’ездам, дзе пражываюць жанчыны, зроблены казырок, каб цагліны, якія адвальваюцца ад дома і падаюць, не ўпалі людзям на галаву. Дэпутат запісала імёны жанчын і іх адрасы ў кнігу дэпутата.
Наталля паведаміла дэпутату аб сваім звароце ў Адміністрацыю Навабеліцкага раёна з прозьбай зачыніць начнік і іх адказе, у якім па хвалюючаму жыхароў пытанню не было напісана не слова, а толькі паведамлялася, што ў начніку працуюць добра абучаныя прадаўцы і ў краме ёсць кнопка бяспекі. Яшчэ ў лісце была напісаная хлусня, што гэтая крама ноччу не гандлюе пладова-ягадным віном, але іншая жанчына Марыя Ўладзіміраўна сцвердзіла, што толькі ім і гандлюе, нават аддзел, дзе гандлююць прадуктамі, ноччу зачынены. Дэпутат слухала моўчкі і пісала.
Наталля працягнула. Яна падзялілася інфармацыяй, што ў Мінску ўсе начнікі ў жылых дамах пераведзены з начнога часу і працуюць да 23, а начнікі знаходзяцца паза межамі жылых дамоў. Наталля прапанавала і ў Гомелі ўвесці такую норму, калі такая не ўведзена да гэтага часу. Дэпутат выказалася, што яна пра гэта не ведае, але даведаецца.
Тут не вытрымала трэцяя жанчыны, пенсіянерка. Родам з Украіны, яна ўсё свядомае жыццё пражыла ў Расіі, а вось нядаўна, два гады таму купіла сабе і хворай сястры дзве кватэры ў доме №30 па вул. Ільіча і на гэтым яе спакойнае існаванне было скончана. “Як можна адчыняць крамы ў доме без дазволу жыльцоў”,- абуралася яна – “ Калі людзям не даюць ноччу спаць, трэба зачыніць гэты начнік і ўсё.” Тут дэпутат паспрабавала аспрэчыць гэтае выказванне, што ў іх не адзіночны выпадак існавання такога начніка, што яе свякроў жыве ў такім доме. Але ніхто не збіраўся ёй спачуваць. “Такога, як у нас няма нідзе,”- у запале крычала жанчына. Наталля падтрымала пенсіянерку:”У іх хаця б машыны не стаяць”, — дадала яна.
Сустрэча падыходзіла да канца. Наталля пацікавілася, як дэпутат збіраецца ім дапамагчы і калі чакаць выніку. Дэпутат дала адказ, што ёй даецца два тыдні на азнаямленне і яна адправіць запыты. Адказы на запыты прыйдуць праз два тыдні. Жанчыны выйшлі з кабінета.
Пасля гэтага Андрэй Аксёнаў асабіста пазнаёміўся з дэпутатам, падарыў ёй кніжачку. Дэпутат запісала і нас ў сваё кнігу. Далей размова пайшло пра КТОСы і іх членства ў структурах улады. Потым Андрэй паспрабаваў высветліць у дэпутата яшчэ два пытанні – адкуль ўзялася норма 1/3 ад агульнай колькасці выбаршчыкаў і як дэпутат так працуе, што пра яе ніхто не ведае. Тут дэпутат дэманстравала дзіцячую наіўнасць: пра 1/3 яна сказала, што нічога не помніць; а пра працу, што яна сустракаецца, але людзей прыходзіць мала ці зусім ніхто не прыходзіць. Аб’явы аб справаздачы яна вешала на прыпынку і на дошцы ЖЭУ, а справаздачу праводзіла у КЖРЭУП “Навабеліцкае”, на 8-ым перавулку Ільіча, а гэта месцы вядома зусім не ўсім жыхарам Навабеліцы. “Паўтары гады працавала, а тут гэтыя подпісы; я да Вас да хаты хадзіла, толькі Вас дома не застала, а суседзі маўчаць, як партызаны,”- звярнулася яна да мяне. Нарэшце, я папрасіла яе паведаміць мне аб перспектыўным плане капітальнага рамонту. Яна дала мне гэтыя звесткі. Развітаўшыся, мы выйшлі.
Заклапочаныя жанчыны чакалі нас на вуліцы. Яны прапанавалі падысці да іх пад’езду. Мы яшчэ раз упэўніліся, што іх словы былі праўдай. Андрэй Аксёнаў правёў з імі кансультацыю, як паводзіць сябе далей, а канкрэтней пераканаў іх у неабходнасці збірання фактычнага матэрыялу ў выглядзе фотаздымкаў і запісу выкліку міліцыі. На гэтым справа 31 жніўня адносна 30-га дому па вул. Ільіча скончылася.
Таццяна Тоўсцік, nash-dom.info