26 жніўня мы з жыхарамі першага пад’езда дома №87 па вул. Ільіча напісалі скаргу ў КЖРЭУП “Навабеліцкае”, якая тычылася цякучага рамонту пад’езда.
5.09.2011 у 17.00 актывістка дома №87 па вул. Ільіча Захаранка Людміла Дзмітрыеўна паведаміла мне, што праз гадзіну, у 18.00 каля іхняга першага пад’езда адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў КЖРЭУП “Навабеліцкае”, аб чым учора была паведамлена на дошцы аб’яў. Я тэрмінова патэлефанавала Андрэю Аксёнаву, каб атрымаць ад яго кансультацыю паводле склаўшагася становішча. Ён выказаў дзве пазіцыі, на якіх неабходна настойваць:
- Не ісці на правакацыі прадстаўнікоў КЖРЭУП “Навабеліцкае” з боку зрабіць рамонт за кошт жыльцоў і
- Паказаць усе праблемныя месцы ў пад’ездзе.
Я спазнілася мінут на пяць. Каля пад’езда стаяла кола людзей, сярод іх вылучаўся малады чалавек ў модным сярод чыноўнікаў правінцыі бліскучым касцюме -галоўны інжэнер Цімашкоў— і дзве прадстаўніцы КЖРЭУП “Навабеліцкае”, адна была сакратаркай, а другая начальнікам вытворчага аддзела і звалі яе Вольга Алегаўна. Сакратарка вяла пратакол сходу. Прысутных было чалавек 15, у асноўным жанчыны рознага веку. Актывістка дома №87 па вул. Ільіча Захаранка Людміла Дзмітрыеўна стаяла каля інжынера. Яна спрабавала з ім гаварыць, але жыльцы здзіўленыя з’яўленнем такога дзіўнага звера, як інжынер Цімашкоў, увесь час перапынялі яе і спрабавалі з ім пазносіцца. Яны пыталі пра капітальны рамонт і чаму яны вымушаны плаціць грошы на яго, а ім нічога ў доме не робяць. Інжынер Цімашкоў быў чалавекам з гумарам і адказы даваў такія, што на капітальны рамонт яна плацяць на ўсю Навабеліцу і калі ім гэтае не падабаецца, то хай аддзяляюцца ў ТОС сваім пад’ездам. “А нядаўна,- працягваў ён,- вам сцяну бакавую уцяплілі і грошаў з Вас на гэта не ўзялі”. Калі ж жыхары пачалі выказваць канкрэтныя недахопы, якія тычыліся іх пад’езду, то інжынер адказаў, што яны робяць толькі тое, што уздзейнічае на эксплуатацыю. Калі я спытала, што гэта значыць, то адказ быў такі, што пакуль становішча дома не пагражае небяспецы жыльцоў, яго можна не рамантаваць. “Гэта напісана ў такім дакуменце, як “Тарыф на тэхнічнае абслугоўванне”,- пракаментаваў ён маё пытанне. Інжынер Цімашкоў меў добрую памяць і фантазію і адказваў людзям на пытанні закавырыстай чыноўніцкай мовай і часам адказ зусім не супадаў з пытаннем, што прыводзіла людзей у стан разгубленасці і нерэальнасці.
Вечная тэма недахопу грошаў прысутнічала і тут. “Ведаеце,- аратаваў інжынер,-колькі грошаў плацяць немцы за камунальныя паслугі?!” Але тут уступіла ў размову лідэрка першага пад’езду дома №87 па вул. Ільіча Захаранка Людміла Дзмітрыеўна, якая нядаўна прыехала з Літвы і трохі арыентавалася ў еўрапейскай тэме. “А Вы ведаеце,- уступіла яна ў размову,- колькі немцы зарабляюць?” Тут я, успамінаючы той стары дакумент, які падарыў мне Андрэй Аксёнаў, калі ілюстраваў працягласць і правільнасць перапіскі з уладамі, запытала інжынера, ці ведае ён, што праводзіць цякучы рамонт пад’езду неабходна кожныя 7 год? Інжынер замяўся, а Людміла Дзмітрыеўна, выкарыстала паўзу і паведаміла, што ў Прыбалтыцы ў доме яе сяброўкі цякучы рамонт пад’езду робяць кожныя 7 год і прыбіральшчыца прыбірае ўвесь пад’езд, а не толькі ліфт і першы паверх.
Пад канец сходу цётачкі, які раней аказвалі Цімашкову маральную падтрымку толькі сваёй прысутнасцю, схамянуліся і сталі ўпрошваць людзей здаць грошы, аргументуючы гэта тым, што 50 тысяч з кватэры – гэта зусім мала. Агульнага рашэння па гэтаму пытанню прынята не была.
Сход адбываўся не больш паўгадзіны. На працягу усяго сходу інжынер Цімашкоў пры кожным пытанні жыхароў выкрыкваў: “Вы хто? З якой кватэры?” Нарэшце людзі, увагнаныя ў стрэсавую сітуацыю такой манерай адпавядання на пытанні, вырашылі, што пара паказваць пад’езд і запрасілі інжынера ўнутр. Людміла Дзмітрыеўна адразу зламала фанеру, якая прыкрывала дзірку у сцяне, потым быў агульны агляд пад’езду і пад’езднага даху, які цячэ, шыб і палавога пакрыцця. Пасля інжынер зазірнуў у падвал і зацвердзіў прысутнасць у ім смярдзючага паху, але з-за адсутнасці электрычнасці ён не мог знайсці, што там смярдзіць, хаця жыхары і паказалі яму, дзе цячэ ў іх каналізацыя.
Пасля агляду інжынер Цімашкоў паабяцаў, што пытанне прыбірання пад’езду будзе вырашана, а таксама пах у падвале будзе ліквідаваны.
Напрыканцы інжынер закрануў пытанні сваёй занятасці восеньскай падрыхтоўкай да зімовага перыяу і сказаў, што гэта яго зараз турбуе больш за астатняе, і іх пад’ездам ён будзе займацца пасля. Тут я вырашыла пазнаёміцца з Цімашковым асабіста і прадставілася як “Наш Дом” і спытала яго, ці маецца ў яго графік абыходу дамоў, бо, як актывіст “Нашага дому” я абыйшла ўсю Навабеліцу і магла памагчы яму знайсці розныя праблемы, якія тычацца канкрэтных дамоў і прапанаваць актывістаў канкрэтных дамоў, заклопочаных гэтымі праблемамі больш за іншых. Тут жыльцы прыціхлі істалі слухаць нашую размову. У адказ на цішыню Цімашкоў сказаў, што яму не трэба мітынг і прапанаваў мне адысці ўбок. Па-першае, ён паведаміў мне, што для гэтага існуюць дамкомы і вулічкомы. Калі ж я яму сказала, што іх не існуе, і што гэта пацвердзілі мне Навабаліцкія ўлады. “Ну тады,- запытаў ён, — што ж я ад яго хачу?” Я паўтарыла сваё пытанне наконт графіка восеньскай праверкі жылога фонду. З яго доўгага адказу я зразумела, што ён адмаўляецца прадставіць мне гэты графік. “Ну тады,- сказала я яму,- я буду да Вас пісаць. І развіталася.
Пры сустрэчы Людміла Дзмітрыеўна паведаміла мне, што ёй надакучаюць з КЖРЭУП “Навабеліцкае” і патрабуюць здаць грошы хаця б на 2 паверха. Апроч таго праблемы з пахам у падвале так і не былі вырашаны.