Гомельскія міліцыянты павіншавалі незалежную журналістку з 8 сакавіка складаннем адміністрацыйнага пратакола.

Ларысу Шчаракову вінавацяць у парушэнні артыкула 22.9 КаАП – працы без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі. Адміністрацыйны пратакол супраць журналісткі 8 сакавіка склаў начальнік аддзела аховы правапарадку Цэнтральнага РАУС Гомеля Юрый Панін.

Паводле пратакола, падставай для справы стаў маніторынг міліцыяй матэрыялаў сайту тэлеканала “Белсат”. Журналістка ж лічыць, што не ў чым не вінаватая.

– Пра які незаконны выраб прадукцыі СМІ можа весціся гаворка, калі Канстытуцыя мне дае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю? – гаворыць Шчыракова.

Цяпер журналістку чакае суд. Максімальнае пакаранне на прад’яўленым артыкуле – штраф у дзевяць мільёнаў рублёў.

Адміністрацыйны пераслед журналістаў за працу без акрэдытацыі апошнім часам стаў сапраўдным бічом беларускіх уладаў. Толькі летась міліцыя завяла як мінімум 14 падобных справаў, а сёлета адбыліся ўжо тры суды над журналістамі па артыкуле 22.9.

Крыніца інфармацыі: Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»