Спробу зменшыць выдаткі гродзенцаў на карыстанне грамадскім транспартам прадпрымаюць прадстаўнікі аўтобуснага і тралейбуснага ўпраўленняў. У продажы з’явіліся новыя праяздныя білеты — так званыя білеты працоўнага дня.
Яны разлічаны выключна на 5 дзён тыдня і тыя дні, якія афіцыйна лічацца працоўнымі, падкрэсліў намеснік начальніка тралейбуснага ўпраўлення Андрэй Эйсмант.
— Праязны працоўнага дня — ёсць на месяц і на паўмесяца. Двух відаў. Адпаведна ёсць агульны – аўтобус, тралейбус, і ёсць на адзін від транспарта. Людзі тэлефануюць, пытаюцца, чаму, напрыклад, калі ёсць у іх зменны графік, мы не можам зрабіць праязны на пэўную колькасць паездак. Я так разумею, што гэта павінен быць нейкі электронны праязны. Пакуль для нас гэта немагчыма.
Праяздныя працоўнага дня паступілі ўжо ў продаж. Пакуль іх колькасць абмежавана, як і абмежаваны месцы іх набыцця. Пасля вывучэння агульнага попыту на новыя праязныя будзе вырашацца далейшае пашырэнне новаўвядзення, якое, не сумняваецца Андрэй Эйсмант, спадабаецца гродзенцам. Ім будзе прадастаўлена права выбару: эканаміць на білеце працоўнага дня, альбо набываць звычайны месячны праязны. Кошт апошняга амаль на 15 працэнтаў большы.