На Гарачую лінію TUT.BY звярнуўся мінчанін Андрэй: “Мая маці жыве ў доме, які вось-вось пойдзе пад знос. А ўчора да яе і суседзяў прыйшла газавая служба і адключыла газавую калонку. Каб вярнуць гарачую ваду ў дом, пенсіянерам прыйдзецца купіць новыя прыборы ў кожную кватэру… А гэта мінімум 100 еўра”.
— Паведамленне аб зносе дома па вуліцы Чыгуначнай, 40 прыйшло нам летам 2011 года. І далі тэрмін – два гады. Вось-вось дом знясуць. У ім жыве мая мама. Учора тры кватэры з пенсіянерамі наведалі газавікі і вызначылі, што не працуе нейкі датчык. Адкруцілі газавыя шлангі і далі 30 дзён на ліквідаванне праблем. У выніку цяпер гэтыя тры бабулі засталіся без гарачай вады. Ім прапанавалі толькі купіць новае абсталяванне за свае грошы. Я б, канешне, сваей маме купіў бы гэтую калонку, 150-200 долараў нас не разарылі б. Але купляць яе на некалькі месяцаў – глупства. Бо гэта не проста купіў і паставіў: трэба, зноў жа, запрашаць службу, каб падключылі ўсё. А гэта дадатковыя грошы. Тры кватэры адключылі ўчора. Сёння, думаю, будзе яшчэ больш.
Такое паведамленне жыхары дома атрымалі 25.08.2011
|
«Можа, яны б пачакалі да зносу дома?»
Гэтаму трохпавярховаму дому на 24 кватэры ўжо больш за паўстагоддзя. Побач з ім знаходзіцца прыватны сектар і кацельная, што зімой атаплівае бліжэйшыя дамы. Па словах мужчыны, знос будынкаў тут вырашылі правесці ў сувязі з пашырэннем вуліцы Чыгуначнай:
— Купляць новае абсталяванне — вельмі неарыгінальнае рашэнне. Можа, яны б маглі пачакаць да зносу дома? Самае крыўднае, што пачалі адразу адкручваць усё, не папярэджваючы, не прапануючы нейкія варыянты… Проста прыехалі і адключылі. Вось, да прыкладу, пад намі жыве шматдзетная сям’я з 8 чалавек. І я сумняваюся, што яны нешта будуць мяняць. Можа, усё гэта неяк звязана з той самай кватэрай, што ўзарвалася нядаўна ў Мінску? Але ж там не было газавых калонак. Можа, тады ад ўсяго Мінска варта адключыць газ, каб не выбухнула?.. Канешне, калі б мы ведалі, што з нашым домам усё будзе добра і яго не будуць зносіць, гэтую размову мы не пачыналі б…
«Жыццё для нас — галоўная каштоўнасць»
TUT.BY звязаўся з начальнікам вытворчага ўчастка Маскоўскага раёна СЭУАГ УП “МІНГАЗ” Аленай Асіпенка. Аказалася, што дагэтуль тэрмін зносу дамоў дакладна ніхто не ведае, але праблему паабяцалі вырашыць мірна:
— Я думаю, мы ў любым выпадку будзем звязвацца з домаўпраўленнем. Бо канкрэтнай інфармацыі аб тым, што гэты дом сапраўды будзе зносіцца, у нас няма. Звесткі пра такую магчымасць былі, але ж тэрміны пастаянна адцягваліся. У дадзеным выпадку гэтыя калонкі эксплуатуюцца з няспраўнай аўтаматыкай цягі. А гэта пагражае атручваннем газам. Таму, згодна з правіламі карыстання газам у быце, эксплуатацыя няспраўнага абсталявання катэгарычна забароненая. Сітуацыя такая, што мы, канешне, будзем старацца выйсці на сувязь з домаўпраўленнем, можа быць, яны нечым дапамогуць. Ці, можа, яны проста нам удакладняць тэрміны. Але жыццё — гэта галоўная каштоўнасць, і мы не можам спадзявацца на абсталяванне, якое сёння працуе, а заўтра ўжо не. Што датычна замены прыбораў, то, згодна з Жыллёвым кодэксам, гэта праводзяць самі жыхары за свае сродкі.
Читать полностью: http://news.tut.by/hotline/340227.html