Кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі тлумачыць, чаму інваліды не выходзяць на вуліцу, не могуць знайсці працу ці стаць дэпутатамі.
Еўрарадыё: Наколькі нашы гарады прыстасаваныя да перамяшчэння людзей з інваліднасцю?
Сяргей Драздоўскі: Куча рапартаў, колькі прырабілі пандусаў, колькі панізілі бардзюраў. Для чалавека, які слаба арыентуецца ў спецыфіцы, гэта гучыць значна, накшталт мільярды выдаткуюцца на гэта. І робіцца, вымушаны прызнаць. Калі параўнаць 20 гадоў таму і сёння, бачныя элементы безбар’ернага асяроддзя. Але ці пачалі часцей з’яўляцца людзі ў вазках на вуліцы? Не нашмат. У Мінску я ведаю пару дзясяткаў такіх чалавек. Але гэта адзінкі. А такіх людзей мусіць быць 10-15 тысяч, яны мусяць быць заўважныя.
Тут не дастаткова зрабіць пандус. Тым больш у большасці выпадкаў адбываецца фальсіфікацыя: прыбудоўваецца пандус да ўваходу, а далей невядома, можна трапіць усярэдзіну ці не. І людзі, якія сутыкнуліся адзін раз з такой праблемай, больш не рызыкуюць. Рапартуюць, напрыклад, пра закупку нейкай колькасці нізкапалогавага транспарту. Але незразумела, чаму такая лічба. Амерыканцы гэтак вырашалі праблему даступнасці транспарту: «З 1 студзеня больш ніводзін не прыстасаваны аўтобус не будзе закуплены». І цяпер у іх усе лініі забяспечаныя.
«Чалавеку з інваліднасцю трэба даказваць сваю магчымасць працаваць»
Еўрарадыё: Ці можа чалавек з інваліднасцю знайсці добрую працу, топ-менеджара, напрыклад?
Сяргей Драздоўскі: Чалавек будзе старанна пазбягаць любых суадносінаў з інваліднасцю. Калі ўзяць сотню топ-менеджараў Беларусі, колькі з іх з прыкметамі інваліднасці? Калі і ёсць, дык яны яе старанна хаваюць. Колькі сёння ў Палаце прадстаўнікоў людзей з інваліднасцю? Можа і ёсць, але яны яе таксама хаваюць. Колькі такіх людзей ва ўрадзе? У шоу-бізнесе?
Паводле статыстыкі людзі з інваліднасцю атрымліваюць ніжэйшы заробак. У адрозненне ад чалавека без інваліднасці, чалавеку з інваліднасцю трэба даказваць сваю магчымасць працаваць праз працэдуру МРЭК. І гэта даказванне можа цягнуцца адзін-два месяцы. Які нармальны наймальнік будзе трымаць добрае працоўнае месца такі тэрмін?
Сістэма вышэйшай адукацыі нашмат менш даступная. Сама даступная форма — платная дыстанцыйная адукацыя.
Мы сёння фіксуем канкрэтныя факты звальнення з прычыны інваліднасці. Чалавека не бяруць, яму, вядома, у вочы не кажуць, што праз інваліднасць. А потым на тое ж месца бяруць чалавека з меншай кваліфікацыяй і меншым досведам.
Еўрарадыё: Праблема ў законах, якія не абараняюць правы людзей з інваліднасцю, ці ў чымсьці большым?
Сяргей Драздоўскі: Сёння чалавек з інваліднасцю ўспрымаецца як чалавек, якога трэба лячыць, рэабілітаваць, дапамагаць яму — то бок як аб’ект. Перадавыя краіны свету пайшлі па шляху суб’ектыўнасці, вызначэння грамадзянскай пазіцыі чалавека з інваліднасцю. Амерыка, Брытанія, Аўстралія, Акіянія, уся Еўропа пайшла па шляху стварэння антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Вывучаецца з’яўленне дыскрымінацыі: падзел паводле прыкметы інваліднасці. І ўся сістэма выбудоўваецца, каб любы чалавек у любой канкрэтнай сітуацыі быў гарантавана абаронены ад гэтага падзелу.
Еўрарадыё: Колькі ў нас сёння пенсія па інваліднасці і ці можна на яе жыць?
Сяргей Драздоўскі: Сёння ёсць мінімальныя межы пенсіі ў залежнасці ад групы інваліднасці. Самая вялікая ў чалавека з першай групай — гэта тая пенсія, якую дзяржава выплачвае чалавеку без працоўнага досведу. Яна сёння на ўзроўні 110-120 еўра. Гэтага не дастаткова, бо мінімальная сацыяльная пенсія вызначаецца, суадносячыся з мінімальным спажывецкім бюджэтам. Але гэты мінімальны спажывецкі бюджэт ў адносінах да інвалідаў не разлічваецца. Ён разлічваецца ў адносінах да пенсіянераў. А як можна лічыць пенсіянерам 25-гадовага чалавека, у якога сям’я, дзеці, і які, маючы першую групу, абмежаваны ў сваіх магчымасцях на працу?
Акрамя пенсіі, чалавеку выплачваюцца датацыі ў выглядзе тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, у выглядзе льгот. Але чалавек не з’яўляецца атрымальнікам. Чалавек, якому даецца пратэз, напрыклад. Ён не з’яўляецца спажыўцом, а з’яўляецца карыстальнікам. То бок ён не можа патрабаваць гарантыі якасці гэтага самага пратэза, не падпадае пад закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Пералік сродкаў, якія дае дзяржава, — мінімальны. Гэта інвалідны вазок, пратэз, парэнчы… Гэта сродкі ад аднаго вытворцы, які можа прадставіць адзін тып якасці. То бок выбар не залежыць ад спажыўца. Няма магчымасці выбару!
Еўрарадыё: А самому можна набыць у нашай краіне?
Сяргей Драздоўскі: Гэта вельмі складана зрабіць. Замежных у нас амаль няма, яны ўсе належаць да сродкаў медыцыны, якія трэба сертыфікаваць. А сертыфікацыя каштуе значна больш за выгаду, якую можна атрымаць.
Еўрарадыё: Але за 5-10 гадоў штосьці змянілася ў лепшы бок для людзей з інваліднасцю?
Сяргей Драздоўскі: Калі браць адарвана ад кантэксту, дык пазітыўныя дзеянні ёсць. Але калі браць гэтыя дзеянні ў кантэксце развіцця ўсяго грамадства… Вось мы кажам, напрыклад, што пенсія павялічылася, але і заробкі выраслі больш як у пяць разоў. І пенсія павялічылася менш, то бок у суадносінах яна знізілася. Калі мы будзем параўноўваць чалавека з інваліднасцю сёння і дзесяць гадоў назад, то так — ягонае жыццё змянілася. Але калі параўноўваць з сярэднім беларусам, то вельмі не ў бок паляпшэння выглядае сітуацыя. Сёння, напрыклад, палякі значна больш інтэграваныя ў жыццё грамадства і значна менш залежаць ад іх інваліднасці. Я ўжо не бяру Швецыю, Германію.
Еўрарадыё: Трапіўшы ў беларускую турму, напрыклад, ці зможа чалавек з інваліднасцю там свабодна перамяшчацца?
Сяргей Драздоўскі: Офіс па правах людзей з інваліднасцю рэгулярна атрымлівае лісты з месцаў зняволення. І ў гэтых лістах фіксуюцца жудасныя сітуацыі. Калі не выконваюцца элементарныя нормы чалавечага інтэрнату. Чалавек з інваліднасцю, які трапіў у месца зняволення, пакутуе ў большай ступені: няма інфраструктуры, няма тэхнічных магчымасцяў. Па-добраму, гэта можна прыраўнаваць да катаванняў. І другі бок — нас туды ніхто не пускае. Усё, што мы можам, — гэта аналізаваць скаргі, якія да нас паступаюць.
Еўрарадыё: Як на праблемы людзей з інваліднасцю звяртаць увагу: дэманстрацыі ладзіць ці казаць на кожным кроку?
Сяргей Драздоўскі: Усё трэба. Пытанне толькі — як? Можна, вядома, 15 чалавек сабраць на плошчы Бангалор і памітынгаваць. І дзяржава адзначыць, што ў чарговы раз жменька інвалідаў чагосьці хацела, а грамадства нават не заўважыла гэтага. Трэба абвастраць дыскусію паміж дзяржавай і людзьмі з інваліднасцю ў асобе іх прадстаўнікоў, іх арганізацый. Дзяржава сёння ўспрымае сябе як асобны элемент, хаця гэта прызначаныя адміністратары нашых рэсурсаў. Сёння ўся сацыяльная падтрымка — гэта манаполія дзяржавы.
Еўрарадыё: Як правільна звяртацца да людзей з інваліднасцю, як сябе паводзіць, каб гэта было этычна?
Сяргей Драздоўскі: Пра інваліднасць варта нагадаць там, дзе ёсць неабходнасць вырашыць праблему. Там, дзе я штосьці не магу зрабіць, варта нагадаць пра маю інваліднасць. Там, дзе ёсць неабходнасць улічваць пэўныя патрэбы, — там варта гэта ўлічваць.
Як нас правільна называць? У нас у дзяржаве ёсць юрыдычны статус — інвалід, гэтак жа як пенсіянер, вайсковец. На вуліцы ж не будзеш звяртацца да састарэлага чалавека: «Гэй, пенсіянер, хадзі сюды!». Гэта недарэчна. Гэтак жа дзіка і дзіўна называць чалавека інвалідам на вуліцы. У бытавых адносінах ён чалавек, і яго інваліднасць — гэта выключна яго справа. Нашто гэта падкрэсліваць? Мы ўкараняем сёння паняцце «чалавек з інваліднасцю» — гэта адпавядае духу міжнароднай размовы. People with desability — гэта не чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Таму што ў англійскай мове паняццю «desability» ёсць дакладнае вызначэнне, якое аналагічнае нашаму разуменню «інваліднасці». А людзі з неабмежаванымі магчымасцямі — ну, не бывае ж людзей з неабмежаванымі магчымасцямі! Калі мы кажам пра абмежаваныя магчымасці, мы адразу ж фармуем клетку, у якой ён знаходзіцца. Ніхто не ведае, у чым яны абмежаваныя…
Еўрарадыё: Які момант найбольш псіхалагічна цяжкі для чалавека з інваліднасцю?
Сяргей Драздоўскі: Калі чалавек становіцца перад выбарам: як жыць далей? Шмат якія звыклыя яму раней рэчы абразаюцца яго інваліднасцю і ён не знаходзіць апоры, падтрымкі, каб неяк кампенсаваць. Самае цяжкае — усведамленне безвыходнасці. Гэта не заўжды прыходзіць, калі чалавек атрымлівае цяжкую траўму, альбо з момантам цяжкага захворвання. Гэта пытанне ўсвядомленага выбару.
«Калі ёсць людзі, якія выжылі ў цяжэйшай сітуацыі, то зможаш і ты»
Еўрарадыё: Як перажыць такі момант, утрымацца?
Сяргей Драздоўскі: Калі ёсць людзі, якія выжылі ў цяжэйшай сітуацыі, то зможаш і ты. Ну, і, натуральна, ёсць блізкія, сваё атачэнне. Вось да гэтай дапамогі варта звярнуцца. Трэба рыхтавацца, зрабіць ласку патлумачыць, як да яго ставіцца, што трэба рабіць у адносінах да яго, што не трэба. Ну і апошняе: трэба памятаць, што мы жывём у дзяржаве, не ў дзікім грамадстве. І чалавек мусіць разумець, што дзяржава павінна вырашаць шэраг яго праблем. Гэтага трэба дамагацца.
Еўрарадыё: А вы не думалі пайсці ў палітыку, у парламент ці ў прэзідэнты??
Сяргей Драздоўскі: Было. У 2004 годзе я балатаваўся на мясцовых выбарах. Але не прапусцілі. Я не запоўніў у графе «Рознае» даходы маёй пенсіі. Калі цяпер у Беларусі блізу 5% людзей з інваліднасцю, то трэба было б хаця б 3% такіх дэпутатаў. Мы ладзілі апытанне, і прыкладна 40% людзей не галасавалі б за людзей з інваліднасцю ні пры якіх абставінах.