Хаця журналіст хадайнічаў, каб яе праводзілі грамадскія аб’яднанні «БАЖ» і «БСЖ», следчы даручыў гэтую справу Віцебскаму педагагічнаму універсітэту імя П. Машэрава, паведамляе baj.by
Паводле хадайніцтва сп-ра Петрушэнкі яму дазволілі прысутнічаць пры правядзенні экспертызы. Але паведаміць пра яе вынікі журналіст не можа, бо звязаны падпіскай аб неразгалошванні. Зараз экспертнае заключэнне далучана да матэрыялаў справы. Найбліжэйшым часам следчы павінен вынесці пастанову аб заканчэнні папярэдняга расследавання справы.
І Мікалай Петрушэнка, і Павел Левінаў спадзяюцца, што да суда не дойдзе з-за адсутнасці ў дзеяннях журналіста складу крымінальнага злачынства. Сп. Петрушэнка пакуль нават не заключаў дамовы з адвакатам, бо спадзяецца на спрыяльны для сябе зыход расследавання.
Нагадаем, што пры канцы жніўня Аршанскі гарадскі аддзел Следчага камітэта РБ завёў крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Мікалая Петрушэнкі за “знявагу прадстаўніка ўлады”. Падставай стаў артыкул сп-ра Петрушэнкі, размешчаны 8 жніўня на сайце nash-dom.info пад назвай “Педафіл атрымліваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі”.
Паводле пастановы за подпісам старшага следчага С. Шчарбянка, аўтар артыкулу “ўказвае”, што намеснік старшыні аршанскага гарвыканкама падазраецца ў пакрыванні дзейнасці педафіла. Тым самым Петрушэнка “публічная зняважыў” гарадскога чыноўніка “як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў”, – гаворыцца ў пастанове.
Сабраныя матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя дадзеныя, што ўказваюць на прыкметы злачынства паводле арт. 369, – лічыць следчы. У звязку з гэтым ён пастанавіў узбудзіць справу ў дачыненні да Петрушэнкі і прыняць яе да вытворчасці. На пачатку верасня стала вядома, што справу Петрушэнкі перадалі ва ўпраўленне следчага камітэту Віцебскай вобласці «з мэтай аб’ектыўнага і прафесійнага даследавання ўсіх абставін».
крыніца — baj.by