Дэпутатаў мясцовых саветаў усё часьцей выкрываюць як карупцыянэраў. Як правіла, абвінавачаньні датычаць злоўжываньня ўладай, службовым становішчам, альбо крадзяжоў. Імёны затрыманых называюць зрэдку, і то калі злачынствы набываюць грамадзкі розгалас. Завядзеньне крымінальнай справы па фактах карупцыі, аднак, не азначае, што дэпутат пазбаўляецца свайго мандату.
Адзін з апошніх карупцыйных скандалаў здарыўся на Магілёўшчыне ў райцэнтры Клімавічы. Супраць дэпутата райсавету Сяргея Аўхіменкі Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце крадзяжу ў буйным памеры праз злоўжываньне службовым становішчам. Паводле сьледзтва, намесьнік начальніка мясцовай ПМК-256 Аўхіменка прысабечваў клей і фарбу з будаўнічага аб’екту. Сума шкоды дзяржаве ацэньваецца ў больш як 21 з паловай мільён рублёў.
Клімавіцкі журналіст Сяргей Аржанцаў зазначае: «Грамадзкі розгалас сапраўды быў. Яны будавалі шмат жытла для мясцовага начальства і думалі, што абароненыя. Тое, што ён дэпутат, — людзі на гэта меней зьвярталі ўвагу. Роля дэпутатаў ужо даўно дэвальваваная. Пераважная колькасьць выбарцаў нават і не задумаецца пра тое, што ў іх ужо няма дэпутата. Для іх ён што быў, што ня быў — ім усё роўна. Нават улады не задумаюцца рабіць нейкія перавыбары».
У сьпісе дэпутатаў раённага савету, які разьмешчаны на сайце Клімавіцкага райвыканкаму, прозьвішча Сяргея Аўхіменкі няма. У райсавеце паведамілі, што Аўхіменка ўжо не дэпутат:
«Рашэньне сэсіі было. Ён сам напісаў заяву, што па маральных меркаваньнях не магу выконваць дэпутацкія абавязкі. У нас жа два спосабы пазбаўленьня дэпутацтва. Альбо пасьля звароту з органаў, — дык ён, відаць, да гэтага ня стаў даводзіць, калі ўжо пад сьледзтвам».
У суседнім з Клімавічамі Крычаўскім раёне таксама затрымалі былі дэпутата — Чырванабудзкага сельскага савету. Ён, як устанавіла сьледзтва, скраў 32 мяхі аўса. Ад турмы Раман Бясьпяты выбавіўся. Бабруйскі міжраённы суд прысудзіў дэпутату штраф у 30 базавых велічыняў.
Рэдактар незалежнай крычаўскай газэты «Вольны горад» Сяргей Няроўны адзначае, што крымінальную справу супраць Бясьпятага спрабавалі ўтоіць ад грамадзтва. У «раёнцы» было паведамленьне, што затрымалі міліцыянта, кажа спадар Няродны, але ягонага імя не назвалі. Журналіста дзівіць, што суд над дэпутатам праходзіў у Бабруйску.
«Пасьля таго як яго затрымалі і ён апынуўся ў СІЗА, людзі, калі б ня „Вольны горад“, і не даведаліся б пра тое, што затрыманы маёр міліцыі грамадзкай бясьпекі. Такія праявы карупцыі — яны ж узьнікаюць ня толькі ў міліцыі, але ўлада замоўчвае гэта. Гэта карупцыя павязаная. Ловяць вось такіх „вінцікаў“, каб паказаць, што нешта зрабілі — вось затрымалі. Паводле нашых зьвестак, ён быў звольнены зь міліцыі, але застаўся дэпутатам. Ён зьехаў у Расею і там цяпер зарабляе».
У Чырванабудзкім сельскім савеце пацьвердзілі, што Раман Бясьпяты застаецца пакуль дэпутатам. Заявы пра складаньне зь сябе дэпутацкіх паўнамоцтваў не пісаў. На сэсіі не зьяўляецца. Знаходзіцца ў Расеі.
У райцэнтры Круглае ў карупцыі былі зьвінавацілі начальніка аддзелу адукацыі. Паводле сьледзтва, ён злоўжываў уладай і службовымі паўнамоцтвамі. У сьпісе дэпутатаў райсавету пры пасадзе начальніка РАНА значыцца дэпутат Уладзімер Аляхновіч. Адзін з дэпутатаў пацьвердзіў, што гэта той самы, на каго завялі крымінальную справу. Дэпутатам ён застаецца дагэтуль:
«На паседжаньні райвыканкаму мы разглядалі гэтае пытаньне. Ён быў на час сьледзтва адхілены ад пасады, то бок ня быў начальнікам аддзелу адукацыі. Адбыўся суд. Ёсьць рашэньне суду, але яно пакуль не ўступіла ў сілу. Ёсьць дзесяць дзён на абскарджваньне, таму я камэнтаваць тут нічога не магу».
Сваіх дэпутатаў-карупцыянэраў маюць раённыя саветы ў Асіповічах і Горках.
Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў сьцьвярджае, што выкрыцьцё дэпутатаў мясцовых саветаў, якія падпадалі пад падазрэньне ў зьдзяйсьненьні карупцыйных злачынстваў, актывізавалася адразу пасьля іх абраньня ў 2009 годзе.
«За апошнія гады на розныя пасады былі прызначаныя людзі не паводле прафэсійных якасьцяў, а людзі, блізкія да чыноўнікаў больш высокага рангу. Новапрызначэнцы — яны адначасова „прызначаліся“ і дэпутатамі. Гэтыя прызначэнцы лічаць, што яны могуць рабіць што хочуць, а гэта ў выніку выліваецца ў масавыя факты карупцыі. Гэта сотні спраў. Ня ўсе факты агучваюцца ўладамі. Кагосьці адразу затрымліваюць. Ёсьць выпадкі, калі нават справа заведзеная, а яны застаюцца на сваіх пасадах і застаюцца дэпутатамі».
Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць выкрытых карупцыйных злачынстваў з году ў год павялічваецца. Між тым у статыстыцы карупцыйных злачынстваў дэпутаты не вылучаюцца ў асобную групу. Найчасьцей афіцыйныя крыніцы паведамляюць пра карупцыю ў канкрэтных галінах гаспадаркі. Першынство за адукацыяй, аховай здароўя, сельскай гаспадаркай. Асноўныя віды карупцыйных злачынстваў — злоўжываньне ўладай, хабарніцтва ды крадзяжы праз злоўжываньне службовым становішчам.