Мова, традыцыі, павага да сваёй культурнай спадчыны – аб’яднала ўдзельнікаў III фестывалю беларускага фальклору «Беларусь старажытная»-2022. З-за новых рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць усяго нацыянальнага такія святы набываюць новае гучанне.
Утульная зала цэнтра культуры Новай Вільні гасцінна расчыніла свае дзверы для аматараў беларускай народнай традыцыі. Нацыянальныя строі, фальклорныя спевы, старажытныя танцы – сваёй творчасцю ўдзельнікі фестывалю па сапраўднаму сагравалі душу тым, хто завітаў на свята. А таксама знаёмілі з беларускай культурай.
Атмасферу свята беларускай песні, роднага слова, прыгажосці традыцыйнай харэаграфіі стварылі фальклорныя гурты з Літвы «Язняле», «Тургелянка», Ансамбль «Лянок» Віленскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, Клуб традыцыйнага танца «Ойра», Сямейны фальклорны гурт «Світанак», які працуе пры падтрымцы «Нашага Дома», а таксама госці фестывалю з Польшчы – гурты «Жэмэрва» і «Асочнікі».
Вельмі радуе, што захапляецца народнымі традыцыямі не толькі старэйшае, але і маладое пакаленне.
Нягледзячы на няпростыя цяперашнія часы, фестываль беларускага фальклору «Беларусь старажытная” працягвае традыцыю, распачатую ў лістападзе 2019 года, калі ў гімназіі «Жарос» (Новая Вільня) з дазволу яе дырэктара Дзмітра Папова адбылося першае выступленне. Адна з задач фестывалю – не толькі пазнаёміць людзей з беларускай традыцыйнай культурай і фальклорам але і актывізаваць беларускую грамадскасць Вільні, дапамагчы ім вярнуцца да сваіх каранёў, успомніць свае традыцыі і дапамагчы іх папулярызаваць.
«Сёлета фестываль, напэўна, важны як ніколі», — звярнуў увагу старшыня таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч.
«З-за абвастрэння палітычнай сітуацыі, звязанай з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны, беларусы як бы аказваюцца выкінутымі за борт еўрапейскай цывілізацыі, у краіне ідзе паўнамаштабная русіфікацыя. Таму зараз вельмі актуальна дапамагчы беларусам найперш вярнуць гістарычную памяць, адчуць гонар за сваё паходжанне, за свае карані і каб таксама іншыя нацыянальнасці пабачылі, што мы не рускія».
Фестываль аб’яднаў не толькі розныя пакаленні, прыехалі носьбіты беларускіх традыцый з розных краін.
«Беларусы сёння раскіданыя па ўсім свеце, у прынцыпе Беларусь зараз нагадвае п’есу нашага славутага пісьменніка Янкі Купалы «Раскіданае гняздо», — з сумам заўважае беларускі палітык, грамадскі дзеяч, праваабаронца, дырэктар Міжнароднага Цэнтра Грамадзянскіх Ініцыятыў «Наш Дом» Вольга Карач. «І каб мы маглі вярнуцца да хаты і разам гэтае гняздо адбудоўваць, мы павінны захаваць нашую культуру, нашую ідэнтычнасць, нашую мову. І гэта зараз становіцца прыярытэтнай задачай на бліжэйшы час. Так, ідзе вайна, але ёсць пэўныя рэчы, на якія нельга забывацца і гэта тое, што мы закладваем на будучыню, каб Беларусь была не толькі дэмакратычнай краінай, а каб яна была краінай незалежнай. І вось такія фальклорныя калектывы, якія сёння захоўваюць нацыянальную спадчыну і якую ў сваю чаргу нішчыць на радзіме рэжым Лукашэнкі, вернуцца да хаты і стануць асновай для аднаўлення беларускай культуры у нашай новай Беларусі».