Сёлетняя прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі мае цэлы шэраг асаблівасцяў. У чым яны? Ці будзе Плошча 11 кастрычніка і ці вызваляць нарэшце палітвязняў? Пра гэта з палітолагам Валерам Карбалевічам пагутарыў карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Стас Дэдэрка.

 

                                                                                        karbalevich

 

РР: Можа быць упершыню ў суверэннай Беларусі ўжо ніхто абсалютна не звязвае ніякіх надзей, не бачыць ніякіх шансаў на змены ў выніку гэтых выбараў?

 

Валер Карбалевіч: Так, сапраўды, гэтыя выбары маюць шэраг асаблівасцяў. Першы момант, гэта тое, што выбары праходзяць у час эканамічнага крызісу. Прычым крызіс не проста нейкая часовая з’ява, якая бывае ў любой краіне, а гэта крызіс самой сацыяльнай беларускай мадэлі – сістэмны крызіс. Хаця большасць насельніцтва, гледзячы па ўсім, гэтага яшчэ не разумее. Ну і другое, гэта вялізны ўплыў украінскіх падзей, крызісу вакол Украіны. Само стаўленне да апазіцыйнасці, да апазіцыі стала насцярожаным, таму зараз ёсць попыт на моцную руку, на цвёрдую ўладу. 21-гадовае кіраванне Лукашэнкі прывяло да таго, што ў грамадства склалася такая псіхалогія фатальнай наканаванасці вынікаў беларускіх выбараў. Гэта паўплывае на тое, што на мой погляд ніхто з кандыдатаў у прэзідэнты, акрамя Лукашэнкі, не збярэ неабходных 100 тысяч подпісаў.

 

РР: Хто тады будзе спарынг-партнёрам дзейнага прэзідэнта? Валерам Карбалевіч: Вось тут улады павінны будуць вырашаць праблему, вырашаць яе не з гледзішча заканадаўства, не працэдуры, а з гледзішча нейкай палітычнай мэтазгоднасці. Яны будуць вырашаць каго выгадней пакінуць у гэтым спісе, каб гэта было з аднаго боку выгадна Лукашэнку, а з другога боку  не стварала сітуацыю зусім ужо несур’ёзных выбараў. То бок трэба паказаць і беларускаму грамадству, і замежнікам, што ў нас тут сапраўдныя выбары, што ў нас тут і апазіцыя ўдзельнічае.

 

РР: А хто вам сімпатычны з сённяшніх кандыдатаў у кандыдаты?    Валерам Карбалевіч: Усе тры прадстаўнікі апазіцыі: і Калякін, і Караткевіч, і Лябедзька. РР: Жаночы складнік у гэтай кампаніі – гэта таксама нейкая асаблівасць? Валерам Карбалевіч: Упершыню жанчыны збіраюць подпісы – гэта таксама цікава. Скажам, тая ж праграма Лябедзькі “Мільён рабочых месцаў” – даволі ўдалы ход.

 

РР: Вось была файная ідэя з вылучэннем адзіным кандыдатам Статкевіча. Сфармавалася ініцыятыўная група, якая не была зарэгістраваная. На ваш погляд, можа быць пры любым раскладзе не рэгістравалі таму, што ўлада ўсё роўна набрала сабе псеўда-апанентаў?

 

Валерам Карбалевіч: Бачыце, вылучэнне Статкевіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, у якасці адзінага, гэта замаскіраваная форма байкоту ці правільней сказаць неўдзелу. Таму, што вось яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, яна не можа збіраць подпісы, ну ў прынцыпе на гэтым як бы апазіцыя ўдзел у выбарчай кампаніі і скончыла. Наперадзе яшчэ два  месяцы барацьбы, ну і ў гэты час апазіцыя сядзела б дома, піла б каву і сацыяльных сетках толькі выказвала сваё абурэнне. Сэнс удзелу апазіцыі ў гэтых выбарах палягае ў тым, каб паказаць грамадству, што апазіцыя ўсё яшчэ існуе.

 

РР: А ці могуць улады менавіта пад выбары выпусціць палітвязняў і тым самым як бы дапамагчы Еўропе прызнаць вынікі?

 

Валер Карбалевіч: Цяжка казаць, прагнозы наконт вызвалення палітвязняў – гэта самая цяжкая рэч таму, што тут усё залежыць ад логікі і мышлення аднаго чалавека, а яго пралічыць, нават ведаючы па якім правілам ён дзейнічае, вельмі цяжка.

 

РР: Плошча ў гэтым годзе таксама малаверагодная? Хаця з’яўляюцца ўжо нейкія ўлёткі невядома ад каго, што яна будзе ўсё ж такі. Валерам Карбалевіч: Я думаю, што ніхто з рэальных палітычных сіл, з рэальных кандыдатаў у прэзідэнты, не заклікае сёння выходзіць на Плошчу. Не гаворыць пра Плошчу ўвогуле і таму чакаць нейкіх масавых акцый пратэсту ці нават не масавых я б не стаў. Я думаю, што Плошчы не будзе, а калі не будзе, то і не будзе вялікага разгону, і значць не будзе новых палітвязняў.

 

РР: То бок вы бачыце ў гэтым і нешта пазітыўнае?

 

Валер Карбалевіч: Калі палітвязні ёсць, то нічога добрага тут няма. Ну а калі так, то не будзе рэзкай рэакцыі з боку ЗША і Еўрапейскага Звяза. Менавіта па гэтай прычыне гэтыя выбары не шмат паўплываюць на адносіны з Захадам. РР: У той жа час нельга выключаць нейкія экстраардынарныя падзеі, што немагчыма спрагназаваць, як было з тым жа Майданам у Кіеве. Мала хто чакаў такога выніку.

 

Валерам Карбалевіч: Ну бачыце, экстраардынарныя падзеі таму яны і экстраардынарныя, што яны не прагназуюцца.

 

Так ацэньвае бягучую сітуацыю з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі палітолаг, першы эксперт аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Валер Карбалевіч. Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду будзе доўжыцца да 21 жніўня.

 

Беларускае Радыё Рацыя