Датэлефанавацца ў турму магчыма. А вось пагутарыць пра ўмовы ўтрымання вязняў — не. Праваабаронцы тут не самыя жаданыя суразмоўцы.
КРЫСЦІНА ШАЦІКАВА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Гэта аўтаадказнік, людзі не падымаюць слухаўкі, усё магчымае, каб не адказваць на непажаданыя пытанні. І якраз-такі ў гэтых калоніях мы назіраем самыя жорсткія рэпрэсіі».
У магілёўскіх вязніцах застаюцца 10 асуджаных фігурантаў справы 19 снежня. Сярод іх і два экс-кандыдаты — Дзмірый Вус і Мікалай Статкевіч. А за сценамі вось гэтай, калоніі № 15, адбывае пакаранне Зміцер Бандарэнка, давераная асоба іншага экс-кандыдата — Андрэя Саннікава.
УЛАДЗІМІР КРАЎЧАНКА, МАГІЛЁЎСКІ ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР:
«Стаўленне да людзей бесчалавечнае, адносіны не як да людзей, а як да жывёлы, якую пазбавілі свабоды. На шмат якіх фермах Рэспублікі Беларусь жывёла жыве лепей, чым вязні гэтых калоніяў».
Турбуюць праваабаронцаў не толькі ўмовы ўтрымання. Два прозвішчы ў спісе зняволеных, што адбываюць пакаранне на Магілёўшчыне, выкрасленыя. Гэта памілаваныя Алег Гнедчык і Андрэй Пратасеня. Агулам на волю выйшлі 13 «дзекабрыстаў», памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам. Але не ўсе яны пагадзіліся пісаць просьбы на імя кіраўніка краіны без ціску.
КРЫСЦІНА ШАЦІКАВА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Ва ўсіх вязняў сітуацыя такая: тыя, хто не падпісваюць прызнання сваёй віны і, прабачце, ганебнага прашэння аб памілаванні без віны, тых тым ці іншым чынам рэпрэсуюць у залежнасці ад той палітычнай вагі, якую ён займае у грамадстве».
Магілёўскія праваабаронцы, якія ў жніўні аб’ядналіся ў Грамадскі абласны камітэт салідарнасці з палітычнымі зняволенымі, збіраюцца штодня тэлефанаваць у калоніі вобласці, пакуль не атрымаецца паразмаўляць з усімі кіраўнікамі карных установаў.
АЛЯКСЕЙ КОЛЧЫН, КААРДЫНАТАР КАМІТЭТУ:
«Пакуль апошні палітвязень не выйдзе, мы не мусім расслабляцца. Больш за тое, і пасля гэтага нам не варта расслабляцца, бо ўмовы, у прынцыпе, не змяняюцца».
Як і не змяняецца той факт, што праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі не маюць доступу да поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца за кратамі. Даведвацца пра ўмовы ўтрымання і стаўленне да вязняў застаецца толькі з лістоў зняволеных ды сведчанняў іхных сваякоў.
Вольга Жарнасек, «Аб’ектыў»