Увесь свет сочыць за тымі падзеямі, якія разгортваюцца на заходніх межах Беларусі. Натоўпы мігрантаў з краін Азіі і нават Афрыкі спрабуюць штурмам прарвацца праз мяжу і аказацца ў “Эдэме XXI стагоддзя”. Але як назваць гэта ўсё бязладдзе, якое адбываецца на вачах у абуранай грамадскасці? Назва ёсць і як бы банальна гэта не гучала – гэта вайна. Вайна без скідання бомбаў, удараў танкавых калон, штыкавых атак і кулямётных чэргаў, дзе галоўнай зброяй выступаюць самі людзі.
І хто ж вядзе гэтую вайну, супраць каго і навошта?
Карціна са СМІ дэманструе няшчасных бежанцаў, якія самі прыбылі да мяжы і ўсяго толькі спрабуюць выратаваць сябе ад войн і нягод, якія чакаюць іх на радзіме. Але калі прыглядзецца больш уважліва, то акажацца, што наладжаны цэлы трафік нелегальных мігрантаў, а да мяжы іх суправаджаюць і нават дапамагаюць яе незаконна пераадолець сілавікі, якімі кіруе Лукашэнка.
Але навошта яму ўсё гэта патрэбна? На першы погляд пэўны сэнс ў гэтага ёсць. Па-першае, гэта проста бізнэс. Ну а па-другое, Лукашэнка падвышае стаўкі, жадаючы пасадзіць заходнія краіны за стол перамоваў, маючы ў рукаве хоць нейкія моцныя карты. Бо ў яго практычна няма ніякіх рэсурсаў для ціску на Захад, ён спрабуе так проста па-бандыцку шантажаваць сваіх контрагентаў па будучых перамовах. Мэта самаабвешчанага прэзідэнта простая: зняць як мага больш санкцый, атрымаць хаця б нейкае прызнанне на міжнароднай арэне і карт-бланш для дзеянняў унутры Беларусі. Можна заўважыць, што гісторыя з мігрантамі гэта ўжо практычна адчайны крок з яго боку, бо пасадзіць за стол перамоваў Захад набіраючы як раней заложнікаў у выглядзе палітвязняў і абменьваючы потым іх на зняцце ціску, у дадзеным выпадку ўжо не спрацоўвае.
Здаецца адказ знойдзены, хто за гэтым стаіць і навошта яму гэта патрэбна. Але давайце прыгледзімся яшчэ больш уважліва. Выгады для Лукашэнкі не такія ўжо відавочныя. Гэта хутчэй нагадвае гульню ва-банк, блеф шулера, у якога на руках не тузы, а ў лепшым выпадку шасцёркі. І калі б дыктатар лепш вывучыў матчастку, то зразумеў бы, што шантаж бандытаў і тэрарыстаў практычна ніколі не спрацоўвае, бо людзі, якія з імі змагаюцца, заўсёды ведаюць, з кім маюць справу і не паддаюцца на такія танныя хітрыкі. Часцей за ўсё яны наадварот ідуць па шляху супрацьдзеяння і пакарання злачынцаў, чым выканання іх патрабаванняў.
Так, што дадзеная гульня — гэта практычна гарнтаваны пройгрыш і нічым добрым для дыктатара не абернецца.
Узнікаюць новыя пытанні. Няўжо Лукашэнка захацеў яшчэ больш санкцыяў на сваю бедную галаву? І ці здольныя яго бравыя спецслужбы арганізаваць такі шчыльны паток «турыстаў» у нашу краіну? Гэтак жа як здольныя яны былі таксама самастойна арганізаваць перахоп самалёта з еўрапейскай краіны, папярэдне высачыўшы і пераканаўшыся, што на борце знаходзіцца патрэбны для гэтай спецаперацыі чалавек? Пытанне… І навошта Лукашэнка разам са старшынёй свайго памежнага камітэта лётаў у Сочы да прэзідэнта суседняй дзяржавы? А прэзідэнт гэтай суседняй дзяржавы нават склікаў свой савет бяспекі па пытанні міграцыйнага крызісу на беларускіх межах? Няўжо ён таксама ў гэтым замешаны?
У пытанні з мігрантамі Пуцін традыцыйна кажа, што яго там няма. Але, калі прыгледзецца, то свая цікавасць у Крамля ў гэтай справе таксама вызначана маецца. У выніку такой гібрыднай спецаперацыі Расія спрабуе аслабіць сваіх еўрапейскіх партнёраў, унесці разлад у іх адзінства, як унутры агульнаеўрапейскіх структур, так і паміж асобнымі дзяржавамі, а таксама ўнутры саміх краін, на якія прыйшоўся асноўны міграцыйны націск. Акрамя таго, Расія зараз стаіць перад складанай задачай: “Паўночны паток-2” хоць і дабудаваны, але патрабуе еўрапейскай сертыфікацыі з якой відавочна могуць узнікнуць праблемы. Таму Пуціну таксама неабходны рычагі ціску на Захад. Нездарма Лукашэнка нядаўна заявіў аб магчымым перакрыцці пастаўкі газу ў Еўропу, хаця відавочна, што нават чыста па тэхнічных прычынах, самому, без Расіі яму будзе зрабіць гэта праблематычна. Абвастрэнне назіраецца і на украінскім напрамку, дзе наша паўднёвая суседка падпісала з ЗША хартыю стратэгічнага партнёрства, але расійскае кіраўніцтва па-ранейшаму не збіраецца мірыцца са стратай свайго ўплыву ва Украіне.
Міграцыйны крызіс і тут можа быць прадметам дыпламатычнага гандлю з заходнімі партнёрамі.
Такім чынам, мы маем справу з адной са спецаперацый гібрыднай вайны, якую спрабуе весці Расія рукамі Лукашэнкі супраць сваіх стратэгічных супернікаў. Гібрыдная вайна – гэта від варожых дзеянняў, пры якім нападаючы бок не звяртаецца да класічнага ваеннага ўварвання, а душыць свайго апанента, выкарыстоўваючы спалучэнне схаваных спецаперацый, дыверсій, інфармацыйных і кібератак. Пры гэтым ваенныя дзеянні могуць увогуле не весціся, і з фармальнага пункту гледжання гібрыдная вайна можа працякаць і ў мірны час. Як правіла нападаючы бок ажыццяўляе стратэгічную каардынацыю сваіх дзеянняў, захоўваючы пры гэтым магчымасць адмаўлення сваёй уцягнутасці ў канфлікт.
У лютым 2013 года начальніка Генштаба Узброеных сіл Расіі Валерый Герасімаў выступіў у Акадэміі ваенных навук з дакладам, асноўныя тэзы якога потым былі апублікаваны. Заходнія эксперты паспяшаліся назваць іх «Дактрынай Герасімава». У рамках гэтай дактрыны задзейнічаецца шырокі набор неваенных метадаў і сродкаў такіх як звычайная і таемная дыпламатыя, эканамічны ціск, у тым ліку санкцыі і блакады, вядзенне інфармацыйнага супрацьборства, перавод эканомікі краіны-праціўніка на вайсковыя рэйкі, фарміраванне і дзейнасць апазіцыі ўнутры краіны-праціўніка, змена палітычнага кіраўніцтва краіны-праціўніка.
Прыкметы гібрыднай вайны, выкладзеныя ў тэзісах Герасімава, можна знайсці ў дачыненні да дзеянняў Расіі пры далучэнні Крыма і ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны. Цяпер штучны міграцыйны крызіс, арганізаваны на мяжы ЕС і Беларусі, таксама можна разглядаць як праяву гібрыднай вайны.
Але ці толькі супраць Еўразвяза яна вядзецца?
А вось тут мы падыходзім да галоўнага. Большая шкода ад гэтага крызісу, чым Захаду, наносіцца самой Беларусі. Фактычна гэта чарговы этап у разбурэнні асноў яе дзяржаўнасці, падрыве суверэнітэту, ператварэння Беларусі ў “failed state” (“дзяржава, якая не адбылася”), дзе не дзейнічае закон, а толькі права моцнага, па сутнасці ажыццяўляецца падрыхтоўка да ізаляцыі краіны.
Кожны раз на фоне дэструктыўных дзеянняў з боку рэжыму (гвалт, самалёт, мігранты), вось ужо які раз Захад узмацняе свой санкцыйны ціск. У той жа час рэжым сам разбурае дзяржаву знутры. Ідзе атака на незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасць. І ўсё гэта пры падтрымцы Расіі, якая пры вызваленні Беларусі ці то ад эканамічнай прысутнасці заходніх краін, ці то інфармацыйнай прасторы ад саміх беларускіх медыя, а таксама асяроддзя незалежных грамадскіх арганізацый замяшчае сваім уплывам.
Яшчэ пасля выбараў Пуцін абяцаў Лукашэнку ў выпадку чаго аказаць сілавую падтрымку. Таксама ў Мінск былі накіраваныя прапагандысты RT пасля сыходу ў знак пратэсту вялікай групы працаўнікоў дзяржтэлебачання Беларусі. Сакратар Савета бяспекі РФ ухваліў знішчэнне беларускай грамадзянскайсупольнасці, заявіўшы, што мэта некамерцыйных грамадскіх арганізацій памяняць уладу ў краіне. Цяпер у ходзе міграцыйнага крызісу на тэрыторыю Беларусі перакідваліся асобныя расійскія вайсковыя часткі, а ў небе нашай краіны лёталі расійскія стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі. І гэта толькі бачныя праявы ўзмацнення расійскага ўплыву ўнутры Беларусі, а колькі яшчэ застаецца па-за межамі ўвагі грамадскасці? І ўсё гэта адбываецца на фоне падпісання інтэграцыйных дарожных мапаў, змест якіх, да гэтага часу так і не быў агучаны.
Такім чынам, міграцыйны крызіс уяўляе хутчэй больш значную пагрозу для самой Беларусі і яе грамадзян, чым для еўрапейскіх дзяржаў. Крызіс спрыяе разбурэнню нашай дзяржаўнасці і вядзе да гуманітарных праблем унутры краіны, далейшага паслаблення суверэнітэту Беларусі.
Аўтар — Пётр Жылінскі.