Маладым спэцыялістам прапаноўваюць працаўладкавацца ў праваахоўныя органы. Прычым незалежна ад спэцыяльнасьці, па якой яны навучаюцца. Міліцыя вабіць заробкам у $280 і поўным сацпакетам, паведамляе generation.by

Паводле інфармацыі Эўрапейскага радыё для Беларусі, міліцыя працягвае шукаць супрацоўнікаў ва ўсіх магчымых месцах. На добрых кандыдатаў сыходзяць выпускнікі пэдагагічных і гістарычных факультэтаў, найперш, платнікі.

Паводле кіраўніцтва беларускіх праваахоўных органаў, працу знойдуць літаральна кожнаму выпускніку («мы ж не ў адсталым стагодзьдзі жывем!»), які згодзіцца на заробак у $280 (першыя 3–4 месяцы) і пагоны, магчыма нават, афіцэрскія:

«Калі ён вучыцца ў пэдагагічным унівэрсытэце, ён выкладчык геалёгіі, фізык — не важна, то для працы ў інспэкцыі па справах непаўналетніх ён можа падысьці. Калі ён сканчае ВНУ па электроніцы, нешта зьвязанае з кампутарамі, электратэхнікай, то ў нас ёсьць і кампутары — мы ж не ў адсталым стагодзьдзі жывем!» — заявіў Эўрарадыё камандзір роты сталічнага палка патрульна-паставой службы.

«Зразумела, калі гісторык, то ў крымінальны вышук мы яго ня возьмем. Але разглядаем прапановы ўсе».

У міліцыю запрашаюць найперш студэнтаў-платнікаў. Маўляў, у астатніх разьмеркаваньне і няма праблем з уладкаваньнем. А тут табе і праца, і поўны сацпакет, і, калі патрэбна, інтэрнат з прапіскай. Спачатку давядзецца пахадзіць у патрулі па вуліцах, падумаць — ці пасуюць табе, настаўніку ці айцішніку, міліцэйскія пагоны.

Беларуская міліцыя даўна жыве ў пэрманэнтным штатным некамплекце. Пакуль у Акадэмію міліцыі бяруць літаральна ўсіх жадаючых — на сьледча-экспэртным факультэце Акадэміі МУС прахадны бал у гэтым годзе быў у раёне 170–180 балаў (гэта сума 4-х адзнакаў па стобальнай шкале) — міліцыя працягвае змагацца са злачынствам, рассылаючы «лісты шчасьця» будучым меркаваным гісторыкам і пэдагогам.

generation.by