У Бабруйску, дзякуючы «Нашаму Дому», адбылася падзея. Чыноўнікі наведалі адзін з дамоў горада, каб распавесці пра капрамонт. Цягам двух гадоў мы дамагаліся актывізацыі грамадзян. І рабілі гэта практычнымі дзеяннямі і дробнай дапамогай. У выніку, грамадзяне самі пажадалі дапамагчы сабе. Сарганізаваліся, назбіралі подпісы і адправілі ў адпаведныя структуры.

І вось, 15 сакавіка прадстаўнікі ўлады правялі сход. Прычым удзельнічалі жыхары двух дамоў. Нумар 63 і 61 па вуліцы Мінскай. (Аказалася, што рамантаваць будуць два дамы). Сход праводзілі ля 63-га дома, бо ў ім адрамантуюць крыху болей. Удзел у ім прыняло каля 30 жыхароў. А распавядалі ім пра ўсё тры прадстаўнікі камунальных служб. Нажаль, імёны іх нам невядомыя. Бо, напрыклад, адзін з іх узбурыўся, калі мы пачалі фатаграфаваць.

Аднак, размова працягнулася. Стала вядома, што адрамантуюць усе асноўныя хібы дамоў. Заменяць трубы ў сутарэннях, а таксама стаякі. Пазамазваюць міжплітавыя швы, заменяць вокны ў пад’ездах… Але ж не адрамантуюць дахавае крыццё. Таксама ўцяпляць сцены дамоў. Але не паўсюль, а толькі з тарцоў. Усё ж гэта перамога. Прайшло больш як 50 год пасля будаўніцтва дома. І жыхары дамагліся капрамонта.

«Нашдомаўцам» жа прыемна. Менавіта мы ўзбудзілі ў грамадзянах прагу да лепшага. Цяпер гэтая прага здаволіцца.

Герасім Верабей, «Наш Дом»
[email protected]