Сьнегавы шторм, што абрынуўся на Беларусь, спарадзіў шмат змрочных жартаў у Байнэце. У прыватнасьці, на інтэрнэт-форумах і ў сацыяльных сетках багата здзекаў над міліцыяй – у тым рэчышчы, што вось самы час ім заняцца карыснай справаю. «Ну што, хто там у 2010 годзе ганарыўся тым, што расчысьціў плошчу за 7 хвілін? Наперад!» – пісаў у Фэйсбуку адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
«Сьнег са сталіцы будзе раставаць да восені», – такі прагноз зьмясьціла «Еўрарадыё». Газета «Наша ніва» паведамляе, што дзясяткі вёсак застаюцца адрэзанымі ад транспартных камунікацый, «на дарогах застаецца кінуты транспарт, няма падвозу прадуктаў».
Варта адзначыць, што ў складанай сітуацыі нашы суграмадзяне правыяўлялі добрыя чалавецкія якасьці.
«У бальшыні двароў Менску назіралася карціна “масавага яднаньня”: узброеныя рыдлёўкамі мужчыны дружна варочалі сьнег. За ўчорашні дзень унутраныя тэрыторыі аказаліся цалкам блякаванымі. Адна са слухачак “Свабоды” налічыла ў сябе пад вокнамі 56 чалавек, якія дапамагалі дворнікам», – адзначае Ігар Карней на радыё «Свабода».
А «Наша ніва» публікуе расповед чытача: «Людзі перадавалі дзіця з машыны ў машыну, каб яно не замерзла». Іншы чытач зазначыў у каментарах: «У экстрэмальных умовах людзі могуць быць не чужымі адзін аднаму».
Зьміцер ЛІХТАРОВІЧ