У Менску 1 лютага прайшла 4-ая цырымонія ўзнагароджання прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Імпрэза адбылася у памяшканні галерэі Ў. У большай зале ўлады адмовілі арганізатарам. У межах прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці 2012” былі ўганараваны найбольш значныя асобы, арганізацыі і падзеі, якія былі знакавымі і значнымі для развіцьця айчыннага няўрадавага сэктару.

Пераможцы былі вызначаныя па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі (44 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 25 спэцыяльна запрошанымі экспэртамі зь ліку лідэраў НДА ды мінулагодніх пераможцаў прэміі.

На пачатку цырымоніі выступіў Сяргей Мацкевіч з прапановай узгадаць тых, хто ўшлі ад нас у прошлым годзе. Пасля гэтага вядучыя пачалі абвяшчаць намінацыі. Першай была за крэатыў года. У ёй былі прадстаўлены арт-акцыя “Прамень Сонца”, бамбардаваньне Беларуcі плюшавымі мядзьведзяняткамі, акцыя “Игрушко протестуэ”. Пераможцам абралі “плюшавы дэсант”. Швецкія рэкламісты – арганізатары акцыі запісалі спецыяльны відэазварот з цёплымі словамі для беларускай аудыторыі нават часткова на беларускай мове.

Наступнай была намінацыя адмова года — пра тых, каму не ўдалося легалізавацца, а гэта былі: адмова размяшчэньня культурнай пляцоўкі Арт-сядзіба ў трох памяшканьнях, адмова Міжнароднага адукацыйнага цэнтру ў памяшканьні для правядзеньня Кангрэсу Асамблеі, Рэспубліканскае грамадскае аб’яднаньне “Краёвае згуртаваньне літвінаў” (міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі ў сувязі з тым, што сярод метадаў дзейнасьці арганізацыі было пазначанае правядзеньне трэнінгаў, што згодна з – гэта быў першы выпадак, калі Кодэкс аб адукацыі стаўся падставай для адмовы ў рэгістрацыі), цэнтр вывучэньня сучаснай рэлігійнасьці (арганізацыі неаднаразова адмоўлена ва ўзгадненьні назвы падчас спробаў рэгістрацыі ў якасьці ўстановы). Тут “уганаравалі” Арт-сядзібу.

У намінацыі рэгістрацыя году ўдзельнічалі не Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч, як пажартавалі вядучыя, а недзяржаўная інфармацыйна-кансультацыйная ўстанова “Шэгамедкансульт” (заснавальнікам неаднаразова безпадстаўна адмаўлялі ва ўзгадненьні назвы, працэдура ўзгадненьня назвы была зробленая толькі пасьля абскарджваньня ў міністэрства юстыцыі), сацыяльна-інфамацыйная ўстанова пэнсіянэраў “Другі подых” (зарэгістравана пасьля таго, як неаднаразова было адмоўлена ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню пэнсіянэраў, пры гэтым назва ўстановы мае прыкметы назвы аб’яднаньня грамадзянаў), некамерцыйныя арганізацыі спартовага покеру, напрыклад, у 2012 годзе Мясцовы спартовы фонд “Крычаўская ліга спартовага покеру” ды Грамадзкае аб’яднаньне “Клуб спартовага покеру “Кінг Покер Клуб” (найбольш масавы накірунак дзейнасьці для новых фондаў і грамадскіх аб’яднанняў у апошнія два гады гады), прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова “Платформ Інавэйшн” (зарэгістравана адразу пасьля ліквідацыі зь ініцыятывы дзяржаўных органаў установы “Платформа”, што плённа займалася абаронай правоў асуджаных). Пераможцам вызначылі “Платформ Інавэйшн”.

Наступнай была намінацыя месца грамадзкай супольнасці. У ёй удзельнічалі творчая пляцоўка «Арт Сядзіба» (Менск), новая Сядзіба БНФ (Менск), студыя 38 на Нававіленскай (Менск), офіс праваабарончага цэнтру “Вясна” (Менск). Перамог офіс праваабарончага цэнтру “Вясна”.

У намінацыі рэгіянальная падзея года бралі удзел кампанія «Наш транспарт» (Брэст), справаводзтва па-беларуску, кампанія супраць разгортваньня вытворчасьці шкловаты ў горадзе Бярозаўка, дзень паўстанцаў 1863 года ў Сьвіслачы, стварэньне структураў незалежных прафсаюзаў на прадпрыемстве “Граніт” (Мікашэвічы), кампанія супраць пабудовы тэхнапарку пад Смалявічамі, кампанія супраць зносу дома, у якім жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі (Горкі), кампанія супраць пабудовы завода беленай цэлюлозы ў Сьветлагорску. Перамог незалежны прафсаюз “Граніт” (Мікашэвічы).

У намінацыі новая ініцыятыва году былі прадстаўленыя міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, Клірінг Хаўз, Нацыянальная гендэрная платформа, Аналітычны беларускі цэнтр, марафон салідарнасьці “Свабоду палітвязьням”, палітычны Медыябарометр BISS. Перамог марафон салідарнасці “Свабоду палітвязням”.

У намінацыі кампанія году на ўзнагароду прэтэндавалі кампанія ў абарону музыкаў, што патрапілі ў чорныя сьпісы “Рок-салідарнасьць”, “Будзьма разам!”, кампанія ў абарону балот, У “Беларусь і Эўропу – без візы!”, кампанія МГА «АКТ» у падтрымку мэханізма дзяржаўнай сацыяльнай замовы, Беларуская антыядзерная кампанія, “Не гуляй з дыктатарам!”, Марафон салідарнасьці “Свабоду палітвязьням”. Перамагла Беларуская антыядзерная кампанія, яе прадстаўнік – Мікалай Уласевіч таксама супрацоўнічае з “Нашым Домам”.

І апошняй была намінацыя грамадзкі лідэр года, дзе вызначыліся Андрэй Бандарэнка, Валер Булгакаў, Уладзімір Мацкевіч, Тацьцяна Новікава, Наста Палажанка, Андрэй Пачобут, Ігар Случак, Ганна Шапуцька. У ёй выбралі нават двух пераможцаў – Валера Булгакава і Андрэя Пачобута.

На прыканцы вядучыя выявілі надзею, што наступнае ўганараванне пройдзе ў Палацы Рэспублікі. Імпрэза, якую наведалі і прадстаўнікі “Нашага Дому” скончылася неафіцыйнай часткай.

Наталля ЛЯОНАВА