15 лакальных міні-кампаній правялі актывісты гомельскага блока «Навабеліца», якія падтрымліваюць вылучэнне сябра Руху «За Свабоду» Галіны Краўчанкі. За чатыры месяцы дзейнасці кампаніі атрымалася прыбраць будаўнічае смецце са школьнага стадыёна, зрабіць бяспечнымі некалькі дзіцячых пляцовак і дамагчыся іншых карысных зменаў для жыхароў раёна Навабеліца. Галіна Краўчанка перакананая, што толькі малымі справамі магчыма заваяваць сімпатыі грамадзянаў.

Галіна Краўчанка:

— Кантактуючы з выбарцамі, збіраючы подпісы ад дзвярэй да дзвярэй, мы заўважылі, што людзі насамрэч пазнаюць нашую кампанію. Можа быць, яны да канца не звязваюць тое, што, напрыклад, былі прыбраныя будаўнічыя матэрыялы са школьнага стадыёна з дзейнасцю нашай кампаніі «Навабеліца». Але пазітыўныя зрухі і пазнавальнасць сярод жыхароў ёсць. Акрамя таго, ужо на гэтым этапе да нашай каманды далучыліся некалькі новых людзей. Яны гатовыя з намі супрацоўнічаць і пасля выбараў.

Галіна Краўчанка балатуецца ў парламент па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36. У 2012 годзе, падчас парламенцкіх выбараў, у гэтай акрузе грамадзяне не прагаласавалі за безальтэрнатыўнага кандыдата ад праўладнай партыі ЛДПБ.

Адзін з каардынатараў кампаніі «Навабеліца» Андрэй Аксёнаў адзначае, што яго каманда не мае ілюзіяў адносна выбараў у Беларусі.

Андрэй Аксёнаў:

— Мы выдатна разумеем, у якіх умовах праходзяць так званыя выбары, але наш прэтэндэнт выгадна адрозніваецца ад многіх кандыдатаў. Па розных прычынах вылучэнцы звычайна абмяжоўваюць сваю дзейнасць зборам подпісам, сустрэчамі з людзьмі і агучваннем лакальных праблемаў. Яны абяцаюць выбарцам вырашыць тую ці іншую праблему ў выпадку абрання, але на гэтым іх камунікацыя з людзьмі завяршаецца. Нашая кампанія застаецца ў Навабеліцы і мы будзем працаваць далей.

Андрэй Аксёнаў заяўляе, што чальцы каманды блока «Навабеліца» могуць сябе лічыць народнымі дэпутатамі, паколькі эфектыўнасць іх работы на карысць грамадзянаў куды вышэйшая за так званых дэпутатаў парламента.

Актывіст «Навабеліцы» і прэтэндэнт у дэпутаты Гомельскага гарсавета Іван Марозька падчас шматлікіх сустрэчаў з выбарцамі заўважыў, што людзі ў асноўнай масе перасталі верыць уладам.

Іван Марозька:

— Калі прыходзіш да выбарцаў як прадстаўнік грамадзянскай кампаніі, якая рэальна працуе, то гэта знаходзіць водгук. Трэба закранаць пытанні, якія хвалююць грамадзянаў, размаўляць з імі на зразумелай мове. Тады яны пачынаюць верыць у перамены ў лепшае.

Да 20 лютага будзе прынятае рашэнне адносна рэгістрацыі Галіны Краўчанкі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. 23 сакавіка у гомельскім раёне Навабеліца адначасова адбудуцца і мясцовыя выбары, і перавыбары ў парламент.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель